Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаліба: Беларусь будзе толькі назіраць за эканамічным разьвіцьцём Украіны


Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Антыкрызісны плян ураду Ўкраіны ўключае ў сябе шэраг рэформаў, у выніку якіх прадугледжваецца скарачэньне на 10% у органах дзяржаўнай улады, увядзеньне прагрэсіўнай сыстэмы падаткаабкладаньня, павышэньне акцызаў на алькаголь і тытунь, падвышэньне цаны на газ для насельніцтва на 50 працэнтаў, падвышэньне ўдвая рэнты на бізнэс, зьвязаны з карыснымі выкапнямі, ды іншыя захады.

Эканаміст Барыс Жаліба ў інтэрвію Радыё Свабода даў ацэнку такім захадам украінскага ўраду і выказаў меркаваньне наконт таго, ці спрацавалі б яны ў Беларусі:

«Я лічу, што Яцанюк робіць усё слушна. Так і трэба. Усё тое, што зараз заплянавана зрабіць ва Ўкраіне, было б справядлівым і для Беларусі. Хіба што толькі за выняткам прынцыпу прагрэсіўнага падаткаабкладаньня, бо ў нас яно лінейнае — адзіны падатак — і ў гэтым ёсьць істотныя перавагі, што пацьвердзіла і практыка. А вось тое, што Яцанюк павышае акцызы, а таксама плату за выкарыстаньне ў бізнэсе карысных выкапняў, гэта правільна з эканамічнага пункту гледжаньня», — сказаў эканаміст.

Барыс Жаліба зазначыў, што калі браць Беларусь, то ён бы яшчэ дадаў «падатак на раскошу»:

«Справа ў тым, што ў нас дыфэрэнцыяцыя насельніцтва паводле ступені прыбытку становіцца ўсё больш і больш значнай. Плюс шмат чыноўнікаў хаваюць свае прыбыткі. Але ж мы бачым, якія яны будуюць катэджы, бачым аўтамабілі і іншую маёмасьць. Вось зараз кандыдаты ў дэпутаты паказалі прыбыткі — дык некаторыя па некалькі тысяч даляраў у месяц зарабляюць».

Таксама эканаміст лічыць, што галоўнае ў эканамічных рэформах — гэта трымацца прынцыпаў дэмакратычнага грамадзтва і рынкавай эканомікі:

«І яшчэ трэба было б дадаць прынцыпы дэмакратычнага грамадзтва і рынкавай эканомікі. Яны актуальныя і для Ўкраіны, і для Беларусі. Трэба замацаваць падзел галінаў улады, прынцыпы рынкавай эканомікі, а таксама выкананьне правоў чалавека. На Ўкраіне ўжо створаныя ўсе перадумовы для дасягненьня ўсіх гэтых рэчаў і добрыя пэрспэктывы ёсьць. Мы ж пакуль будзем толькі назіраць, як Украіна разьвівацца».
XS
SM
MD
LG