Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка: «Жыве Беларусь!»


Віктар Бабарыка, старшыня праўленьня "Белгазпрамбанку"(зьлева) і міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў.

Віктар Бабарыка, старшыня праўленьня "Белгазпрамбанку"(зьлева) і міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў.

27 сакавіка ў Менску ў Нацыянальным мастацкім музэі адкрылася для публікі выстава «10 стагодзьдзяў беларускага мастацтва».

Толькі адзін дзень — менавіта 27 сакавіка — наведнікі музэя маглі ўбачыць паменшаную копію крыжа Эўфрасіньні Полацкай, якую выканаў берасьцейскі мастак Аляксей Кузьміч.

Арганізатары паставілі за мэту праз 500 экспанатаў паказаць тысячагадовую гісторыю беларускага мастацтва. Выстава гэтая і рэпрэзэнтатыўная, і адукацыйная, кажа аўтар канцэпцыі і адзін з куратараў выставы, кансультант Упраўленьня інфармацыйнай палітыкі «Белгазпрамбанку» Ўладзімер Шчасны:

«Спробы рабіліся некалькі разоў, але ў пасьляваенны час такая выстава зьявілася ўпершыню.
Уладзімер Шчасны

Уладзімер Шчасны

Па-першае, мы сабралі ўсё, што ёсьць у нас у краіне — нічога прывезенага няма. Усё, што тут — зроблена нашымі мастакамі. А па-другое, трэба было нейкім чынам да гледача данесьці сыстэму, сыстэму разьвіцьця нашага мастацтва. Таму што многа ёсьць унікальных прац, але яны сфакусаваныя кожная на сваім пэрыядзе. А вось такога агульнага маштабнага агляду не было. Я спадзяюся, цяпер глядач зможа хоць і ня ў цэласнасьці ўявіць сабе працэс разьвіцьця нашага мастацтва, але ўбачыць контуры гэтага працэсу.

Галоўная ў гэтым заслуга „Белгазпрамбанку“, які ня толькі выступіў з ініцыятывай гэтай выставы, але і поўнасьцю яе фінансаваў».

Карэспандэнтка: «Цяпер і ў Беларусі зьявіліся мэцэнаты...»

«Марозавы, Трацьцяковы, Цьвятаевы — усе ў адной асобе».

«Белгазпрамбанк» выставіў з уласнай калекцыі творы Марка Шагала — «Гадзіньнік на палымнеючым небе» і «Зялёны пэйзаж», «Партрэт Тамаша Зана» Валенція Ваньковіча. Галоўнай падзеяй выставы стала «Ева» Хаіма Суціна — яна выстаўляецца ўпершыню і каштуе больш за мільён даляраў. Прадстаўленыя на выставе і шыкоўныя выданьні «Статута Вялікага Княства Літоўскага», Бібліі, а таксама кніга Сімяона Полацкага «Жазло праўленьня».
Але больш за ўсё наведнікаў — каля копіі крыжа Эўфрасіньні Полацкай, якую прывезьлі з Полацку толькі на адзін дзень:

«Вельмі хвалююча. Мы былі ў Полацку, пакланяліся крыжу, і тут такая радасьць — крыж у Менску, і мы маем такую магчымасьць — пакланіцца гэтай сьвятыні».

«Мы радыя і шчасьлівыя, што пакланіліся гэтаму крыжу. Дзякуй усім, хто гэта арганізаваў».

«Вядома, на фатаграфіі мы бачылі крыж. Але для нас сьвятыня галоўнае, а не прыгажосьць. Пакланіцца сьвятыні — крыжу Эўфрасіньні Полацкай».

«Вельмі магутнае ўражаньне. Я адчуваю магутнасьць, энэргію. Для веруючага чалавека гэта сьвятыня».

«Я прыйшоў сюды таму, што хацеў пабачыць крыж Эўфрасіньні Полацкай. Нават на працу сёньня не пайшоў дзеля музэю. Крыж вельмі ўразіў. Шкада, вядома, што гэта не арыгінал, а рэканструкцыя. Многія людзі спрабавалі яго знайсьці, але няўдала. Я ня ўпэўнены, што яго знайдуць, але, канечне ж, хацелася б».


Старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, выступаючы на цырымоніі адкрыцьця гэтай выставы 26 сакавіка, зазначыў:

«Пакуль у Беларусі будзе ідэя і думка, якая можа аб`яднаць нас, такіх розных, з розным мастацкім густам, палітычнымі прыхільнасьцямі, узростам і адносінамі, датуль была, ёсьць і будзе наша бел-чырвона-белая сінявокая Беларусь. Жыве Беларусь!» — так скончыў сваю прамову Віктар Бабарыка.

Гэтыя словы выклікалі працяглыя аплядысмэнты, паведамляе БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG