Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустракаецца з Турчынавым


У Ляскавічах Гомельскай вобласьці праходзіць сустрэча прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Украіны, старшыні Вярхоўнай рады Аляксандра Турчынава. Пра гэта паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

«Нам даўно, мабыць, трэба было сустрэцца, каб абмяняцца меркаваньнямі аб сытуацыі, якая складваецца ня толькі ва Ўкраіне, але і вакол нас, вызначыцца аб далейшых нашых кроках, ўзаемаадносінах дзьвюх дзяржаў і двух вельмі блізкіх народаў. Думаю, што ў выніку сёньняшніх перамоваў мы знойдзем нейкі агульны пункт гледжаньня. Я думаю іх, шмат, яны ўжо пазначыліся за гэты час. І паспрабуем зблізіць нашыя пазыцыі па пытаньнях, якія, можа быць, сёньня ў сілу недахопу інфармацыі не знаходзяць належнага разуменьня», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

У сваю чаргу Аляксандр Турчынаў адзначыў важнасьць двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Ўкраіны:

«Украіна і Беларусь гэта ня проста суседзі. Гэта брацкія народы, якія сотні гадоў жылі, працавалі і ваявалі плячо ў плячо. Для нас вельмі важна ўмацоўваць адносіны паміж нашымі народамі, каб паміж нашымі краінамі не было непраходных межаў, каб і беларусы, і ўкраінцы адчувалі сябе ў бясьпецы, маглі спадзявацца на дапамогу і падтрымку адзін аднаго. Я ставіў перад сабой галоўнай мэтай гэтага візыту адчуць падтрымку, добрасуседзкае стаўленьне, сяброўства беларускага народа».

Учора на тэлевізіі паказалі інтэрвію Савіка Шустэра, у якім Лукашэнка выступіў супраць фэдэралізацыі Ўкраіны, супраць уваходу Ўкраіны ў НАТО, прызнаў анэксію Крыму і заявіў, што ня бачыць моцнага лідэра ва Ўкраіне.

Таксама Лукашэнка выказаўся наконт Майдану:

«Прычынай Майдану зьявілася страшнае становішча ў эканоміцы і карупцыя, якая прывяла да распаду ўлады. Уявіце, мае дзеці — ня дай Бог — пачалі б займацца бізнэсам і адбіраць бізнэс — каму гэта спадабаецца? Я Віталю Клічко, як спартовец спартоўцу, кажу — што вы там робіце? А ён расказаў гісторыю, як яго маці пайшла атрымаць грошы за памерлага бацьку, а яе дагнаў чыноўнік і сказаў: „Грошы ёсьць, але аддайце палову нам“. І гэта, сказаў Клічко, уся Ўкраіна такая. Калі б у Беларусі было так — я б зьехаў з глузду за адзін вечар».

У вёсцы Ляскавічы на мяжы з Украінай, дзе адбывалася сустрэча, знаходзіцца рэзыдэнцыя Лукашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG