Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

У 1964 годзе на Беларускай Свабодзе адбыліся некаторыя кадравыя зьмены. Ад пачатку году ў бюро Радыё Свабода ў Нью-Ёрку пачала працаваць паэтка Натальля Арсеньнева, якая брала ўдзел у падрыхтоўцы тыднёвых паўгадзінных праграмаў, а таксама займалася ў бюро справаводзтвам і ліставаньнем. Увосень гэтага году тамсама, у нью-ёркскім аддзеле зьявілася новая сьпікерка — Зоя Каліноўская (Зора Кіпель). У структуры праграмаў зьявілася новая перадача — адказы на лісты слухачоў, што адразу выклікала рэакцыю ў савецкім друку. Там пачалі зьяўляцца абвінавачаньні ў фальсыфікацыі і ў фабрыкаваньні лістоў ад слухачоў, якіх нібыта насамрэч не існавала. Аднак актыўныя контрапрапагандысцкія захады савецкіх ідэолягаў прынамсі ўскосна сьведчылі пра цікавасьць жыхароў падсавецкай Беларусі да заходніх радыёгаласоў.
Ян Запруднік

Ян Запруднік

Сёньня мы працягнем тэму, распачатую ў адной з папярэдніх перадачаў і пагаворым пра мову Беларускай Свабоды. Якога моўнага стандарту трымаліся супрацоўнікі Свабоды? Распавядае вэтэран нашага радыё Ян Запруднік:

«Мы ад самага пачатку карысталіся вымаўленьнем традыцыйным. Тым, што цяпер называюць тарашкевіцай. І пытаньні мовы ў прынцыпе не стаялі войстра, хоць час ад часу былі разыходжаньні што да таго ці іншага тэрміну. Гэта асабліва зьвязана з тым, што я мусіў у Нью-Ёрку, таксама як і часткова ў Мюнхене, карыстацца англамоўнымі матэрыяламі, пішучы рэпартажы пра падзеі ў Амэрыцы, пра Аб’яднаныя Нацыі, артыкулы-камэнтары амэрыканскага друку. Даводзілася перакладаць з ангельскай мовы і не заўсёды было ясна, які тэрмін у беларускай мове будзе найлепш падыходзіць. Пагатоў, што паміж нашай мовай і мовай савецкай Беларусі разыходжаньні былі вялікія».

Ян Запруднік працягне расказваць пра мову Свабоды крыху пазьней, а зараз — аўтэнтычны эфір 1964 году:


***
Год 1964 у сьвеце

Палітыка

Нэльсан Мандэла засуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне. — Мікіта Хрушчоў адхіляецца ад улады, савецкім прэм’ерам становіцца Касыгін, першым сакратаром ЦК КПСС — Брэжнеў. — Франсуа Дзювалье абвяшчае сябе пажыцьцёвым прэзыдэнтам Гаіці. — Незалежнасьць абвяшчаюць Малаві, Паўночная Радэзія, Замбія і Бэліз. — Кітай праводзіць выпрабаваньне сваёй першай атамнай бомбы.

Навука

Амэрыканскі спадарожнік Ranger VII робіць больш за 4000 здымкаў паверхні Месяца. — Упершыню выяўлена, што курэньне тытуню спрычыняе рак.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная францускаму пісьменьніку Жану-Полю Сартру. Ляўрэат ад прэміі адмовіўся. Выходзяць раманы «Перасоўнае сьвята» Эрнэста Гэмінгуэя.

Папулярная музыка

У Каліфорніі зьяўляюцца псыхадэлічныя гурты The Grateful Dead i Jefferson Airplane — носьбіты контаркультуры 1960-х. Beatles заваёўваюць Амэрыку. Гіты 1964 году: The Beatles/I Want To Hold Your Hand The Animals / The House Of The Rising Sun

***

А зараз далей пра мову Свабоды. Ян Запруднік распавядае пра разыходжаньні ў поглядах на мову, якія заўважыліся ў працы радыё ў 1960-я гады:

«Прынцыповыя разыходжаньні паўсталі пазьней. Пачатак разыходжаньняў прынцыповых быў пакладзены ў выніку таго, што ў Мюнхен паехаў зь Нью-Ёрку дараднікам да беларускай і украінскай рэдакцыяў амэрыканец канадзкага паходжаньня з украінскага роду Дзякоўскі, які беларускай мовы ня ведаў. Ён гаварыў ламанай украінскаю моваю. І ён пачаў дамагацца, каб мы пачалі карыстацца моваю савецкага друку. Гэта была мова даступная для яго. Ён глядзеў на артыкулы ў газэце „Зьвязда“, „Чырвоная Зьмена“, „Літаратура і Мастацтва“ і бачыў, што ў нашых перадачах мова савецкіх газэтаў выкарыстоўваецца далёка не заўсёды. І на гэтай аснове ён пачаў ціснуць на тое, каб мы вымаўлялі і карысталіся тэрмінамі савецкіх газэтаў. На гэтай глебе паўсталі канфлікты. Пасьля яны завайстрыліся, калі прыехаў у Мюнхен на месца Дзякоўскага іншы ўкраінец, Мікола Гэрус. На месцы Цьвіркі прыйшоў Сяднёў. Сяднёў быў больш пакладзісты ў сэнсе саступак на карысьць савецкага вымаўленьня, зрусыфікаванага вымаўленьня. І на гэтай глебе паміж Нью-Ёркам і Мюнхенам пастаў даволі востры канфлікт. Мы ў Мюнхене, маючы на сваім баку дарадніка нямецкага паходжаньня амэрыканца Бурбэля і аўтарытэт Адамовіча і Станкевіча, баранілі свае пазыцыі. І на гэтай глебе ў нас былі зь Сяднёвым даволі напружаныя сустрэчы».

***
1964 ГОД У БЕЛАРУСІ
Іван Чыгрынаў, Іван Пташнікаў, Валянціна Пташнікава, Барыс Сачанка. 1964 г.

Іван Чыгрынаў, Іван Пташнікаў, Валянціна Пташнікава, Барыс Сачанка. 1964 г.

• У Менску адкрыты Радыётэхнічны Інстытут.
• Заснаванае Беларускае таварыства культурных сувязяў з суайчыньнікамі за мяжою.
• На тэрыторыі Беларусі (пад Рэчыцай) адкрытыя першыя прамысловыя радовішчы нафты.
• У вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёну адкрыты літаратурны музэй Кузьмы Чорнага.
• Менскі аўтазавод выпусьціў 200-тысячны аўтамабіль.
• У Маладэчне адкрыты Менскі абласны краязнаўчы музэй.

***

У сёньняшняй перадачы мы працягваем тэму беларускай мовы ў эфіры Радыё Свабода. Ці былі спробы выпрацаваць нейкія агульнарэдакцыйныя правілы, нейкі стандарт, якога б прытрымваліся супрацоўнікі радыё? Ян Запруднік працягвае...

«Мы гаварылі пра гэта ў лісьце да Цьвіркі ў верасьні 1962 году. Я пісаў, што „над сэрыяй скрыптаў аб правапісе трэба будзе падумаць. Адамовіч згаджаецца, што гэта мэтазгодна, і што можна будзе зрабіць“. Але сэрыі скрыптаў такіх не было. Хоць у Адамовіча была такая кароткая сэрыя гутарак пра літаратуру. Да моўных пытаньняў ён не дайшоў. Неяк гэтая сэрыя абарвалася, напэўна Мюнхен быў ня надта прыхільны да такіх перадачаў. Наагул, моўныя асаблівасьці, асаблівасьці нашай мовы, у сэнсе адрознасьці ад стандартызаванай мовы БССР, былі».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Фрагмэнт музычнай перадачы 1964 году...

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG