Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадкаваць Гарадок да «Дажынак» пашлюць студэнтаў


Віцебская арганізацыя ГА БРСМ паведамляе, што на добраўпарадкаваньне райцэнтру да «Дажынак» накіруюць адмысловыя будатрады. Чакаецца, што лета ў Гарадку будзе гарачае: старшыня Віцебскага аблвыканкаму запатрабаваў, каб да 1 верасьня ўсе рамонтныя працы былі скончаныя.

Цяпер у райцэнтры — будаўнічы аўрал. Тут рыхтуюцца да «Дажынак-2014», хоць фармат мерапрыемства ніхто афіцыйна ня вызначыў. Летась абвяшчалі, што Гарадок стане «сталіцай» рэспубліканскага сьвяткаваньня. Аднак сёлета 10 сакавіка стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка памяняў фармат правядзеньня рэспубліканскага фэстывалю-кірмашу, і цяпер яго будуць праводзіць у Палацы рэспублікі.

Так што ў Гарадку чакаюць сьвяткаваньня хаця б на абласным узроўні, бо размах пераўтварэньняў з разьлікам на вялікія бюджэтныя сродкі даводзіцца звужаць ужо на хаду, а гэта прымушае задумацца: ці здолеюць тут адбудаваць усё, што ўжо разбурылі?

Ад аўтастанцыі, прыкладам, пакінулі толькі сьцены, і цяпер яе практычна будуюць нанова. Такі самы лёс напаткаў і Дом рамёстваў — гістарычны будынак, узьведзены напрыканцы 19-га — на пачатку 20 стагодзьдзя. Распачата рэстаўрацыя цэнтральнай плошчы і мэмарыяльных могілак, дзе пахаваныя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, рамантуюцца гарадзкі дом культуры і райвыканкам, мноства жылых дамоў. А таксама дарога ў Гарадок з боку Віцебску.

Колькі грошай будзе выдаткавана на добраўпарадкаваньне райцэнтру да «Дажынак», улады так і не сказалі. Але ўжо шырока абвешчана, што сродкі на абнаўленьне Гарадка трэба ашчаджаць. Таму на дапамогу адмыслоўцам-будаўнікам кінуць студэнцкія будатрады. А мясцовым жыхарам загадана прыводзіць свае дамы ў парадак самастойна: падчас капітальнага рамонту шматпавярховікаў людзі мусяць паставіць новыя рамы за ўласны кошт, а хто жыве ў прыватных хатах, мусяць таксама ўласнымі сіламі ўпарадкаваць панадворкі. Альбо шукаць памочнікаў ці спонсараў. Напрыклад, пэнсіянэрам мясцовыя ўлады раяць зьвяртацца на прадпрыемствы, дзе тыя рабілі раней.

«Кватэрнае пытаньне» ў Гарадку цяпер набыло своеасаблівы зьмест: паколькі цяпер тут шмат прыежджых будаўнікоў, жытло якім наймаюць іхныя арганізацыі, то рэзка падскочылі кошты на найманыя кватэры. Мясцовыя жыхары спрабуюць падзарабіць хаця б на гэтым. А міліцыя, у сваю чаргу, занепакоена імавернасьцю раскраданьня будматэрыялаў. Таму на апошнім пасяджэньні райвыканкаму гэтую праблему разглядалі асобна. І пастанавілі зьвярнуцца непасрэдна да мясцовых жыхароў — каб тыя адразу паведамлялі ў праваахоўныя органы, калі заўважаць злодзеяў.

Яшчэ адна мясцовая навацыя — гэта прапанова Віцебскага аблвыканкаму ня зносіць пустыя хаты ў Гарадоцкім раёне, а запрасіць туды людзей на сталае месца жыхарства. Перавагу абяцаюць аддаваць шматдзетным сем’ям ды іншым катэгорыям грамадзян, якія маюць матэрыяльныя цяжкасьці. Хаты абяцаюць раздаваць бясплатна, спадзеючыся, што новыя насельнікі пойдуць рабіць у мясцовую сельскую гаспадарку, дзе бракуе кадраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG