Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліклініку ў Баранавічах «замініраваў» яе загадчык


27 сакавіка вуліцу Міцкевіча ў Баранавічах перакрылі міліцыянты – агульны пярэпалах выклікала бомба, якую быццам бы знайшлі ў стаматалягічнай паліклініцы.

Высьветлілася, што бутафорскую бомбу ў будынак падклаў загадчык установы Анатоль Ціхно.

– Мы самі вырашылі правесьці раніцай вучэньні, ні з кім іх не ўзгаднялі, – патлумачыў выданьню «Іntex Рress» загадчык. – Хацелі праверыць супрацоўнікаў, адпрацаваць дзеяньні ў пазаштатных сытуацыях. Але пэрсанал, як высьветлілася, значна больш пільны, чым я раней думаў.

Паводле пляну, заўважыўшы імправізаваную бомбу, супрацоўнікі павінны былі паведаміць аб ёй дырэкцыі. Але адна з санітарак, зьвярнуўшы ўвагу на падазроную торбу, сама выклікала міліцыю. Такога працягу вучэньняў загадчык не чакаў:

– Прыехалі надзвычайныя службы, вуліцу перакрылі. Але мы ім усё патлумачылі, і ў агульным замінка ў працы склала прыблізна паўгадзіны – у пачатку восьмай гадзіны мы ўжо працавалі ў звычайным рэжыме, – распавёў загадчык паліклінікі.

Гэта першыя вучэньні, якія дырэкцыя паліклінікі вырашыла правесьці самастойна.

Як запэўнівае загадчык паліклінікі, пільная супрацоўніца будзе ўзнагароджана. Аднак, самому Анатолю Ціхно, хутчэй за ўсё, давядзецца адказваць за самадзейнасьць, мяркуе «Іntex Рress».
XS
SM
MD
LG