Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дэпутат Нацыянальнага сходу, генэрал-маёр у адстаўцы Валер Фралоў мяркуе, што тэарэтычна наступ расейскага войска празь Беларусь на Кіеў магчымы, і калі ён адбудзецца, украінскія Ўзброеныя сілы яго не адаб’юць.
Валер Фралоў

Валер Фралоў

«Украіна мала што можа супрацьпаставіць такому наступу. Лукашэнка ўжо казаў, што Беларусь з Расеяй — саюзьнікі, і Беларусь будзе дзейнічаць у адпаведнасьці з дамовай аб саюзнай дзяржаве. А калі атака ідзе з розных бакоў, гэта цалкам дэмаралізуе праціўніка. Калі ты стаіш і думаеш, што ён правай ударыць, а ён яшчэ і левай можа шахнуць — гэта зусім іншае. Да таго ж і з пункту гледжаньня геаграфіі наступ з поўначы складана спыніць. Тут няма ніякіх натуральных перашкодаў. І былая савецкая сыстэма абароны гэтай тэрыторыі была скіраваная на захад. Дысьлякацыя войскаў, інфраструктура — усё было пад пагрозу з захаду, і не плянавалася, што нехта можа ўдарыць па Ўкраіне з поўначы. Таму, так, такая пагроза для ўкраінцаў ёсьць, і яна вялікая».

Тое, што 9 расейскіх зьнішчальнікаў разьмешчаныя непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы, Валер Фралоў пакуль не разглядае як паказчык падрыхтоўкі да нападу на Ўкраіну з поўначы, але бачыць у гэтым дэманстрацыю такой магчымасьці. На ягоную думку, у любы момант колькасьць расейскіх самалётаў у Беларусі можа павялічыцца да авіяпалка, а ў ім 36 самалётаў. Зрэшты, гэта яшчэ ня будзе азначаць, што наступ пачынаецца. Але ў Беларусі, мяркуе Валер Фралоў, могуць зьявіцца і сухапутныя расейскія часьці, для якіх самы кароткі шлях да Кіева — усяго 120 кілямэтраў:

«Мы ж бачылі на манэўрах, як дзейнічаюць іхнія мабільныя войскі. Гэта хуткія, моцныя часьці. Вялікі дэсант могуць высадзіць дзе заўгодна. У сучаснай вайне гэта можа адбыцца абсалютна імгненна. Праз два дні яны будуць там, дзе трэба».
Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

З такімі прагнозамі згодны незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін. Пры гэтым Аляксандар Алесін мяркуе, што і зьяўленьне ў Беларусі значнай колькасьці сухапутных расейскіх войскаў яшчэ ня будзе аўтаматычна азначаць, што яны пойдуць у наступ на Кіеў:

«Збольшага ў Расеі з сухапутнымі войскамі праблема. У іх паводле плянаў павінна было быць да мільёна салдатаў, але прызвалі толькі тысяч 700. Разьмясьціць вялікія масы войска паўсюль, дзе ім трэба, яны ня могуць. Ёсьць Кітай, ёсьць Каўказ, яшчэ будзе Ўкраіна, а тут яшчэ ўзьнікае і Беларусь. Таму яны абралі іншую тактыку — мабільныя войскі. На выпадак манэўраў закладаецца сытуацыя, што калі Беларусь апынецца пад ударам агрэсара, то сюды прыбудуць расейскія вайскоўцы для дапамогі».
Аляксандар Камароўскі

Аляксандар Камароўскі

Вайсковы лётчык часоў савецка-аўганскай вайны Аляксандар Камароўскі мяркуе, што калі дойдзе да нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, колькасьць расейскіх самалётаў у Беларусі павялічыцца да некалькіх соцень. Але і ў гэтым выпадку былы вайсковы лётчык ня бачыць у расейскага войска шанцаў на агульную перамогу над Украінай:

«Калі Расеі хопіць глупства ўварвацца ва Ўкраіну на танку, то яна там і застанецца. Танкі можна зьнішчаць і з самалётаў, і артылерыяй. Украінцы — гэта вельмі баяздольная нацыя. Асабліва поўнач і захад. Пачнецца партызанская вайна. Плюс ня толькі яны не здадуцца, а хутка ім на дапамогу прыедуць інтэрнацыянальныя брыгады, як у Гішпаніі ў 1936 годзе. Як там ад фашызму абараняліся, гэтак будуць абараняцца ад расейскай агрэсіі.

Дый у самой Расеі сытуацыя будзе мяняцца. Гэта цяпер яны на 80% падтрымліваюць Пуціна. Але пачнуць туды везьці труны з расейскімі хлопцамі, па 100–200 у суткі, і гэтая падтрымка зьменшыцца ў разы.

Правядзем аналёгію з захопам Гітлерам Судэтаў у 1938 годзе: тады 100% падтрымалі Гітлера, бо не было стратаў, як пры захопе Крыму цяпер рапартуюць, што не загінуў ніводзін расейскі салдат. Потым 1939 год — захоп Польшчы. Ужо былі страты. Пад’ём шавінісцкі быў, але разумныя людзі ўжо выказвалі асьцярогу. 1940 год — Францыя. Там Гітлер страціў ужо недзе 60 тысяч. Зноў быў патрыятычны пад’ём, але яшчэ меншы. І 1945 год — выпаўзалі з канаваў і ўсе крычалі „Гітлер капут“.

Мяркую, калі справа дойдзе да вайны, то прыйдзе час, калі і расейскія салдаты будуць крычаць „Пуцін капут“. У гэтым сэнсе я гляджу на сытуацыю з аптымізмам».
XS
SM
MD
LG