Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра які «прымус» кажа Лявон Вольскі


У інтэрвію Лявона Вольскага -- зусім нечаканыя (нечаканыя менавіта зь ягоных вуснаў) сьцьвярджэньні пра нібыта прымусовую беларусізацыю ў пачатку 90-ых.

Працытую некалькі фрагмэнтаў:

«... праводзіць беларусізацыю трэба ня так, як у пачатку 90-х. Тады шмат людзей былі вельмі засмучаныя настолькі гвалтоўным увядзеньнем. І потым некаторыя сілы выкарысталі гэтыя народныя засмучэньні».

«Я ведаю шмат людзей, якія шалелі ад перавядзеньня на беларускую мову адукацыі ў некаторых гуманітарных навучальных установах. Дома для іх была традыцыйнай расейская мова. І ў школе яны вучылі беларускую мову, як завядзёнку. Толькі калі настаўнік ня страшны энтузіяст. Вось. Людзі былі ў шаленстве: «Чаму я ніколі не вучыў гэтую мову, а зараз яна мне стала патрэбная?!»

«Адзін мой знаёмы распавядаў, як нейкі прафэсар на хімічным факультэце друкаваў свае досьледы, каб адправіць іх у Маскву. Выйшаў на абед, прыйшоў – няма літары «Щ» у клявіятуры. Ужо заменена на «Ў». А яму трэба тэрмінова даслаць свой ліст… Гэта вельмі тонкія рэчы. Трэба рабіць іх асьцярожна».

Пачну з апошняга эпізоду.

Ёсьць у мяне падставы меркаваць, што альбо прафэсар увёў у зман лявонавага знаёмага, альбо знаёмы нешта пераблытаў. У пачатку 1990-ых я, сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета, так і ня здолеў знайсьці беларускія налепкі для кампутараў у нашу камісію. Па той простай прычыне, што іх не было ў прыродзе. Нават у прыёмнай Шушкевіча літара «ў» была намалявана, калі не памыляюся, на звычайным мэдычным плястыры. Ну, а калі прафэсару наляпілі такую ж самаробную літару – дык пераключыць клявіятуру, як вядома, можна ў адзін прыём. Калі ж прафэсар насмрэч карыстаўся не кампутарам, а друкарскай машынкай – дык зьмяніць (перапаяць) літару ў карэтцы было вялізнай праблемай, і тэхнічна гэта немагчыма было зрабіць за час абедзеннага перапынку.

Хутчэй за ўсё, у гісторыі з прафэсарам-хімікам нехта нядобрасумленна «нахімічыў».

А цяпер – рэальнасьць.

Закон аб мовах быў прыняты ў студзені 1990-га году на запатрабаваньне БНФ – але яшчэ Вярхоўным Саветам 11-га скліканьня, у якім не было ніводнага «фронтаўскага» дэпутата. І, магчыма, якраз таму пастанова аб увядзеньні Закону ў дзеяньне прадугледжвала «паэтапную» беларусізацыю, і менавіта гэтую расьцягнутасьць па часе аж на 15 гадоў крытыкаваў Васіль Быкаў («стала відавочна, што ніякага зруху ў праблеме мовы гэты хітры закон ня зробіць, што ўсё тое па меншай меры несур'ёзна, для адводу вачэй, ніхто гэтага закону выконваць ня будзе, ды й створаны ён не для выкананьня» («Быкаў на Свабодзе, 2004, стар. 21).

І сапраўды: тыя, ад каго ў дзяржаўным апараце залежала выкананьне закону, рабілі ўсё, каб ён – не выконваўся.

Я некалькі гадоў таму зьвярнуўся публічна з просьбай: дайце хоць адзін прыклад, калі чалавек быў звольнены з працы за тое, што ён адмовіўся гаварыць на беларускай мове і размаўляў па-расейску!

Ніводнага прыкладу ніхто не прыгадаў.

Затое ёсьць іншыя прыклады, і іх – безьліч.

Цяпер пішу цыкль пра першыя прэзыдэнцкія выбары, гартаю падшыўкі пачатку 90-ых. Газэты «Свабода», «Пагоня», штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» пачатку 90-ых літаральна ў кожным нумары падавалі інфармацыю, як у нейкім горадзе бацькам адмовілі ў стварэньні беларускай клясы, у другім – на пошце адмовіліся ўзяць тэлеграму па-беларуску, у трэцім -- чыноўнік запатрабаваў ад наведніцы «говорить на нормальном языке».

