Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Францкевіч пацьвердзіў арышт беларускага анархіста ў Расеі


Аляксандар Францкевіч

Аляксандар Францкевіч

Актывіст анархісцкага руху Аляксандар Францкевіч распавёў Радыё Свабода, што ён асабіста ведае арыштаванага ў Расеі беларускага анархіста Дзьмітрыя Разановіча.

Дзьмітрыя Разановіча ў сярэдзіне сакавіка сапраўды затрымалі пры перасячэньні ўкраінска-расейскай мяжы, сказаў Францкевіч:

«Дзьмітрый цяпер у курскім „Цэнтры ўтрыманьня замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія падлягаюць адміністратыўнаму выдварэньню ці дэпартацыі за межы Расейскай Фэдэрацыі“.

Расейскі адвакат, якога нанялі бацькі Дзьмітрыя, пакуль ня змог сустрэцца зь ім. Мяркуецца, што сустрэнецца ў панядзелак.

Паводле адваката, Дзьмітрыю інкрымінуюць адміністрацыйнае правапарушэньне, але якое менавіта — невядома. Магчыма, даведаемся ў панядзелак. Тое, што прайшла інфармацыя нібыта пра яго намер падарваць Курскую АЭС — хутчэй за ўсё дэзынфармацыя, альбо спэцслужбы спрабавалі такім чынам ціснуць на сваякоў, якім, дарэчы, таксама не дазволілі сустрэцца зь Дзьмітрыем».

Дзьмітры Разановіч — 1989 году нараджэньня. У Гомелі рабіў на будоўлі. Ехаў з Кіева ў Расею да сваякоў. Быў затрыманы, верагодна, з 13 на 14 сакавіка. Нягледзячы на тое, што пры сабе ён меў пашпарт брата, затрымалі Дзьмітрыя, паводле Аляксандра Францкевіча, не пры пераходзе мяжы, а ўжо бліжэй да Курску.

Дзьмітры быў актыўным удзельнікам кіеўскага Майдану. Верагодна, паводле Аляксандра Францкевіча, актывіста затрымалі як непажаданую асобу на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.
XS
SM
MD
LG