Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежную краіну часам любіш зусім не за тое, што ў ёй жывуць добрыя людзі ў прыгожых краявідах, а за тое, што ў ёй добрыя пісьменьнікі пішуць (або пісалі) прыгожыя кніжкі. Ня ведаю, наколькі гэткая прыхільнасьць да чужых зямель пашыраная сярод агульнай чытацкай публікі, але што тычыцца перакладчыкаў – дык тут ня можа быць ніякага сумневу. Асабіста ў мяне гэткая літаратурная любоў цепліцца да больш чым паловы эўрапейскіх краінаў, хоць у пераважнай большасьці зь іх я ніколі ня быў і наўрад ці калі-небудзь туды паеду. Такой, мабыць, і ёсьць плятанічная любоў у сваім найчысьцейшым выглядзе...

Чэхію я палюбіў таксама завочна, задоўга да таго, як пераехаў сюды жыць у 1998 годзе. Перш за ўсё дзякуючы кніжкам Багуміла Грабала, якія ў польскіх перакладах я стаў чытаць у свае студэнцкія гады ў Варшаве, пад канец 1970-х і на пачатку 1980-х. Але ацаніць Грабала ды ягонае значэньне ў літаратуры (як чэскай, так і эўрапейскай) мне ўдалося толькі тады, калі я, будучы ўжо ў Празе, падвучыўся чэскай мовы настолькі, што здолеў чытаць яго ў арыгінале. Маё захапленьне грабалаўскай прозай вылілася навонкі перакладам навэлы «Танцавальныя гадзіны для старэйшых і спрактыкаваных», які спачатку быў апублікаваны ў беластоцкім часопісе «Правінцыя» (2000), а потым, у 2007 годзе, зьявіўся ў кніжным выглядзе ў выдавецтве «Корзун» у Менску. А калі гаварыць пра самыя першыя спатканьні беларускага чытача з Грабалам, дык адбыліся яны ў 1998 годзе, калі ў часопісе «Крыніца» зьявіліся два ягоныя апавяданьні ў перакладзе Сяргея Сматрычэнкі, і ў 1999 годзе, калі часопіс «Архэ» апублікаваў падборку ягоных вершаў у перакладзе Максіма Шчура.

28 сакавіка прыпадаюць 100-тыя ўгодкі з дня нараджэньня Багуміла Грабала, таму я ня мог прамінуць гэтай нагоды, каб не прыгадаць хоць некалькі фактаў і эпізодаў з жыцьця і творчасьці гэтага выдатнага пісьменьніка, адкрыць якога напоўніцу беларускаму чытачу – усё яшчэ заданьне будучыні для нашых перакладчыкаў. Пасьля згаданай Грабалавай кніжыцы па-беларуску з 2007 году, летась у Менску «Логвінаў» выдаў ягоны раман «Я абслугоўваў ангельскага караля» ў перакладзе Марыі Мартысевіч. Ведаю ад перакладчыцы, што цяпер яна перакладае наступны твор Грабала – ня менш знакаміты раман «Занадта гучная самота». Значыць, будзем спадзявацца, што зь беларускім Грабалам усё на добрай дарозе...

Дэбют у 50 гадоў

Грабал дэбютаваў у друку даволі позна. У 1963 годзе, калі пісьменьніку было амаль 50 гадоў, выйшаў ягоны дэбютны зборнік апавяданьняў «Пэрліна на дне». Да савецкай акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 годзе Грабал пасьпеў выдаць у дзяржаўных выдавецтвах каля дзясятка сваіх кніжак. Потым, у пэрыяд «нармалізацыі», які наступіў пасьля «праскай вясны», Грабал падпаў пад выдавецкую забарону. У 1968 годзе фільм Іржы Мэнцла «Цягнікі пад строгім наглядам», зьняты паводле аднайменнай навэлы Грабала, атрымаў прыз Амэрыканскай акадэміі кінэматаграфістаў («Оскар») як найлепшы замежны фільм. «Жаваранкі на прывязі» – наступны фільм Мэнцла, зьняты паводле прозы Грабала ў 1969 годзе, цэнзура ўжо ўзяла пад ключ.

У 1970-х кніжкі Грабала выходзілі наогул у падпольных выдавецтвах. Тады якраз, будучы «неафіцыйным пісьменьнікам», Грабал напісаў свае вяршынныя рэчы: «Я абслугоўваў ангельскага караля» (1971), «Лагодны барбар» (1972), «Падстрыжыны» (1974), «Мястэчка, дзе спыніўся час» (1974), «Занадта гучная самота» (1978).

«Я не хачу стаяць збоку...»

Аднак жа Грабал не хацеў быць пісьменьнікам-дысыдэнтам. Тое, што ягоныя кніжкі выходзілі падпольна, абмежаванымі тыражамі, і траплялі ў колькасна абмежаванае кола чытачоў – было яму вельмі не з рукі. Прытым, яго моцна прыгняталі рэгулярныя допыты ў службе бясьпекі, падчас якіх чэхаславацкія чэкісты хацелі конча высьветліць, якім жа чынам машынапісы ягоных твораў траплялі ў падпольныя выдавецтвы. У 1975 годзе ў часопісе «Tvorba» зьявілася інтэрвію з Грабалам, якое ўлады успрынялі як дэклярацыю палітычнай ляяльнасьці пісьменьніка. Паводле таго партыйнага часопісу, Грабал нібыта заявіў: «Вакол маёй асобы нагрувасьцілася шмат няяснасьці і здагадак, а я часьцяком ня ведаю, чаму і як. (...) ХІV зьезд Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны стаў выклікам усім пісьменьнікам, якія хочуць у гэтай краіне ўзбагачаць жыцьцё людзей. (...) Я не хачу стаяць збоку. (...) Я хачу па-свойму ўносіць уклад у тое, каб адносіны паміж людзьмі былі такімі, якімі маюць быць у сацыялістычным грамадзтве».

Пасьля гэтага інтэрвію забарона на публікацыю Грабала ў дзяржаўных выдавецтвах была зьнятая. Але шмат хто з чытачоў зазлаваў на пісьменьніка за ягоную палітычную бесхрыбетнасьць і пачаў дэманстратыўна выкідаць кнігі Грабала на звалку. Сытуацыя, так сказаць, вядомая і зь іншых краінаў гэтак званага сацыялістычнага лягеру. Па-мойму, няма сэнсу ставіць тое інтэрвію ў віну пісьменьніку. Асабліва – такому выдатнаму пісьменьніку, як Грабал... Бо праблема тут падобная, як у нашумелай у свой час на сайце Радыё Свабода дыскусіі аб Янку Купалу/Каяну Лупаку, выкліканай тэкстам Альгерда Бахарэвіча – каму насамрэч здрадзіў пісьменьнік: сваім перакананьням (то бок, самому сабе) ці літаратуры? Што ні сказаць пра Грабала, літаратуры ён ня здрадзіў. І з гэтым урэшце пагадзіліся ўсе чытачы, нават тыя, якія некалі выкідалі ягоныя кніжкі са сваёй бібліятэкі.

Чаму не атрымаў «нобэля»?


Пачынаючы з 1978 году, дзяржаўныя выдавецтвы да канца камунізму пасьпелі выдаць Грабалу шэсьць кніжак, але ягоны апошні вялікі твор – «сямейная трылёгія» з 1986 году: «Хатнія вясельлі», «Vita nuova», «Прагаліны» – зьявіўся ўпершыню ў падпольным выдавецтве.

Магчыма, факт, што Грабал пайшоў на згаданую вышэй «зьдзелку» з уладай, каб прабіць сабе доступ да дзяржаўных выдавецтваў і шырокай чытацкай публікі, і перашкодзіў яму атрымаць Нобэлеўскую прэмію. Як ведаем, у 1984 годзе атрымаў яе Яраслаў Сэйфэрт, выдатны чэскі паэт даваеннага пэрыяду, які пасьля 1968 году перастаў афіцыйна публікавацца і выдаваў свае зборнікі або ў падпольных выдавецтвах, або прыватным накладам. Кажуць таксама, што Грабал меў шанцы атрымаць Нобэлеўскую прэмію ў 1994 годзе, калі яна дасталася японцу Кэнзабура Оэ. Шкада, вядома, што не атрымаў, бо калі Грабал памёр у 1997 годзе, да шмат каго ў нашай частцы сьвету дайшло, што адышоў ня толькі самы выдатны чэскі пісьменьнік другой паловы ХХ стагодзьдзя, але і адзін з найвялікшых пісьменьнікаў Сярэдняй Эўропы...

Краса жыцьця і аўтсайдэры


Пра прозу Грабала хочацца ў гэтым месцы сказаць дзьве рэчы, абедзьве даволі агульнага характару.

Па-першае, Грабал як пісьменьнік займаўся пошукам і літаратурным адлюстраваньнем красы звычайнага чалавечага жыцьця, то бок, жыцьця звычайнага, нічым непрыкметнага чалавека ва ўсіх яго праявах, нават тых грубых і непрыглядных. «Гэтае жыцьцё прыгожае, да вар’яцтва прыгожае! Не таму, што яно такое, але таму, што я такім яго бачу!» – усклікае ў сваім 100-старонкавым маналёгу Дзядзька Пэпін, апавядальнік «Танцавальных гадзін для старэйшых і спрактыкаваных», спрабуючы распавесьці слухачу-Грабалу і нам, чытачам, пра сваё захапленьне прамінулай красаю сваёй маладосьці, якая прыпала на часы Аўстра-Вугоршчыны. Потым пра красу жыцьця ў даваеннай Чэхаславаччыне ў Грабала распавядае ягоная маці, якую ён учыніў апавядальніцай навэлы «Падстрыжыны» (на падставе якога ў 1980 годзе згаданы Мэнцэл зьняў адзін з найлепшых чэскіх фільмаў). А словы пра красу матэрыяльна і духоўна пакутлівага жыцьця ў сталінскія часы Грабал укладвае ў вусны сваёй жонкі Элішкі, якой прыпала роля апавядальніцы ў ягонай «сямейнай трылёгіі». ​Па-другое, амаль усе найважнейшыя героі Грабала – людзі, якія «выпалі са свайго часу». Такім героем зьяўляецца неўтаймоўны «байдун» Дзядзька Пэпін, які ніяк не пасуе да таго сьвету, які наступіў пасьля заканчэньня Першай сусьветнай вайны, ня кажучы пра Другую. Такім героем зьяўляецца таксама афіцыянт Ян Дзіце з кнігі «Я абслугоўваў ангельскага караля», які пастанаўляе стаць мільянэрам, каб заслужыць пашаны і ўвагі магутных гэтага сьвету, якія грэбуюць такімі маляўкамі, як ён; ён дасягае свае мэты, але тым часам сьвет вакол яго перакульваецца дагары нагамі ды сваю пашану і ўвагу кіруе, так бы мовіць, на зусім іншую сыстэму каштоўнасьцяў, чым тая, якая вызначала жыцьцёвы шлях Яна Дзіце. І такім героем зьяўляецца прасавальшчык макулятуры Ганця з «Занадта гучнай самоты» – мабыць, найбольш выдатнай кнігі Грабала – які балюча адчувае сваю адчужанасьць і непатрэбнасьць у новым, індустрыялізаваным і мэханізаваным сьвеце, і які ў апошнім акце экзыстэнцыяльнага бунту «загружае» самога сябе ў прас ды пасылае, так бы мовіць, на звалку разам з кніжнай макулятурай, што некалі была жывой мудрасьцю ды варушыла чалавечыя сэрцы і розумы...

Буржуй і рабацяга


Грабалу ўдалося нешта, што ўдаецца толькі нешматлікім пісьменьнікам. Яго з энтузіязмам і прыемнасьцю чытаюць усё новыя пакаленьні як самых рафінаваных інтэлектуалаў, так і зусім звычайных чытачоў зь ня надта пераборлівым густам. Такога, напрыклад, ня скажаш пра Джэймса Джойса або Томаса Мана. Магчыма, таямніца чытацкага посьпеху Грабала тоіцца ў незвычайным жыцьцёвым шляху пісьменьніка. Грабал нарадзіўся 28 сакавіка 1914 году ў Брне як няшлюбнае дзіця, але ягоная маці неўзабаве пасьля гэтага выйшла замуж за кіраўніка бровару, які ня толькі ўсынавіў Багуміла, але і запэўніў яму прыстойную адукацыю. Грабал закончыў юрыдычны факультэт Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, а ў 1946 годзе атрымаў тытул доктара юрыдычных навук (нешта сярэдняе паміж тытулам магістра і кандыдата навук, калі прыкладаць сучасныя меркі). Можна сказаць, што ў міжваенны пэрыяд Чэхаславаччыны Грабал належаў да сацыяльнай эліты. А ў пасьляваеннай камуністычнай Чэхаславаччыне ён, як прадстаўнік «буржуазнай клясы», апынуўся на самым дне, стаў звычайным пралетарыем, рабацягам... Перад тым як заняцца выключна літаратурнай творчасьцю ў сярэдзіне 1960-х, Грабал працаваў чорнарабочым і дзяжурным на чыгуначнай станцыі, страхавым агентам, мэталаплаўшчыкам, прасавальшчыкам макулятуры ў канторы ўтыльсыравіны, закулісьнікам у тэатры ў праскім квартале Лібэнь. Мала хто зь вядомых пісьменьнікаў меў такі жыцьцёвы – і моўны! – досьвед, як Грабал. «Маёй асноўнай мовай ёсьць мова звычайных людзей. Мова гэтых людзей заўсёды папярэднічае мове пісьменьніка» – тлумачыў Грабал асаблівасьці свайго стылю ў гасподзе «Пад залатым тыграм» у Празе, дзе правёў большасьць часу са сваёй «шумнай самоты», якая незваротна наступіла ў 1987 годзе, калі памерла ягоная жонка, апошняя асоба зь ягонай сям’і...

Падарунак аўтасьлесара

Вокладка кніжкі з апошнімі тэкстамі Грабала, напісанымі ў 1989-1994 гады

Вокладка кніжкі з апошнімі тэкстамі Грабала, напісанымі ў 1989-1994 гады

Грабал памёр 3 лютага 1997 году. Афіцыйна лічыцца, што гэта быў нешчасьлівы выпадак – пісьменьнік, які тады лячыўся ў шпіталі, нібыта карміў галубы і выпаў з вакна на шостым паверсе. Паводле найбліжэйшых сяброў Грабала, пісьменьнік сам выбраў сабе сьмерць, каб урэшце закончыць сваю «занадта гучную самоту».

«Некалі забудзецца расейская акупацыя, а пра тыя гады будуць гаварыць, што гэта была вялікая эпоха чэскай літаратуры, калі жыў Грабал, які тады напісаў «Я абслугоўваў ангельскага караля» і «Занадта гучную самоту» – сказаў чэскі пісьменьнік Мілан Кундэра, пачуўшы аб сьмерці Грабала.

Мне хочацца закончыць гэты тэкст, як я і пачаў – асабістай рэфлексіяй. Пачуўшы, што я перакладаю «Танцавальныя гадзіны...» на беларускую, пан Антанін, у якога я здымаў сваю першую праскую кватэру, падараваў мне дзьве кніжкі Грабала са сваёй хатняй бібліятэкі. Мой гаспадар распавёў мне, што абедзьве гэтыя кніжкі, якія выйшлі ў дзяржаўных выдавецтвах ужо пасьля Грабалавай «дэклярацыі ляяльнасьці», ён купіў, прастаяўшы некалькі гадзін у гіганцкіх чэргах перад кнігарнямі, у якіх іх тады, у пачатку 1980-х, прадавалі... Ведаеце, я звычайны аўтасьлесар, і мне гэтыя кніжкі цяпер ня так патрэбныя, як вам, перакладчыку – тлумачыў мне пан Антанін, звычайны чытач і obdivovatel Грабала... Ну дык самі разумееце – як жа мне не любіць Чэхію і чэхаў?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG