Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ну паставяць ракеты ў нас — што дрэннага? Апытаньне ў Берасьці


Як бы вы адрэагавалі, калі б Расея для нападу на Ўкраіну выкарыстала беларускую тэрыторыю? На такое пытаньне карэспандэнта «Свабоды» адказвалі сёньня жыхары Берасьця.

Спадарыня: Я думаю, што ва Ўкраіну можна патрапіць Расеі і не абавязкова празь Беларусь. У іх карацейшыя шляхі ёсьць, чым прах Беларусь. У нашай Беларусі спакойны, ціхі і мірны народ. А зараз як пойдуць расейскія войскі ва Ўкраіну, то на нас могуць з Украіны з «Правага сэктару» нападзеньне зрабіць.

Пэнсіянэрка: Гэтага не дапусьціць ніхто. Яны хочуць паставіць свае там ракеты, ці што там Расея хоча паставіць. Ну на мяжы зь Беларусьсю і паставяць. А што гэта, няўжо дрэнна? Мы ж адзіная дзяржава, саюз ці што мы там зараз...

Спадарыня: Я, вядома, супраць. Нельга, каб умешвалі Беларусь у гэты канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай. Тым больш, каб нейкія войскі хадзілі туды-сюды праз нас. Мы ўвогуле тут ніякага інтарэсу ня маем, нашто гэта нам, за Расею? Няхай расейцы самі вырашаюць свае пытаньні, мы тут ні пры чым.

Спадар: У нас асобная дзяржава, і мы вырашылі, што ў канфлікты Расеі ўмешвацца ня будзем. У іх сваё права, хай самі вырашаюць усё, што хочуць, а нам няма чаго туды лезьці, маё такое меркаваньне.

Спадарыня: Супраць, толькі супраць. Няхай разьбіраюцца самі, прычым тут увогуле Беларусь да гэтай справы. Яны праз нас прайшлі, а потым другія праз нас пройдуць. Ня трэба, каб чужыя войскі хадзілі па нашай зямлі. Наша зямля — гэта наша зямля, хай па сваёй ходзяць. Мы ў іх канфлікты ня ўлазім, так што нас гэта не павінна тычыцца.

Спадар: Увогуле, нам вайна не патрэбная ні Расеі з Украінай, ні з Амэрыкай. Калі праз нашую Беларусь пойдуць, то гэтак мы таксама нажывем сабе ворагаў у выглядзе Ўкраіны. І Амэрыка таксама санкцыяў напусьціць і на нас, як з Расеяй зрабіла. Ня трэба дапускаць, каб наш прэзыдэнт пускаў іх празь сябе...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG