Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Майдане разьбяруць частку барыкадаў


Старшыня Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі Уладзімір Бандарэнка заявіў сёньня, што частка барыкадаў на майдане Незалежнасьці будзе зьнятая. Паводле яго словаў, барыкады не разьбіралі, паколькі праводзіліся сьледчыя дзеяньні. Бандарэнка таксама паведаміў, што абмяркоўваецца пытаньне аб перайменаваньні часткі вуліцы Інстытуцкай ў вуліцу Герояў Нябеснай сотні, паведамляе «Украінская праўда».

У цэнтры Кіева на майдане Незалежнасьці сёння тысячы людзей сабраліся на малітоўнае веча, на якім ушанавалі памяць загінулых падчас трагічных падзей 18-20 лютага. Ахвярамі сутыкненьняў пратэстоўцаў зь міліцэйскім спецназам у цэнтры Кіева сталі, па афіцыйных дадзеных, 103 чалавекі, больш за паўтары тысячы пацярпелі.

Як адзначае карэспандэнт Радыё Свабода, на фоне актывізацыі перадвыбарчай кампаніі ў Кіеве памінальнае набажэнства па ахвярах Майдану прайшло без палітыкаў. У нядзелю ў поўнач завяршаецца прыём дакумэнтаў у Цэнтрвыбаркаме Украіны ад прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду. Іх ужо больш за дваццаць. Датэрміновыя выбары прызначаныя на 25 траўня.

У Днепрапятроўску сёньня некалькі тысячаў фанатаў футбольных клюбаў «Дняпро» (Днепрапятроўск) і кіеўскага «Дынама» правялі марш у падтрымку адзінай Украіны. Як перадае «Інтэрфакс- Украіна», яны ўшанавалі памяць «Нябеснай сотні», выканалі гімн Украіны і калёнай прайшлі па цэнтры горада.

Сёньня ж у цэнтры Данецку прайшоў мітынг з патрабаваньнем правесьці рэфэрэндум аб статусе Данбасу. Паведамляецца, што некалькі соцень чалавек з расейскімі сьцягамі перакрылі пад’езды да чатырох пэронаў чыгуначнага вакзала ў Данецку.
XS
SM
MD
LG