Такая вось «прымусовая беларусізацыя».

Кожная беларуская кляса, кожны падручнік, кожнае незалежнае выданьне па-беларуску зьяўляліся ня дзякуючы ўладам – а насуперак уладам, у выніку намаганьняў актывістаў нацыянальнага руху. Якіх у грамадзтве, натуральна, была меншасьць. Але менавіта іх высілкамі колькасьць беларускіх школаў павялічвалася штогод.

І важны момант: ніводнага пратэсту ад бацькоў!

Я ужо аднойчы цытаваў выступ на сэсіі Вярхоўнага Савету дэпутата, сакратара парлямэнцкай камісіі па адукацыі Яўгена Цумарава вясной 1994 году, ў дні прыняцьця Канстытуцыі:

«Сёлета ўпершыню ў гісторыі ў Рэспубліцы Беларусь больш за 80 працэнтаў першаклясьнікаў пайшлі ў беларускамоўныя клясы — незалежна ад таго, якой зьяўляецца іх школа. Прычым ніводнай скаргі не прыйшло ні ў камісію Вярхоўнага Савету, ні ў Міністэрства адукацыі. Значыць, людзі добраахвотна прынялі тое, што беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнай. Другі факт. Амаль у два-тры разы ўпалі тыражы газэт на рускай мове, і ў столькі ж разоў падняліся тыражы газэт на беларускай мове і дзьвюхмоўных — такіх, як «Народная газета». Вось вам два красамоўныя факты. Што б вы тут ні галасавалі, народ прыняў рашэньне, прагаласаваў ужо за дзяржаўную беларускую мову».

Да нас у Камісію па СМІ і правах чалавека такіх скаргаў таксама не паступала (а лістоў і розных пэтыцыяў мы атрымлівалі дзясяткі на дзень).

І толькі тады, калі праімпэрскія сілы пайшлі ў наступ праз уцягваньне Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі і так званую «рублёвую зону» -- узьніклі (пад дахам праўрадавых арганізацый) так званыя «Комитеты за свободный выбор языка обучения» - але і яны не зьбіралі больш за некалькі дзясяткаў подпісаў. Параўнайце гэта зь мільёнамі беларусаў, якія з разуменьнем успрынялі вяртаньне роднай мовы ў школьныя сьцены і ва ўстановы.

Ну, а наконт «шаленьня ад пераведзеньня на беларускую мову»... Мяне заўсёды дзівіла, чаму людзі гатовыя прыкладаць часам неверагодныя высілкі, траціць і час, і грошы, вывучаючы ангельскую ці нямецкую – і «шалеюць» ад мовы, якая ім родная. Альбо – вельмі блізкая да той, на якой яны прызвычаіліся размаўляць.

Я зусім ня думаю, што Лявон Вольскі сказаў свае словы зь нейкай нядобрай мэтай – мяркую, ён проста выказаў пэўныя стэрэатыпы, якія падмянілі ў памяці рэальныя падзеі таго часу, якому ён сам быў і ўдзельнікам, і сьведкам.

Такое здараецца. Памяць – увогуле ненадзейная рэч. Я вось лічыў, што патрабаваньне дзьвюхмоў'я было часткай перадвыбарчай (1994 году) праграмы Лукашэнкі. Бо зь першых дзён прэзыдэнцтва Лукашэнкі пачалося прымусовае звужэньне ўжытку беларускай мовы. А зьвярнуўся да самой праграмы – няма! Ёсьць толькі пра магчымасьць кожнага «думаць і гаварыць на той мове, на якой ён выхаваны» (канешне, і тут можна пэўны сэнс убачыць «праз радкі»). Але можаце не сумнявацца: калі б грамадзтва сапраўды стагнала ад «беларусізацыі» -- гэтая тэма ў праграме Лукашэнкі была б выказана моцна, недвухсэнсоўна і не «праз радкі». У праграме ж – пра тое, што «асаблівым клопатам прэзыдэнта павінна стаць нацыянальная культура».

Якім яна зрабілася «клопатам» – гэта ўжо іншая тэма, і некаторыя асаблівасьці такога «клопату» зьведаў на сабе і сам Лявон Вольскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG