Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз будзе працягваць палітыку «крытычнага ўцягваньня» Беларусі


Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей і прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце на саміце "Усходняга партнэрства" ў Вільні.

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей і прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце на саміце "Усходняга партнэрства" ў Вільні.

Эўрапейская камісія сёньня прэзэнтуе справаздачу аб прагрэсе паасобных краінаў у рамках праграмы «Ўсходняга партнэрства».

У справаздачы разглядаюцца дасягненьні шасьці краінаў-суседзяў Эўразьвязу — Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны — а таксама адзначаюцца сфэры, дзе патрабуецца паляпшэньне.

Дакумэнт прапануе ідэі для далейшых крокаў Эўрапейскай камісіі і мае дапамагчы пры разьмеркаваньні 15,4 мільярдаў эўра, якія Эўразьвяз зьбіраецца патраціць у праграмах усходняга і паўднёвага суседзтва ў наступныя сем гадоў.

У лютым краіны Эўразьвязу абмеркавалі гэтак званы «Эўрапейскі пакет» заахвочваньняў для згаданых шасьці краінаў, якія выходзяць за рамкі цяперашніх стымулаў, акрэсьленых у Пагадненьнях аб асацыяцыі.

Грузія і Малдова распачалі працэс падрыхтоўкі да падпісаньня пагадненьняў на саміце ў Вільні летась у лістападзе і маглі б падпісаць іх яшчэ сёлета.

У разьдзеле справаздачы, прысьвечаным Беларусі, паведамляецца што дачыненьні Эўразьвязу зь Беларусьсю застаюцца праблематычнымі. Да 232 грамадзянаў Беларусі надалей ужываюцца візавыя забароны і замарожаньне рахункаў. У дакумэнце адзначаецца, што эўразьвязаўская дапамога Беларусі абмежаваная ў аб’ёме і засяроджваецца «прама або ўскосна на падтрымцы патрэбаў насельніцтва і дэмакратызацыі».
эўразьвязаўская дапамога Беларусі абмежаваная ў аб’ёме і засяроджваецца «прама або ўскосна на падтрымцы патрэбаў насельніцтва і дэмакратызацыі»
ЭЗ адзначае, што агульная рэпрэсіўная палітыка ў краіне працягвалася і на працягу мінулага году, што ўлучае існаваньне палітычных зьняволеных, запалохваньне прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, дробнае цкаваньне, звальненьне з працы, забарону на выезд з краіны для некаторых грамадзянаў, штрафаваньне актывістаў і зьняволеньне іх на кароткія і сярэднія тэрміны.

Брусэль, аднак, прызнае, што назіраюцца і пазытыўныя зрухі ў «супрацоўніцтве Беларусі зь міжнароднай супольнасьцю па асобных праблемах, а менавіта ў справе сьмяротнага пакараньня і вышэйшай адукацыі». Эўразьвяз таксама распачаў на пачатку гэтага году перамовы зь Беларусьсю наконт спрашчэньня візавага рэжыму.
XS
SM
MD
LG