Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына гатовая пераплюнуць Крым: «Слабо нам, ці што?»


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 лістапада 2015 году. Пра гэта сёньня сказала журналістам пасьля завяршэньня паседжаньня Цэнтральнай выбарчай камісіі яе старшыня Лідзія Ярмошына.

Яўка на мясцовыя выбары, якія толькі што скончыліся, склала 77,4%, што дало падставу карэспандэнту Радыё Свабода запытацца ў Лідзіі Ярмошынай: ці можна ў Беларусі чакаць падчас прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ большай актыўнасьці? На гэтае пытаньне старшыня ЦВК адказала: «А чаму не? Слабо нам, ці што?»

Паводле сэпаратысцкіх уладаў Крыму, яўка на рэфэрэндум склала 82,7%.

Сёньня на паседжаньні ЦВК Лідзія Ярмошына агучыла запрашэньне ад старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Латвіі для двух сябраў ЦВК Беларусі. Латвійцы запрашаюць сваіх беларускіх калегаў прыехаць у іхнюю краіну, дзе 24 траўня адбудуцца выбары эўрадэпутатаў.

«Каго нам накіраваць у Рыгу? — запыталася ў сваіх калегаў Лідзія Ярмошына. — Выбіраць нам асабліва няма з каго, бо дзьве траціны сябраў ЦВК Беларусі неўязныя ў краіны Эўразьвязу».

Таму ЦВК прагаласавала за Міхаіла Пятрушына і Сяргея Каліноўскага, якія ня маюць абмежаваньняў на ўезд у краіны Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG