Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая ўсясьветная: з расейскай эвакуацыі вярнулася толькі палова беларусаў


Мікалай Рак

Мікалай Рак

Праз чатыры месяцы будзе адзначацца 100 гадоў ад пачатку Першай усясьветнай вайны. Беларуская зямля спаўна адчула жахі супрацьстаяньня імпэрый — сотні тысяч уцекачоў памерлі ў перасыльных лягерах ці не вярнуліся з эвакуацыі. Пра трагічныя старонкі малавядомай сёньня вайны — Ігар Карней.

87-гадовы выкладчык гісторыі Мікалай Рак жыве ў вёсцы Залесьсе на Смаргоншчыне, дзе стагодзьдзе таму, калі ішлі пазыцыйныя баі за Смаргонь, разьмяшчаўся шпіталь расейскай арміі. Ён згадвае, што ягоны бацька Ігнаці Емяльянавіч быў мабілізаваны ў першы ж дзень, як абвясьцілі вайну, і ад 1 жніўня 1914 году служыў пры штабе арміі ў Маладэчне:

«У Маладэчне стаяў штаб 10-й арміі на чале з генэрал-лейтэнантам Сямёнам Куцепавым — надзвычай здольны, разумны чалавек. Дык вось бацька быў мабілізаваны, насіў званьне афіцэра. Адметна, што калі Смаргонь да 1915-га апынулася ў самым эпіцэнтры расейска-нямецкага змаганьня, то ў Маладэчне было ўсё спакойна. Так, побач пралягала лінія фронту, але нават падчас эвакуацыі насельніцтва маладэчанцаў не чапалі. Калі з прылеглых вёсак вывозілі, то з Маладэчна — нікога, горад так і ня быў эвакуаваны».

Зрэшты, як удакладняе суразмоўца, гэта ня тычылася вайсковай «вярхушкі»: пасьля бальшавіцкага перавароту, калі для расейцаў вайна перайшла ў стадыю анархіі і дэзэртэрства, стаўка прыняла рашэньне пераехаць у тыл. Дадому, у вёску Конавічы пад Маладэчнам, Ігнаці Емяльянавіч вярнуўся толькі праз тры гады:

«Штаб знаходзіўся ў Маладэчне да пачатку 1918 году. А 22 лютага пагрузілі ўсіх у вагоны, пагрузілі сем’і афіцэраў і павезьлі ў Разань, гэта яшчэ 180 кілямэтраў за Маскву. Так бацькава сям’я апынулася ў тыле. Да 1921 году ён быў у Разані. Пасьля гэтага асьмеліўся вярнуцца дадому, ледзь жывы. Тут ужо і ягоны брат таксама вярнуўся з войска. Па іроніі лёсу мой дзядзька быў у Пецярбургу, у камандзе, якая абстрэльвала Зімовы палац. Як напамін пра падзеі дагэтуль стаіць параход, як яго там — „Аўрора“? Дык вось павярталіся з Расеі бацька, дзядзька, дома было 7 гектараў зямлі. Але былі яшчэ дзьве сястры. Балазе без скандалаў падзялілі. Сям’я вялікая, жыць, натуральна, было цяжка». Помнік загінулым у Першую ўсясьветную вайну ў Залесьсі

Помнік загінулым у Першую ўсясьветную вайну ў Залесьсі


І хоць пра мірнае насельніцтва ў тую кампанію асабліва ня згадвалі, лік уцекачоў, па словах Мікалая Рака, ідзе нават не на сотні тысяч. Асноўную масу тых, хто ўцякаў ад вайны, складалі выхадцы з Гарадзенскай губэрні (амаль 40% ад агульнай колькасьці). Зь вялізным адрывам ішлі Віленская (пад 10%), Менская і Віцебская (меней за 4%). Найгорш было неарганізаваным уцекачам, якія пакідалі свае хаты самастойна — яны тысячамі паміралі ў дарозе ад голаду, холаду, хваробаў:

«У Першую ўсясьветную вайну было выселена зь Беларусі ў глыб Расеі — у Тамбоўскую, Варонескую, Арлоўскую губэрні, Татарыю, нават у Сыбір (цяперашняя Іркуцкая вобласьць, Алтайскі край ды іншыя) — да 3 мільёнаў чалавек. Дык вось, дзесьці толькі паўтара мільёна вярнуліся, а яшчэ столькі ж засталіся жыць там. У Беларусі на тыя часы, да вайны, насельніцтва было амаль аднолькава, што і цяпер. Зараз нават пачынае менець — крыху больш за 9 мільёнаў 400 тысяч».

Карэспандэнт: «Дык ці гінулі пад абстрэламі варожых армій мірныя людзі?»

«Мірныя людзі, як ні дзіўна, ад абстрэлаў амаль што і ня гінулі — людзей зь небясьпечнай зоны пасьпелі вывезьці. Як ні парадаксальна. Хоць увесь час наша прапаганда і называла царызм „адсталым, дрымучым“, але пасьпелі ня толькі эвакуаваць насельніцтва, але і апэратыўна правесьці мабілізацыю: 600 тысяч чалавек паставілі пад ружжо. У тым ліку, яшчэ раз паўтару, трапіў у гэты лік і мой бацька, Рак Ігнаці Емяльянавіч».
Паводле настаўніка, цяперашняя дэмаграфічная праблема ў немалой ступені — водгук падзеяў 100-гадовай даўніны: тысячы тысяч нараджэнцаў беларускіх тэрыторый з розных прычынаў адмовіліся вяртацца на радзіму.

«У Першую ўсясьветную вайну людзей вывозілі досыць пасьпяхова — на часовае пасяленьне, каб уратаваць ад немцаў. Палова людзей там засталася, і не вярнуліся найперш вось чаму: дзяўчаты амаль павальна павыходзілі замуж. То бок найперш засталіся незамужнія дзяўчаты. У Расеі вельмі шмат, як я іх называю, іншародцаў: татары, башкіры, народы Паволжа, тыя ж каўказцы, хоць гэта збольшага ўжо поўдзень. Яны ахвотна бралі нашых эўрапейскіх дзяўчат. Так і бацькава сястра выйшла замуж у Разані, там і засталася». Мікалай Рак з фатаздымкам бацькі

Мікалай Рак з фатаздымкам бацькі


Як кажа Мікалай Ігнатавіч, у ягонага бацькі пасьля эвакуацыі была дылема: далучыцца да так званага белага руху ці вярнуцца на радзіму. У выніку перадужаў постваенны статус Заходняй Беларусі:

«Ну, што бацька расказваў пра вайну? Вайна ёсьць вайна. Тады, канечне, былі настроеныя за Расею, за цара-бацюшку. Служылі верна, бо ваенныя — гэта ж салдаты, якія прысягалі, як і цяпер афіцэры. А што думае кожны афіцэр паасобку — яно і сёньня невядома. Дарэчы, калі бацька ад’ехаў на радзіму, то бальшыня іншых таварышаў па службе пасьля 1921 году пайшлі ў белую армію. Там, на Разаншчыне, на Паволжы, паўстаў белы рух, які ўзначаліў Калчак. Ваявалі там, былі заклятымі ворагамі Савецкага Саюзу. Толькі ў 1945 годзе некаторых злавілі, павесілі. Як ужо скончылася Другая ўсясьветная вайна, у жніўні 1945-га на Далёкі Ўсход былі перакінутыя савецкія войскі, ваявалі зь японцамі. Дык вось афіцэры, якія ў Першую ўсясьветную ваявалі на фронце, урэшце ўцяклі ў Сыбір. Але іх там, хто ня зьбег далей, палавілі. Калчака ўтапілі на гідраэлектрастанцыі, якую ўзьвялі на Ангары. Вось такія падзеі мелі месца».

У бацькавым мундзіры Мікалай Ігнатавіч скончыў настаўніцкі інстытут у Вільні, працаваў у тамтэйшых школах. А як адбылося ўзьяднаньне з Савецкай Беларусьсю, дарагую сэрцу рэч давялося аддаць — партызанаў яўна ня ўразілі заслугі царскага афіцэра, і строй пайшоў у агульную скарбонку:

«Так, хадзілі партызаны, апошні пінжак з пагонамі забралі ў 1944 годзе. Я пад сябе яшчэ да вайны гузікі перашыў, як вучыўся ў Вільні ў настаўніцкім інстытуце. І што атрымліваецца? Прыйшлі, забралі пінжак, порткі, кашулю — усё, што было. Але самае крыўднае, што забралі афіцэрскі гарнітур бацькі». Фрагмэнт будучага мэмарыялу ў Смаргоні

Фрагмэнт будучага мэмарыялу ў Смаргоні


Да 100-годзьдзя пачатку Першай усясьветнай вайны ў Смаргоні ўзводзіцца мэмарыял у памяць пра тагачасныя падзеі. Праўда, будуецца ён на грошы так званай саюзнай дзяржавы, таму ўхіл у гістарычнай памяці зроблены адпаведны. Але ці былі пераможцы ў той вайне? Ці карэктна называць Парк імем «перамогі», якой, па сутнасьці, не было? Меркаваньне выказвае Мікалай Рак:

«Так, я чуў, што там нешта будуюць. У дадзеным выпадку спрэчкі пра тое, ці ёсьць пераможцы ў Першай усясьветнай вайне, адносныя. Вядома, варта паставіць помнік расейскім салдатам. Найперш, абаранялі сваю зямлю, стаялі за сваё, а значыць, больш правоў мелі. Гэта з улікам, што Расея і блёк Антанты выступалі супраць Траістага саюзу. Але паколькі ва ўсім сьвеце ідзе працэс дэмакратызацыі, то, напэўна, варта было б разгарнуць цэлую панараму. Каб знайшлі адлюстраваньне і іншыя краіны, якія тады ваявалі. Як ні круці, 810 дзён ішло змаганьне за Смаргонь, загінула да паўмільёна салдат з абодвух бакоў. Адпаведна, прынесеныя ахвяры ня толькі, як у цэлым кажуць, расейскай арміі, а і нямецкай арміі, і аўстрыйцы тут былі, і іншыя. Гэта было б справядліва».

Ад 1915 году былі цалкам эвакуаваныя вёскі паміж Крэвам і Смаргоньню — Сялец, Наваспаск, Суцькава, Кунава, Бялкоўшчына, Аславяняты, а таксама ў напрамку Маладэчна — Залесьсе, Зарудзічы, Готкавічы, Сапачы, Хатуцічы ды іншыя. Натуральна, Смаргонь у тым ліку — пасьля 810 дзён пазыцыйнай вайны да ўзьбярэжжа ракі Віліі ацалела літаральна некалькі хатаў.
XS
SM
MD
LG