Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіне прыкра ад пазыцыі Беларусі ў ААН


Зьявілася афіцыйная рэакцыя Ўкраіны на ўчорашняе галасаваньне ў ААН, калі Беларусь не падтрымала рэзалюцыю ў абарону тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што ўчорашняя рэзалюцыя Генэральнай асамблеі ААН дала Расеі ясны сыгнал аб недапушчальнасьці парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Сёньня на брыфінгу ў МЗС Украіны была агучаная заява, дзе адзначаецца, што Ўкраіна шкадуе з нагоды пазыцыяў Беларусі і Армэніі.

«Прыкрасьцю стала для Ўкраіны пазыцыя Беларусі і Армэніі. Будзем улічваць гэтую пазыцыю, прымаючы рашэньне аб разьвіцьці адносін з гэтымі краінамі», — заявіў дырэктар дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі МЗС Яўген Перабійніс.

Пры гэтым МЗС Украіны адзначае, што Кіеў памятае: падтрымка Менскам і Ерэванам расейскага расчляненьня Ўкраіны не адлюстроўвае думкі мільёнаў беларусаў і армян.

100 краін сьвету ўчора на пасяджэньні Генэральнай асамблеі ААН прагаласавалі за рэзалюцыю, якая падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і называе «рэфэрэндум» у Крыме несапраўдным. Супраць гэтага рашэньня выказаліся 11 краін, 58 устрымаліся.

Акрамя Расеі, супраць рэзалюцыі галасавалі Армэнія, Беларусь, Балівія, Куба, Паўночная Карэя, Нікарагуа, Судан, Сірыя, Зімбабвэ і Вэнэсуэла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG