Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Язэп Янушкевіч: Паплечнікі Каліноўскага бачылі ў Расеі ворага


Язэп Янушкевіч

Язэп Янушкевіч

Да 150-й гадавіны з дня сьмерці Кастуся Каліноўскага ў сьвет выйшаў фотаальбом «Партрэты паўстаньня». У яго ўвайшлі каля двухсот рэдкіх і невядомых раней здымкаў паўстанцаў. Чаму адзін са здымкаў Каліноўскага трапіў на экспэртызу ў Інстытут крыміналістыкі? Якую ролю ў паўстаньні адыгралі жанчыны? Што не дазваляла інсургентам пісаць прашэньні аб памілаваньні? Госьцем перадачы — адзін з укладальнікаў альбому Язэп Янушкевіч.

— Язэп, летась выйшла ўкладзеная табою паэтычная анталёгія «Тварам да шыбеніцы», прысьвечаная Паўстаньню 1863 году. Укласьці фотаальбом «Партрэты паўстаньня» табе падказала твая суаўтарка — дачка Каміла?

— Не, да працы над фотаальбомам мяне падштурхнуў прафэсар Джым Дынглі, калі запрасіў паўдзельнічаць у навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай 150-м угодкам з дня страты Кастуся Каліноўскага. І мне падумалася, што гісторыю паўстаньня можна раскрыць і ў фотаздымках. Маем жа мы добра распрацаваную гісторыю фальклярыстыкі, гісторыю культуры, гісторыю архітэктуры, гісторыю літаратуры ХІХ стагодзьдзя. А гісторыя беларускай фатаграфіі ніколі не станавілася прадметам асобнага дасьледаваньня. На гэтую тэму я хацеў бы адзначыць цікавую публікацыю, зробленую гадоў пяць таму, Вольгі Гарбачовай, якая прыадкрыла тыя здымкі, якія захоўваюцца ў архівах Вільні і Парыжу. А я, будучы абазнаным у гэтай тэме яшчэ раней, патрымаўшы ў руках дзясяткі паўстанцкіх фотаздымкаў, сапраўды падумаў: а чаму б не зрабіць фоталетапіс нашага змаганьня? Здымкі адшукваліся ў беларускіх архівах, а таксама ў Польшчы і Літве. Выкарыстаныя таксама фота з выданьняў успамінаў украінскіх удзельнікаў паўстаньня, а таксама паўстанцаў зь Інфлянтаў і Прыбалтыкі. Гэтым самым мне хацелася паказаць больш шырокі абсяг паўстаньня, паколькі нашымі паплечнікамі ў супольным змаганьні з расейскім царызмам выступалі і іншыя паняволеныя народы.

— Ведаю, што капіяваньне дакумэнтаў у літоўскіх архівах ня ўсім дасьледчыкам па кішэні. Колькі мае заплаціць беларус у Вільні за адну копію?

— Да трох літаў — у залежнасьці ад стану захаваньня і каштоўнасьці дакумэнту. Я не шкадую пра аплату, паколькі гэта дазволіла зрабіць выданьне альбому больш якасным.

— Найлепшым знаўцам Паўстаньня 1863 году ў нас лічыўся сьветлай памяці Генадзь Кісялёў. Мне здавалася, што усіх паўстанцаў ён ведаў у твар. Ці ёсьць у вашым альбоме асобы, пра якіх і Кісялёў ня ведаў?

— Відаць, вучні для таго і існуюць, каб пайсьці трошкі далей за настаўніка. Усё ж у ХХІ стагодзьдзі мы маем нашмат большыя тэхнічныя магчымасьці. Раскрываюцца архівы, там знаходзяцца новыя матэрыялы. Што да невядомых паўстанцаў... Вось выява маладзенькага паўстанца Паўлюка Барэйшы, які загінуў пад Малагошчай у Польшчы 24 лютага 1863 году. Загінуў дзевятнаццацігадовым. Прозьвішча Барэйша нам нічога не гаворыць, а гэта быў праўнук славутага Тадэвуша Рэйтана! Так гінуў квет нашай нацыі. На здымку мы бачым, што юнак падперазаны слуцкім пасам. Пасы кармазынавага колеру насілі падчас вайны, а чорнага — на знак жалобы. А на суседнім здымку на руках у паўстанца Бацяна — ягоны сынок.
Тагачасная дражнілка, якою дзеці даймалі расейскіх казакоў: «Пачакайце, сена пакасілі — атава нарасьце»
Так і прыгадваецца тагачасная дражнілка, якою дзеці даймалі расейскіх казакоў: «Пачакайце, сена пакасілі — атава нарасьце». А на гэтым здымку — Багуслаў Семірадзкі, менскі шляхціч, лекар, які ўзначальваў Менскую паўстанцкую арганізацыю пасьля таго, як быў арыштаваны Пятро Чакатоўскі. Дарэчы, менская арганізацыя не была выкрытая поўнасьцю, нягледзячы на намаганьні Мураўёва і дасьведчанага палкоўніка Лосева. Зь Семірадзкім здарылася трагедыя. Калі праз год нехта з паўстанцаў на допытах усё ж назваў яго прозьвішча, ён быў выкліканы на новае дазнаньне ў Вільню. І па дарозе, баючыся катаваньняў, ня будучы ўпэўненым, што іх вытрымае, ён атруціўся... І зусім сэнсацыйным мне бачыцца здымак шляхцянкі Ванды Беліковіч. На адвароце можна прачытаць: «Помещица Ванда Беликович Витебской губернии. Карточка найдена в гробу ея мужа. Заплатила штраф 300 рублей». Дзе вы, нашы айчынныя Караткевічы і Сянкевічы, дзе вы, нашы драматургі — Шэксьпіры, і Аляхновічы? Такія сюжэты расказваюць нам звычайныя фотаздымкі! Нават па іх відно, якая палітыка задушэньня праводзілася на нашых землях, калі за фота, пакладзенае роднаму чалавеку ў труну, трэба было заплаціць штраф, роўны гадавому заробку турэмнага наглядчыка!

— Дзякуючы вядомай балядзе Адама Міцкевіча «Сьмерць палкоўніка», мы ведаем пра гераіню Паўстаньня 1830 году — Эмілію Плятэр. А вось жанчыны ў Паўстаньні 1863 году — тэма, як мне здаецца, нечапаная. У альбоме я бачу здымкі цэлых сем’яў — хто яны?

— Беларускія жанчыны ў тыя часы былі куды больш патрыятычна настроеныя за мужчынскую палову. З фотаздымкаў, якія ёсьць, магу адзначыць сям’ю Далеўскіх. Мураўёўскі тэрор закрануў зь дзясятак прадстаўнікоў гэтай сям’і, найвядомейшым сярод якіх ёсьць Цітус Далеўскі — паплечнік Каліноўскага, пазьней расстраляны. Ягоныя браты — Францішак і Алесь — двойчы зьведалі выгнаньне ў Сібір... Двойчы ссылалася і сям’я Булгакаў. У альбоме ёсьць і рарытэтныя адбіткі жанчынаў Сьвентарэцкіх — Алімпіі і яе дачкі Юзэфы. Іх фотаадбіткі, набытыя нядаўна польскай Дзяржаўнай бібліятэкай у Варшаве, зьяўляюцца самымі раньнімі фота ў Польшчы, гэта значыць, паходзяць недзе з 1851 году. І яшчэ шэраг жаночых абліччаў у жалобных строях можна знайсьці ў гэтым фотаальбоме.

— Да нядаўняга часу былі вядомыя два фотаздымкі Кастуся Каліноўскага. Найвядомейшы зь іх належыць Ахілесу Банольдзі. Але нядаўна згаданая ўжо Вольга Гарбачова апублікавала трэці здымак. Але яго чамусьці няма ў тваім альбоме.
Кастусь Каліноўскі?

Кастусь Каліноўскі?

— Здымак, пра які ты гаворыш, не атрыбутаваны. Я не хацеў падаваць яго як выяву безыменнага паўстанца, у мяне і так хапала атрыбутаваных адбіткаў касінераў-інсургентаў. Я пакінуў высьвятленьне гэтага пытаньня да другога выданьня. Згаданы здымак разам з двума іншымі дакладна вядомымі адбіткамі правадыра паўстаньня здадзены мною ў Цэнтар крыміналягічнай экспэртызы на вуліцы Валадарскага. Мне паабяцана, што цягам месяца будзе прафэсійны адказ на гэтае пытаньне — Каліноўскі на здымку ці не?

— Чытаючы «Мужыцкую праўду», бачыш, наколькі актуальнымі для нас зьяўляюцца словы Каліноўскага , напісаныя 150 гадоў таму: «Ад маскаля няма чаго дабра спадзявацца; маскаль хітры, урад маскоўскі нас дурманіць; бясьпечнасьці пад маскалём ніякай няма; жыцьцё пад маскалём — горкая доля; паспрыяеш маскалю — саграшыш перад Богам; з усіх старон маскалі цяпер талкуюць нам без устанку аб сваім брацтве з намі, але брацтва там нямнога знойдзеш». Як сёньня можна расцаніць гэтыя выказваньні?

— Словы Каліноўскага заўсёды былі для нас актуальныя, асабліва цягам апошніх двух стагодзьдзяў. Праўда, расейскі імпэрскі шавінізм за савецкім часам быў закамуфляваны, апрануты ў авечую скуру. Нас выхоўвалі на панятках нібыта «інтэрнацыяналізму». Ацэнкі Каліноўскага былі вельмі пашыраныя ў той час. Гэта відаць, скажам, па ўспамінах Якуба Гейштара, Апалінара Сьвентарэцкага, Вандаліна Чэрніка. Сучасьнікі і паплечнікі Каліноўскага адназначна бачылі ў імпэрскай Расеі ворага. Яны нават акрэсьлілі, што ў бліжэйшае стагодзьдзе яна ня зможа стаць нам паплечніцай ці сардэчнай апякункай. Бо вельмі шмат крыві ўжо тады пралілося. І ня бачна разуменьня і жаданьня з расейскага боку спыніць гэтую кроў.

— 128 удзельнікаў паўстаньня былі пакараныя сьмерцю. Больш за 12 000 саслана ў Сібір. А дастаткова было напісаць прашэньне бацюхну-цару... Што ўсё ж змушала паўстанцаў ісьці з высока ўзьнятай галавой да канца?

— Так, паўстанцам часта прапаноўвалася — падпішы вернападданьніцкі адрас цару Аляксандру ІІ, і ты будзеш ахінуты ягонай ласкай. Аднак паўстанцы ішлі на эшафот і на катаргу, на канфіскацыю маёмасьці, але не падпісвалі. Яны разумелі, што духоўная здрада Радзіме ляжа грахом на наступныя пакаленьні. Уся былая веліч ВКЛ, усё змаганьне цягам стагодзьдзяў, уся вялікая культура, якая здолела паўстаць тут ад Дняпра і да Бугу, усе кніжныя выданьні, азораныя сьвятлом Скарыны, сьведчылі пра тое, што ў канцы ХVІІІ-га і ў ХІХ стагодзьдзі на нашыя землі прыйшла цемра. Паўстаньне 1863 году было апошнім моцным узброеным супрацівам. І мы павінны памятаць тых, хто змагаўся зь цемрай. Калі я працаваў у архівах, кожны здымак грукаў мне ў сэрца, у душу з адзінай просьбай: не пакідай мяне ў архіўнай немаце! Відаць, з гэтага пачуцьця выніклі і словы вялікага Адама Міцкевіча, якія я паставіў эпіграфам да фотаальбому: «Калі я забудуся пра іх на зямлі, ты, Божа, забудзься пра мяне на небе».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG