Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль cпасылаецца на прыклад Косава, Акт Незалежнасьці якога прызнаў міжнародны суд, калі аргумэнтуе правамоцнасьць абвяшчэньня незалежнасьці Крыму. Аднак ці можна параўноўваць Крым і Косава?

Вядучы экспэрт па міжнародным праве, прафэсар унівэрсытэта Джорджа Вашынгтона Шон Мэрфі прадстаўляў урад ЗША ў Міжнародным трыбунале па справе былой Югаславіі, а таксама адстойваў інтарэсы многіх краінаў у міжнародных судах. Разам зь іншымі юрыстамі ў сьнежні 2009 году ён абараняў права Косава на незалежнасьць. Паводле Мэрфі, зь якім зрабіла інтэрвію ўкраінская служба «Голасу Амэрыкі», параўноўваць Косава і Крым няма юрыдычных падстаў.

«Галоўнае адрозьненьне ў тым, што ў выпадку з Косава ААН гуляла вядучую ролю. Рада Бясьпекі прыняла рэзалюцыю 1244, па якой, апроч іншага, у Косава была створаная місія ААН. Гэта місія працавала там цягам васьмі гадоў, разьвівала інстытуты. Гэта ў рэшце рэшт прывяло да канчатковай падрыхтоўкі і пачатку працэсу, які быў запушчаны з дапамогай ААН, а не якой-небудзь асобнай краіны».

Паводле Мэрфі, нічога падобнага ў выпадку з Крымам не адбылося. Ні ААН, ні Рада Бясьпекі не ўхвалялі працэсы ў Крыме. Генсакратар або яго прадстаўнікі не былі прыцягнутыя да вырашэньня праблемаў, якія маглі быць у Крыме, адзначае Мэрфі.

«І гэта ня кажучы пра вялікую розьніцу паміж Крымам і Косава, дзе былі, працягваліся і насьпявалі новыя, вельмі сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека. Міжнародны крымінальны трыбунал па Югаславіі ахарактарызаваў рэчы, якія адбываліся ў Косава, як злачынства супраць чалавечнасьці. У Крыме нічога падобнага не было».

Безумоўна, кажа юрыст, абвяшчэньне незалежнасьці Крыму не было вынікам натуральнага працэсу, у выніку якога ААН, генсакратар або яго прадстаўнік сказалі б, што іншага варыянту не існуе. Працэсы ў Крыме падштурхнула Расея з дапамогай ваеннай сілы, што парушае нормы ААН, тлумачыць прафэсар.

«Акт абвяшчэньня незалежнасьці групай людзей не парушае міжнароднае права. Праблема ў тым, што Расея ўжыла сілу супраць Украіны мінімум у два спосабы. Па-першае, накіравала ўзброеныя групы з Расеі ў Крым, каб там маніпуляваць сытуацыяй. А таксама ўжыла ваенных, якія ўжо былі ў Крыме паводле дамоўленасьці, для выкананьня задач, якія не прадугледжваліся папярэднімі дамовамі».

Паводле прафэсара Мэрфі, тэорыя самавызначэньня ў міжнароднай юрыспрудэнцыі грунтуецца на трох магчымасьцях абвяшчэньня незалежнасьці. Па-першае, сьветам прызнаецца права на самавызначэньне калёніяў, гэта значыць краінаў, калянізаваных замежнымі сіламі.
Вы ня маеце права на самавызначэньне для выпраўленьня прававой несправядлівасьці, калі вам дадзеныя дэмакратычныя правы, магчымасьць мясцовага самакіраваньня, і вы ўдзельнічаеце ў рэгулятыўным працэсе на ўзроўні цэнтральнага ўраду

Па-другое, такое права прызнаюць за акупаванымі тэрыторыямі. І трэці, найменш выбітны выпадак, гэта калі на пэўнай частцы якой-небудзь краіны адбываюцца сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, зьдзек з грамадзянскага насельніцтва, яму адмаўляюць у праве галасаваць, мець сваіх прадстаўнікоў у цэнтральным ўрадзе. У такім выпадку можна казаць пра права на самавызначэньне і самакіраваньне, каб спыніць парушэньне правоў чалавека, кажа Шон Мэрфі.

«Калі спытаць, ці падпадае Крым пад гэты артыкул, дык проста не існуе перадумоваў для гэтага. Гэта значыць, няма парушэньня правоў чалавека. Жыхарам не адмаўлялі ва ўдзеле ў палітычным працэсе, бо яны дасылалі сваіх прадстаўнікоў у парлямэнт у Кіеве».

Выпадак з Крымам, паводле Мэрфі, больш падобны не да Косава, а да сытуацыі ў Квэбэку, які імкнуўся адасобіцца ад Канады. Вярхоўны суд Канады вынес рашэньне па гэтай справе, якім сёньня кіруецца большасьць міжнародных юрыстаў.

«Вы ня маеце права на самавызначэньне для выпраўленьня прававой несправядлівасьці, калі вам дадзеныя дэмакратычныя правы, магчымасьць мясцовага самакіраваньня, і вы ўдзельнічаеце ў рэгулятыўным працэсе на ўзроўні цэнтральнага ўраду».

З пункту гледжаньня права, Крым застаецца тэрыторыяй Украіны.

Дзеяньні Расеі ў Крыме, кажа прафэсар, парушаюць усясьветны балянс і могуць мець трагічныя наступствы для плянэты.

«У сьвеце шмат краінаў, якія, магчыма, зацікаўленыя ў кавалку тэрыторыі суседа. Мы ня можам вярнуцца ў сьвет, у якім нармальна ўспрымаюцца дзеяньні, якія прыводзяць да перадзелу межаў. Гэта рэцэпт катастрофы».
Мы ня можам вярнуцца ў сьвет, у якім нармальна ўспрымаюцца дзеяньні, якія прыводзяць да перадзелу межаў. Гэта рэцэпт катастрофы

Паводле Мэрфі, з гледзішча міжнароднага права, Крым, як і раней, застаецца тэрыторыяй Украіны.

У лютым 2008 года Косава абвясьціла незалежнасьць. Сэрбія паставіла пад сумнеў легітымнасьць гэтага кроку, і за справу ўзяўся Міжнародны суд у Гаазе. Паводле яго рашэньня, працэс абвяшчэньня незалежнасьці адпавядаў нормам міжнароднага заканадаўства. Калі Крым абвясьціў незалежнасьць, а праь некалькі дзён правёў рэфэрэндум аб далучэньні да Расейскай Фэдэрацыі, Крэмль аргумэнтаваў і працягвае аргумэнтаваць законнасьць гэтага працэсу, спасылаючыся на Косава.

Супольнага паміж Косава і Крымам толькі тое, што яны пачынаюцца зь літары «К»

Тым часам экс-кіраўнік МЗС Баўгарыі і заснавальнік Атлянтычнага клюба ў краіне Саламон Пасі заявіў, што супольнае паміж Крымам і Косава толькі тое, што яны пачынаюцца зь літары «К».

«У Косаве адзін этнас, які быў атакаваны адным вар’ятам-дыктатарам, ратавалі ад генацыду, зьнішчэньня і прымусовай дэпартацыі. У Крыме не было нічога падобнага. Умяшаньне ў Косава было падтрымана з боку НАТО, ЭЗ і дзясяткаў краінаў усяго сьвету, а ў Крыме аднабаковае ўмяшаньне Расеі адбылося безь міжнароднай падтрымкі», — адзначыў Пасі.

Ён заявіў, што ўведзеныя ЭЗ санкцыі на пэўных асобаў у Расеі зьяўляюцца"палавіністымі і сымбалічнымі«. Ён адзначыў, што агульная палітыка ЭЗ залежыць ад «самаахвяраваньня Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі адносінамі з Расеяй».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG