Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: Украіна можа стаць сябрам Эўразьвязу праз 10 гадоў


Пётр Парашэнка

Пётр Парашэнка

Украіна можа быць сябрам Эўрапейскага зьвязу ў 2025 годзе, яна павінна захаваць сваю цэласнасьць, а Крым у Расеі нельга забраць сілай — такія заявы зрабіў кандыдат у прэзыдэнты Пётр Парашэнка, выступаючы ў эфіры 5-га канала 30 сакавіка.

«Я не сумняюся, што за дзесяць-адзінаццаць гадоў, у 2025 годзе, Украіна можа стаць сябрам Эўрапейскага зьвязу. Сёньня ў Эўропе захапляюцца мужнасьцю ўкраінскіх герояў і ёсьць нават адчуваньне, што Эўропа абавязаная Ўкраіне. Гэтым абавязкова трэба скарыстацца. Гэтае акно магчымасьцяў будзе адкрытае нядоўга», — заявіў Парашэнка.

Паводле Пятра Парашэнкі, з Расеяй трэба весьці празрыстыя перамовы наконт Крыма, але забіраць паўвыспу «сілай» нельга:

«Крым трэба забіраць розумам. Праблему Крыма хутка ня вырашыш, праблему Крыма трэба вырашаць у плоскасьці бясьпекі, праз міжнародную салідарнасьць, праз складаньне адпаведных рашэньняў, у эканамічнай сфэры — праз прымяненьне санкцый, каб матываваць Расею выйсьці на эфэктыўны рэжым перамоваў».

Парашэнка лічыць, што Ўкраіна мусіць перамагчы Крым «эканамічна» і прадэманстраваць, што на матэрыковай частцы больш дэмакратыі, свабоды і магчымасьцяў зарабляць.
XS
SM
MD
LG