Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна прапануе Расеі даць незалежнасьць суб'ектам і зрабіць украінскую дзяржаўнай мовай


«Павучальны і ультыматыўны тон» апошніх заяваў міністра замежных спраў Расеі сьведчыць аб тым, што Маскве як сапраўднаму агрэсару зусім ня трэба ніякага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне, заявіла ў нядзелю Міністэрства замежных спраў у Кіеве.

Пад дуламі сваіх аўтаматаў гэты агрэсар патрабуе толькі аднаго — поўнай капітуляцыі Украіны, яе расколу і зьнішчэньня ўкраінскай дзяржаўнасьці, гаворыцца ў камэнтары МЗС з нагоды заяваў Лаўрова, зь якімі ён выступіў у гэты дзень на расейскім тэлебачаньні і высунуў Украіне ўмовы фэдэралізацыі, другой дзяржаўнай мовы, рэфэрэндумаў і г. д.

Як гаворыцца ў камэнтары дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі МЗС, «хацелі б прапанаваць расейскаму боку, перш чым дыктаваць свае ультыматыўныя ўмовы сувэрэннай і незалежнай краіне, зьвярнуць увагу на катастрафічны стан і поўнае бяспраўе ўласных нацыянальных меншасьцяў, у тым ліку ўкраінскай».
У Расеі, якая мае афіцыйную назву Расейская Фэдэрацыя, рэгіёны маюць значна менш паўнамоцтваў, чым Аўтаномная рэспубліка Крым у складзе Ўкраіны.

Зьвяртаючыся да Масквы, Кіеў прапануе: «Чаму б Расеі не напоўніць фэдэралізм, які, дарэчы, зафіксаваны ў афіцыйнай назьве дзяржавы, рэальным, а ня толькі дэкляратыўным зьместам? Чаму б ня даць больш паўнамоцтваў нацыянальным суб’ектам фэдэрацыі, разьвіцьцё якіх душыцца сёньня гэтак жа строга, як душылася і ў царскія, і ў савецкія часы? Чаму б ня ўвесьці іншыя, акрамя рускай, дзяржаўныя мовы, у тым ліку ўкраінскую — мову мільёнаў грамадзянаў Расеі? Чаму б не дазволіць правесьці рэфэрэндумы аб шырокай аўтаноміі, а ў выпадку неабходнасьці, і аб незалежнасьці, у нацыянальных суб’ектах фэдэрацыі?»

Пры гэтым у МЗС кажуць, што разумеюць: гэтыя пытаньні — рытарычныя: «Нават сама думка пра іх у сёньняшняй Расеі будзе строга падаўлена, а ў выпадку спробы яе рэалізацыі — такія дзеяньні, як гэта было на Паўночным Каўказе, будуць патопленыя ў крыві».

«На жаль, нічога не зьмянілася ў Расеі з тых часоў, калі вялікі Тарас Шаўчэнка пісаў пра яе: „Ад малдаваніна да фіна на ўсіх мовах ўсё маўчыць...“. Ня трэба павучаць іншых. Пачніце лепш наводзіць парадак ва ўласнай дзяржаве. У вас жа так шмат праблем», — гаворыцца ў камэнтары — звароце МЗС Украіны з нагоды патрабаваньняў да афіцыйнага Кіева, зь якімі выступіў кіраўнік МЗС Расеі.
«Нават сама думка пра іх у сёньняшняй Расеі будзе строга падаўлена, а ў выпадку спробы яе рэалізацыі — такія дзеяньні, як гэта было на Паўночным Каўказе, будуць патопленыя ў крыві».

Раней у нядзелю расейскі дзяржаўны «Першы канал» тэлебачаньня паказаў інтэрвію з Лаўровым, у якім той заявіў, што Масква прапануе сумесна з ЗША і ЭЗ сфармуляваць агульныя заклікі да ўлады ў Кіеве, у прыватнасьці, да стварэньня новай Канстытуцыі Украіны, якая б гарантавала, сярод іншага, яе фэдэратыўны стан, пазаблёкавы статус і дзяржаўны статус рускай мовы.

Пазьней у нядзелю Сяргей Лаўроў правесьці чарговыя кансультацыі па Ўкраіне зь дзяржаўным сакратаром ЗША Джонам Кэры. Вашынгтон выступае з зусім іншымі патрабаваньнямі да Расеі адносна Ўкраіны, у прыватнасьці, дамагаючыся ад Масквы пайсьці на прамы дыялёг з Кіевам пад эгідай міжнароднай кантактнай групы.

У Расеі, якая мае афіцыйную назву Расейская Фэдэрацыя, рэгіёны маюць значна менш паўнамоцтваў, чым Аўтаномная рэспубліка Крым у складзе Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG