Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Барыс Зянькевіч: «Калі дзьве мовы, то хай будзе і два прэзыдэнты»


Ён — са старой гвардыі незалежнасьці, якая вось ужо чвэрць стагодзьдзя ўпарта і пасьлядоўна адстойвае ідэалы свабоды на ўсіх мітынгах і шэсьцях. Былы авіятэхнік, начальнік рэфрыжэратарнага цягніка, шараговы Адраджэньня і сталы слухач Радыё Свабода Барыс Зянькевіч — герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Са мной на рэфрыжэратарах працаваў расіянін, які да гэтага быў тут вайскоўцам і застаўся ў Беларусі. Ён тэлефануе і кажа: „Пойдзем на плошчу!“ А я яму адказваю: што, маўляў, там мне рабіць? Але пайшоў, і ён мяне прывёў там да Зянона Пазьняка. Гэта быў 91-шы год. Тады я і ўступіў у Беларускі Народны Фронт. Жонка пажартавала, што быў камуністам, а стаў апазыцыянэрам.

З таго часу сэрца павярнулася да сваёй зямлі, мовы, да ўсяго дэмакратычнага. Стаў слухаць Радыё Свабода. Як і газэты „Народная воля“, „Наша слова“, гэтае радыё стала для нас аддушынай, дзе маем нешта сваё.

Але ў жыцьці нашым цяпер няма ніякай свабоды. Мы цярпім ні за што, а дакладней, за тое, што адстойваем сваю справядлівасьць, сваю праўду, свае сымбалі.

У нас прэзыдэнт — не беларус. Калі ў Польшчы — паляк, калі ў Італіі — італьянец, у Нямеччыне — немец, то ў нас, прабачце, — хто? Бо калі ты беларус, нарадзіўся ў Беларусі, то ты павінен адстойваць інтарэсы сваёй дзяржавы. Таму трэба ставіць пытаньне: хто такі грамадзянін і прэзыдэнт Лукашэнка? І чаму ён столькі сядзіць на пасадзе? Нармальны чалавек павінен захоўваць Канстытуцыю 1994 году, бо Канстытуцыя для грамадзяніна — як Біблія для сьвятара. Я не кажу, добры ці дрэнны ён прэзыдэнт, а толькі пра тое, што ён павінен выконваць Канстытуцыю.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Нам трэба выбраць свайго прэзыдэнта. Калі дзьве мовы, то хай будзе і два прэзыдэнты. Два саюзы пісьменьнікаў, два саюзы палякаў, то хай будзе і два прэзыдэнты, два прэм’еры. Каб мы, беларусы, мелі да каго зьвярнуцца. Што мы, ізгоі якія, ці што? Ці мо ён лічыць, што нас ужо няма?

Заўсёды адзначаю Дзень Волі. Сёлета я быў вельмі задаволены, што столькі было моладзі на мітынгу 25 сакавіка. Будучыня — за моладзьдзю. І я б хацеў зьвярнуцца да моладзі з пажаданьнем, каб яе будучыня была добрая ў эўрапейскай, незалежнай, дэмакратычнай, свабоднай Беларусі.

Калі хочаце свабоды — слухайце Свабоду!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG