Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пошуках украінскіх уцекачоў на расейскай мяжы


У расейскіх СМІ і сацыяльных сетках зьяўляюцца паведамленьні пра ўцекачоў з Украіны, мясцовыя ўлады памежных расейскіх абласьцей рапартуюць пра гатоўнасьць прыняць патокі выгнаных са сваіх дамоў уцекачоў. Карэспандэнты Радыё Свабода ў расейскіх абласьцях, якія мяжуюць з Украінай, вырашылі праверыць, ці ёсьць там уцекачы з Украіны.

Белгародзкая вобласьць


Канфлікт паміж Масквой і Кіевам, які выклікаў сусьветны рэзананс, відавочна не хвалюе большасьць мясцовых жыхароў. Пра гэта ня кажуць у крамах ці грамадзкім транспарце, гэта не станавілася галоўнай тэмай пры сустрэчах са знаёмымі, а ў мясцовых газэтах пра гэта ня пішуць, калі не лічыць дзяжурных нататак пра Крым.

Па-ранейшаму зь Белгарада ў Харкаў можна свабодна праехаць на электрычцы, аўтобусе ці машыне. Па-ранейшаму ў Белгарадзе гандлююць украінцы. І ўсё ж казаць, што ўсё зусім як заўсёды, нельга. Аўтобусы ідуць у Харкаў паўпарожнія, таксісты засталіся бяз працы, кажуць, што ў машынах з расейскімі нумарамі лепш ня езьдзіць.

Экс-губэрнатар Харкаўскай вобласьці Міхаіл Добкін, перад тым, як паехаць у Кіеў на сустрэчу з новымі ўкраінскімі ўладамі, пасьпеў пабываць з таемным візытам у Белгарадзе. Сьцьвярджаюць, што прабыў ён тут усяго некалькі гадзінаў. Навошта прыяжджаў, што рабіў – невядома. Самая экзатычная вэрсія: Добкін вывез грошы і каштоўнасьці.

У пачатку сакавіка ў эфіры аднаго з тэлеканалаў губэрнатар Белгародзкай вобласьці Яўген Саўчанка заявіў: па вобласьці блукаюць натоўпы ўзброеных людзей, якія невядома адкуль узяліся, і яны ладзяць розныя правакацыі. Далей Саўчанка паведаміў аб наплыве ўцекачоў, якія прыехалі ў Белгародзкую вобласьць з Украіны: «Рэгіён зараз прымае тысячы добрых людзей, прычым ня толькі з паўднёвага ўсходу, але і зь цэнтральных абласьцей».

Пры гэтым мясцовая паліцыя заявіла, што працуе ў штатным рэжыме, МНС – што ўцекачоў у рэгіёне пакуль няма, міграцыйная служба – што росту зваротаў да іх не назіраецца.

ГлядзецьУкраінскія ўцекачы на расейскай мяжы на вялікай мапе


Варонеская вобласьць


У параўнаньні зь іншымі памежнымі з Украінай тэрыторыямі Расеі Варонеская вобласьць мае самую кароткую мяжу – усяго 100 км. Варонеская, Растоўская і Луганская вобласьці ўвайшлі ў памежны эканамічны раён «Эўрарэгіён Данбас». Прычым пагадненьне аб стварэньні «Данбаса» было падпісанае ў самы разгар цяперашняй украінскай рэвалюцыі.

У пазамінулым годзе паказчыкі зьнешнегандлёваму абароту Варонескай вобласьці з Украінай наблізіліся да мільярда даляраў.

Украінскі алігарх Дзьмітры Фірташ лічыцца саўладальнікам аднаго з найбуйнейшых Варонескіх прадпрыемстваў ААТ «Мінугнаеньні»; нядаўна да актываў прадпрыемства праявіў цікавасьць і расейскі алігарх з пуцінскага атачэньня Аркадзь Ратэнбэрг.

З 19 сакавіка расейская памежныя службы «часова прыпынілі» пераход мяжы ў Варонескай і Белгародзкай абласьцях. Цяпер, каб трапіць у суседняе ўкраінскае сяло да сваякоў, неабходна зрабіць крук на дзясяткі кілямэтраў, каб прайсьці ўсю фармальную працэдуру пераходу на аўтамабільным пункце пропуску. Матывы такога рашэньня тлумачыць адміністрацыя Расашанскага раёну Варонескай вобласьці, якая разьмясьціла на сваім афіцыйным сайце адпаведны дакумэнт. У ім гаворыцца пра абмежаваньні на перасячэньні мяжы «ў мэтах недапушчэньня правакацыйных і іншых супрацьпраўных дзеяньняў».

Кіраўніцтва Варонескай вобласьці абвясьціла пра гатоўнасьць адкрыць 45 пунктаў часовага разьмяшчэньня для грамадзянаў Украіны на 4,5 тысячы чалавек. Разам з тым паводле міграцыйнай статыстыкі прыток і адток грамадзянаў Украіны ў Варонескую вобласьць за няпоўныя тры месяцы сёлета не дэманструе істотнага павелічэньня патоку перасяленцаў у бок РФ: 14366 заехалі, 13226 выехалі. Калі ўлічыць, што многія ўкраінцы прыяжджаюць у Расею на працу, міграцыйнае сальда на карысьць Расеі тлумачыцца лёгка.

Пры гэтым пакуль ніхто з грамадзянаў Украіны, якія апынуліся ў Варонескай вобласьці, не зьвярнуўся з заявай аб часовым прытулку або статусе ўцекача.

Бранская вобласьць


У прэс-службе памежнага ўпраўленьня ФСБ Расеі па Бранскай вобласьці заяўляюць, што на Бранскім участку расейска-ўкраінскай мяжы ўсё спакойна.

«Нашы памежнікі не пераходзілі на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы з-за сытуацыі ва Ўкраіне. Што тычыцца ваеннай тэхнікі, то на нашым участку мяжы яе няма», – сказалі ў памежным упраўленьні.

У прэс-службе Бранскай мытні таксама кажуць, што ў іх усё спакойна, аднак на мяжы адзначана зьніжэньне грузаперавозак і патоку пасажыраў. У цэлым жа, адзначаюць у Бранскай мытні, сытуацыя застаецца спакойнай, супрацоўнікі ведамства працуюць у штатным рэжыме.

Ва ўрадзе Бранскай вобласьці заяўляюць пра гатоўнасьць разьмясьціць уцекачоў з Украіны, калі раптам такія аб'явяцца. У прыватнасьці, у лячэбна-аздараўленчых установах у Жукоўцы і Дамашове, у Даркавіцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, у прытулках і іншых сацыяльных установах. Чатыры дзяржаўных ВНУ рэгіёну гатовы ўзяць па 200 чалавек зь ліку ўцекачоў на навучаньне. Калі спатрэбіцца, дадуць месцы і ў інтэрнаце. Таксама гатовыя прыняць украінцаў чатыры філіялы Бранскай сельгасакадэмі ў Брасаўскім раёне, Трубчэўску, Навазыбкаве і пасёлку Мічурынск. Але ўцекачоў няма.

Растоўская вобласьць


У аздараўленчым комплексе «Рамонак» у Неклінаўскім – памежным з Украінай – раёне Растоўскай вобласьці жывуць некалькі чалавек, якія прыехалі на Дон з сумежнай дзяржавы на працягу мінулага месяца. Паводле іх, усе яны вымушаныя былі пакінуць Украіну і ўцячы, захапіўшы з сабой толькі самае неабходнае.

Не змагу ўдакладніць статус людзей, якія знаходзяцца тут, – кажа намесьнік губэрнатара Растоўскай вобласьці Сяргей Бондараў: «У дадзены момант гэта проста жыхары Ўкраіны, якія маюць права на працягу трох месяцаў без рэгістрацыі пражываць у сваіх расейскіх сваякоў ці знаёмых. Можна сказаць, што яны ў гасьцях у сваіх сяброў, і мы іх ня кінем».

Тым ня менш украінцы, якія прыехалі – пакуль асьцярожна – скардзяцца на мясцовую бюракратыю. Як распавёў журналістам жыхар Луганскай вобласьці Аляксандар (прозьвішча яго ён прасіў не называць), пакуль усе абяцаньні апэратыўна вырашыць пытаньні з дакумэнтамі застаюцца толькі словамі. З размоваў зь імі высьветлілася, што на самой справе зьяжджалі яны не з-за рэальнай пагрозы іх жыцьцю, а з-за страху, што нешта адбудзецца.

«Напужаліся за свой лёс, – распавяла мама хлопчыка Яна. – У сяброў напярэдадні нейкія малойчыкі абрабавалі краму, а суседзям пачалі прыходзіць позвы ў ваенкамат. Мой муж працуе фэльчарам, яго б сапраўды прызвалі. Бо Ўкраіна сапраўды рыхтуецца ваяваць з Расеяй. А мы – этнічныя рускія, і больш не жадаем ва ўсім гэтым удзельнічаць!»

«Мы прыехалі 5 сакавіка, тут жа пайшлі ў міграцыйную службу, – успамінае Яна. – Але закон аб спрашчэньні выдачы грамадзянства ўкраінцам яшчэ ня дзейнічае, і нам тактычна намякнулі, што дапамагчы пакуль нічым ня могуць. Мы зьвярнуліся ў іншыя інстанцыі, пайшлі запісвацца на прыём да губэрнатара, нас тут жа прыняў яго намесьнік, выслухаў, зьвязаўся з абласным міністэрствам працы і на наступны дзень нас накіравалі сюды».

Лічбу, якая зьявілася ў некаторых расейскіх сродках інфармацыі – 20 тысяч уцекачоў – намесьнік губэрнатара Сяргей Бондараў не пацьвердзіў. Сказаў толькі, што, сапраўды, з пачатку году каля 10 тысяч украінцаў перасеклі мяжу з Расеяй у Растоўскай вобласьці, а назад не вяртаюцца. Але з гэтага ліку нехта прыехаў лячыцца або на вучобу, на заробкі, ці проста ў госьці да сваякоў на доўгі час. А хтосьці не затрымаўся на Доне і паехаў далей – у іншыя расейскія рэгіёны.

«Магу сказаць цалкам дакладна, што пакуль масавага перасяленьня грамадзянаў Украіны ў Растоўскую вобласьць няма, – заявіў Сяргей Бондараў. – Мы дакладна ведаем аб наяўнасьці некалькіх сотняў такіх вось «гасьцей з Украіны», якія ў дадзены момант жывуць у сваіх знаёмых. Але зь іх па дапамогу да ўладаў зьвяртаюцца толькі дзясяткі: адным дапамагаем знаходзіць сваякоў і сяброў, кагосьці на іх просьбу накіроўваем у іншыя рэгіёны».

Курская вобласьць


Два гады таму тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч падпісаў закон аб ратыфікацыі пагадненьня аб спрашчэньні парадку перасячэньня мяжы для жыхароў памежных рэгіёнаў, у тым ліку Белгародзкай, Варонескай і Курскай абласьцей. Сёньня гэтыя кантакты ўскладненыя.

Начальнік УФМС Расеі па Курскай вобласьці Алег Калесьнікаў пацьвердзіў, што на фоне масавага атрыманьня жыхарамі Крыму расейскіх пашпартоў у Курскай вобласьці ёсьць восем выпадкаў адмовы ад расейскага грамадзянства ў сувязі з прыняцьцем грамадзянства Ўкраіны.

Прэс-сакратар міліцыі Курскай вобласьці Лілія Каменева запэўніла карэспандэнта Радыё Свабода, што па іх лініі ніякай напружанасьці не назіраецца і ўсе службы працуюць у звычайным рэжыме.

Праўда, за апошні тыдзень «вызначылася» Курская мытня. Там былі затрыманыя шэсьць «парушальнікаў мяжы», якія спрабавалі незаконна пранікнуць на тэрыторыю Расеі без дакумэнтаў. А менавіта: адна кошка і пяць сабак. Усе без вэтэрынарных даведак. Акрамя таго, з-за адсутнасьці дакумэнтаў Украіне вярнулі некалькі дзесяткаў кіляграм мяса, мёду і сьвежамарожанай рыбы.

У гарадах рэгіёну людзі жывуць у нармальным рэжыме. Уцекачоў з Украіны няма. Толькі людзі ўсё часьцей глядзяць на суседнюю краіну як на зусім ужо далёкае замежжа. А ўлічваючы тое, што па выніках 2012 году доля Ўкраіны склала больш за 70% у зьнешнегандлёвым абароце Курскай вобласьці з краінамі блізкага замежжа – 473 мільёны даляраў ЗША, то нестабільная сытуацыя перш за ўсё ударыць па мясцовым бюджэце. Але на фоне эўфарыі ад набыцьця Крыму гэтыя праблемы, мабыць, падаюцца мясцовым уладам неістотнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG