Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкіры засьцерагаюць фінансавыя ўлады ад далейшага стрымліваньня курсу беларускага рубля на фоне дэвальвацыі нацыянальных валют суседніх дзяржаў. Чым пагражае штучная грашовая «стабільнасьць» у асобна ўзятай краіне — высьвятляў Ігар Карней.

Старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка лічыць: макраэканамічная палітыка ў Беларусі па-ранейшаму мае кароткатэрміновы і непасьлядоўны характар. Паводле ягоных словаў, збалянсаванай і доўгатэрміновай стратэгіі няма, а бясконцае сілкаваньне сацыяльнай сфэры і стратных галін эканомікі ўрэшце можа дорага каштаваць усяму грамадзтву:

«Украіна, Казахстан, Расея зрабілі крокі, каб зьменшыць кошт сваіх валют. Мы і ўсе эканамісты разумеем, што працягу жорсткай падтрымкі курсу ў Беларусі быць ня можа. Зразумела, што як толькі пачынаюцца рухі нават на плаўнае зьніжэньне беларускага рубля, адбываецца павелічэньне попыту на замежную валюту. Але пры нарастаньні такой вось нестабільнасьці спроба захаваць выключна сацыяльную арыентаванасьць, а менавіта — павелічэньне бюджэтных тратаў на падтрымку сацыяльна неабароненых у неапраўдана высокіх памерах, павелічэньне падтрымкі неэфэктыўных сэктараў эканомікі — вось калі ўсё гэта будзе адбывацца і далей, то будуць вельмі і вельмі сур’ёзныя мінусы».

Такую пазыцыю падзяляе і супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак. На яго перакананьне, пасьля падзеяў 2011 году ўлады баяцца нават мінімальнага ваганьня курсу, бо гэта адразу выкліча паніку ў насельніцтва. Аднак быць закладнікам электаральных настрояў — значыць, расьпісацца ў няздольнасьці кантраляваць аб’ектыўныя працэсы:
Вы ўявіце: даляр як бы стаіць (умоўна, канечне, стаіць), а банкаўскія стаўкі трымаюцца па 40–50%. Дзе яшчэ ёсьць такое?

«Маё меркаваньне такое: усё рухаецца ў адзін і той жа бок, ніякая праца над памылкамі ня зроблена. Нічога ж сутнасна не зьмянілася! Крызіс нейкімі хітрыкамі перажылі, а цяпер зноў тое ж самае паўтараецца, рушым той жа самай небясьпечнай дарогай, разумееце? Грошы ўкідваюцца зусім не туды, куды трэба. Вы ўявіце: даляр як бы стаіць (умоўна, канечне, стаіць), а банкаўскія стаўкі трымаюцца па 40–50%. Дзе яшчэ ёсьць такое? То бок замкнулі грошы, каб яны нібыта нікуды ня вылезьлі, але ж заўтра яны ўсё роўна вырвуцца, іх трэба будзе прыняць, забясьпечыць, запусьціць у эканоміку. Але ж нічога нідзе ня робіцца!»

Некаторыя экспэрты прадказваюць беларускаму рублю істотнае абясцэньваньне — нават з улікам таго, што аналягічныя крокі ўжо зробленыя ў Расеі, Украіне ды іншых дзяржавах, зь якімі шчыльна завязаная беларуская эканоміка. Аднак, як мяркуе фінансавы аналітык Аляксандар Муха, у Нацыянальнага банку дастаткова магчымасьцяў і рэсурсаў, каб усё ж не дапусьціць аднамомантнага абвалу:

«Усё гэтыя лічбы ў 12–13 тысяч рублёў за 1 даляр аб’ектыўна выглядаюць завышанымі. Хутчэй, больш праўдападобны сцэнар — плаўная дэвальвацыя рубля, што мы цяпер і назіраем. Таму што ў цэлым наяўнасьць і рэалізацыя ўзважанай, дзесьці нават жорсткай манэтарнай і фіскальнай палітыкі нашых фінансавых уладаў — таксама адзін з дадатковых фактараў, гарантыя стабільнасьці на ўнутраным валютным рынку Беларусі. Адпаведна, пад стабільнасьцю я таксама разумею перадусім плаўны і прадказальны рух абменнага курсу і адсутнасьць нейкіх рэзкіх, аднамомантных ваганьняў. То бок так званай прыступкавай дэвальвацыі нацыянальнай валюты».

А вось кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка канстатуе, што наўрад ці нейкія крокі з боку дзяржавы змогуць аднавіць давер да нацыянальнай валюты — цягам двух дзясяткаў гадоў улады толькі і рабілі, што расьпісваліся ў няздольнасьці праводзіць граматную і прадказальную фінансавую палітыку. Адсюль і павальная далярызацыя ўсіх сфэраў жыцьця, стаўленьне да рубля як да «нікчэмнай паперкі»:
А можа, наўмысныя дзеяньні: разваліць прамысловасьць, сфэру матэрыяльнай вытворчасьці — і здаць гэта задарма…

«Мы ўжо дзесяцігодзьдзі ідзём на дзень нараджэньня ці вясельле і не кладзём у канвэрт беларускія рублі. Вельмі даўно, праўда? Вось як забіта ў галаву, вось яна, самасьвядомасьць. Запытайце, хто калі ў канвэрт беларускі рубель клаў? Напэўна, адзін з тысячы. А гэта пра што сьведчыць? Пра давер! Мы можам дзесьці пагаджацца, дзесьці абурацца. Лейтэнант КДБ крычыць пра падрыў фінансавай сыстэмы, але таксама ідзе на дзень нараджэньня да дачкі і дорыць даляры ці эўра. Кім бы чалавек ні быў, але ён грамадзянін сваёй краіны. Я шмат гадоў зьвяртаюся да ўсіх, асабліва да чыноўнікаў: хлопцы, вы седзіце часова на гэтай пасадзе. Калі дрэнна вучыліся ва ўнівэрсытэтах, падумайце, прыслухайцеся да Віктара, Івана, Пятра, няважна, але не супраціўляйцеся, запрасіце хоць на размову. Нічога, цішыня, самі з вусамі. А можа, наўмысныя дзеяньні: разваліць прамысловасьць, сфэру матэрыяльнай вытворчасьці — і здаць гэта задарма праз крэдыты ці наўпрост зьнешнім інвэстарам так званым. І мы, уся краіна, станем рабамі».

Ад пачатку году расейскі рубель патаньнеў у адносінах да даляра на 11%, казахстанскі тэнге — на 20%, украінская грыўня — на 24,5%. Беларускі рубель на гэтым фоне выглядае трывала — 3,5%. Аднак нядаўні досьвед дэманструе, што паказная моц нацыянальнай валюты можа імгненна абярнуцца ў пыл.
XS
SM
MD
LG