Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два дні ў Менску гасьцяваў і працаваў выбітны расейскі (у мінулым і савецкі) актор і рэжысэр Сяргей Юрскі.

Актор-легенда, інтэлектуал, сумленны чалавек. Арганізаваў гастролі маскоўскага Тэатру імя Массавету ў Менску дырэктар прыватнага «Тэатру Ч» Андрэй Чорны. Па дарозе зь лётнішча ён распавёў Юрскаму, што акурат у гэты дзень ягоная трупа паказвае «Дзядоў» Адама Міцкевіча. Рэакцыя асобы, абазнанай у эўрапейскай гісторыі і літаратуры, была імгненнай: я гэта мушу глядзець! Ён, у якой бы краіне не гастраляваў, абавязкова, калі здараецца свабодны вечар, ідзе ў нацыянальны тэатар. І ў Менску ён заявіў, што прапусьціць магчымасьць паглядзець Міцкевіча на ягонай гістарычнай радзіме, ён ня можа.

За паўгадзіны да пачатку спэктакля разам з дырэктаркай Тэатру Массавету Валянцінай Панфілавай ён ужо быў у Палацы прафсаюзаў. Радасна знаёміўся з новымі для яго творцамі, не без задавальненьня фатаграфаваўся, раздаваў аўтографы зьдзіўленай нечаканай ягонай прысутнасьцю публіцы. На нашы далікатныя засьцярогі адносна разуменьня беларускай мовы, заявіў, што глядзець спэктакль па-беларуску — для яго гонар, што калі і не зразумее нейкіх словаў, дык зразумее сэнс праз акторскую плястыку, інтанацыю, жэст. Ад паперкі з кароткім зьместам па-расейску адмовіўся, уступіў у размову з намі пра Міцкевіча, ягоныя дачыненьні з Пушкіным, ведаў ён і пра тое, якую ролю ў найноўшай гісторыі Польшчы адыграла творчасьць Міцкевіча і ў якой ступені ставіць Міцкевіча небясьпечна ў сучаснай Беларусі.

На «Дзядах»



Юрскі глядзеў спэктакль з захапленьнем, суперажываў, радаваўся кожнай трапнай рэпліцы актораў, кожнай выразнай мізансцэне. Ён перажываў, спачуваў, разумеў, эмацыйна ішоў за акторамі. І, стоячы, у адзіным парыве з заляй, апладзіраваў.
Сяргей Юрскі апладзіруе спэктаклю "Дзяды"

Сяргей Юрскі апладзіруе спэктаклю "Дзяды"



Пасьля спэктакля на сцэне, ужо за зачыненай заслонай, у яшчэ не разабраных дэкарацыях, трупа Андрэя Чорнага вітала легендарнага актора. І ён вітаў іх. Ён адразу ж заявіў, што ўбачыў рэдкі для сёньняшняга тэатру «ідэйны спэктакль» і што такі «ідэйны тэатар» шмат чаго варты. Ён падкрэсьліў усю складанасьць сцэнічнага ўвасабленьня такіх эпічна-паэтычных твораў, як «Дзяды» Міцкевіча: «Задача, якую паставіў аўтар перад вамі, амаль невыканальная, а вось рэжысёрскія задачы — больш выканальныя, хоць і складаныя».

Ён убачыў і зразумеў сумяшчальнасьць традыцыяў літоўскай рэжысуры і беларускай акторскай школы. Цытую майстра далей: «Тут усё пераўтворана ў новую для мяне мову, схаваную мову. Яна ў спэктаклі праявілася, і ўсё злучылася: вершы (словы), пантаміма, інсталяцыя (мастацкі вобраз)». Тут Юрскі падкрэсьліў тое, што асабіста для ягонага разуменьня тэатру ёсьць прынцыповым: у менскіх «Дзядах» вобраз-інсталяцыя «створаны не зь людзей, як гэта часьцей за ўсё сёньня здараецца, а робіцца людзьмі». Ён пералічыў актораў на сцэне і са зьдзіўленьнем заявіў, што ўбачыў і пачуў усіх іх адзінаццаць, зразумеў, чаму яны тут. Менавіта гэта ён назваў сапраўдным «драматычным тэатрам».

Кароткі імправізаваны разбор спэктакля Сяргей Юрскі завяршыў катэгарычным пажаданьнем: «Не шукайце іншага шляху, гэта ваш шлях, і ён вельмі плённы». Майстар, які ў 1992 годзе арганізаваў сваю акторскую трупу «АРТель АРТистов Сергея Юрского», выдатна разумее, як складваецца калектыў аднадумцаў, тэатар як сям’я, і як ён можа пераўтварыцца ў паўнавартасны рэпэртуарны тэатар. І ён цягам наступных гадзінаў кантактаваньня зь менскім артыстамі ім жадаў не разьбегчыся, а рабіць разам новы тэатар.
Сяргей Юрскі і трупа "Тэатру Ч"

Сяргей Юрскі і трупа "Тэатру Ч"



Я прысутнічаў на гэтых размовах, сам размаўляў з мэтрам, і перакананы ў ягонай шчырай ацэнцы. Юрскі насамрэч захапіўся менскім спэктаклем, працай актораў і рэжысэркі. Ён, які ўмее на сцэне рабіць усё, цікавіўся ў Рамана Падалякі пра ягоныя акторскія прыстасаваньні на сцэне ў часе палкага маналёгу, калі той адчуў сваё акторскае злучэньне з вобразам і гэтак далей. Шмат добрых словаў пачула і пастаноўшчыца спэктакля Рамуне Кудзманайце.
Сяргей Юрскі і рэжысэр спэктакля "Дзяды" Рамуне Кудзманайце

Сяргей Юрскі і рэжысэр спэктакля "Дзяды" Рамуне Кудзманайце



У сваю чаргу і я выкажу сваю думку. У той вечар, праз амаль год пасьля прэм’еры, на чатырнаццатым паказе «Дзядоў» я абсалютна пераканаўся, што сёньня гэта найлепшы спэктакль Менску паводле ўсіх парамэтраў: і яснасьці думкі, і грамадзянскага патасу, і мастацкай цэласнасьці. На жаль, з спэктакляў рэпэртуарных, дзяржаўных тэатраў да гэтага ўзроўню набліжаецца хіба толькі зноў жа Міцкевічаў «Пан Тадэвуш» у Тэатры імя Янкі Купалы, які паставіў Мікалай Пінігін.

У «Прылазьніку»


На наступны дзень трупа Тэатру імя Массавету на сцэне канцэртнай залі «Менск» паказвала спэктакль «Прылазьнік» (Предбанник) нейкага загадкавага драматурга Ігара Вацэціса. Як звычайна, калі ў беларускай сталіцы гастралюе гэты расейскі тэатар, адметнасьцю якога быў і застаецца выдатны акторскі склад, аншляг. Гэтым разам у цэнтры ўвагі быў, натуральна, Сяргей Юрскі. Ён выступіў у трох абліччах: актора, рэжысэра-пастаноўшчыка і — не магу не раскрыць чытачам Свабоды тайны — драматурга. Так, загадкавы Ігар Вацэціс — літаратурны псэўданім Юрскага.

У спэктаклі «Прылазьнік» Юрскі пацьвярджае сваю адданасьць інтэлектуальнаму, парадаксальнаму тэатру. Спэктакль строга вытрыманы ў жанры абсурдысцкай трагікамэдыі. Праўда, крыху не давяраючы маскоўскаму гледачу, які можа і не разабрацца ў сюжэце, рэжысэр-драматург Юрскі на афішы жанр пазначыў як «блытаніна ў 2-х дзеях». Зазначу, што менскага гледача можна было і не папярэджваць, ён цудоўна разумеў парадокс, бо ў Беларусі істотна большая традыцыя такога тэатру. Зрэшты, у размове зь яшчэ з адной зоркай гэтага спэктакля Аляксандрам Філіпенкам гэта мы і адзначылі.
Юрскі паставіў спэктакль пра тое, што кожны чалавек на гэтым сьвеце ўсяго толькі ў прылазьніку, пасьля якога ён абавязкова зойдзе ў лазьню. І вось там настане абавязковая адплата за ўсё
Насамрэч у спэктаклі два прылазьнікі — акторская курылка ля сцэны, дзе ў перапынках паміж выхадамі на падмосткі стомленыя акторы вядуць сваё звычайнае закуліснае жыцьцё: п’юць піва, ганяць рэжысэра, наракаюць на свае заробкі і падлічваюць заробкі калегаў... Другі прылазьнік — нумар у нейкім гатэлі, ператвораны ў перадвыбарчы штаб кандыдата на прэзыдэнта. Паліттэхнолягі, дэпутаты, бізнэсоўцы, ахоўнікі плятуць сваё павуціньне барацьбы за прэзыдэнцкае крэсла.

Дзьве гісторыі пераплятаюцца, выканаўцы роляў — адны і тыя ж. Акторы пераўтвараюцца ў палітыкаў, палітыкі — у актораў. Партрэт Станіслаўскага на сьцяне незаўважна зьменіцца на партрэт хітрага і злоснага палітыка. Дыялёгі актораў, напоўненыя афарыстычнымі штампамі, выклікаюць сьмех, даводзяцца да поўнага абсурду, абракадабры, ідыятызму.

І тады на сцэне зьявіцца істэрычны кандыдат на прэзыдэнта — параноік і хам, які размаўляе са сваёй сьвітай мовай злавесных пагрозаў. Артыст Аляксандар Філіпенка, які да гэтага быў крыху ў цені, як галодны драпежнік раптам кідаецца на такі жаданы кавалак мяса. Сьвіта становіцца закладніцай мярзотніка, які ідзе на прэзыдэнта. Выдатнае выкананьне вельмі пазнавальнага публікай і Расеі, і Беларусі, пэрсанажа.

А тым часам пад лямант на сцэне і гамэрычны рогат у зале ў крэсьле ціха памірае стары паліттэхноляг Туапсінскі, якога ў лёгка гратэскнай манеры грае Сяргей Юрскі. Пашлаваты і цынічны дзядулька, які цягам спэктакля ўвесь час прыкладаўся да пляшкі зь віскі і адпускаў іранічныя рэплікі адносна свайго ж боса, аказаўся і прарокам, і ахвяраю.
Сяргей Юрскі і Аляксандар Філіпенка ў спэктаклі "Прылазьнік". Фота Алены Лапінай. (з афіцыйнага сайту Тэатру імя Массавету)

Сяргей Юрскі і Аляксандар Філіпенка ў спэктаклі "Прылазьнік". Фота Алены Лапінай. (з афіцыйнага сайту Тэатру імя Массавету)



Юрскі паставіў спэктакль пра тое, што кожны чалавек на гэтым сьвеце ўсяго толькі ў прылазьніку, пасьля якога ён абавязкова зойдзе ў лазьню. І вось там настане абавязковая адплата за ўсё. Чысьцец непазьбежны. У гэтым сваім меркаваньні аўтар безапэляцыйны.

Да спэктакля можна выказаць нямала прэтэнзіяў, перадусім абвінаваціць у прамалінейнасьці і шаржаванасьці. Але гэта толькі тады, калі шукаць у ім глыбінныя псыхалягічныя і жыцьцёвыя матывацыі. Але тут іншы жанр, у якім іншая структура. Гэта — абсурдысцкі твор, які вымагае гратэску. І ў такіх правілах гульні акторскі склад (а ён зорны: Аляксандар Філіпенка, Аляксандар Яцко, Аляксандар Баброўскі, Ларыса Кузьняцова і іншыя) на чале з рэжысэрам Сяргеем Юрскім цалкам пераканальны.

Гэта — адзін з варыянтаў і сучаснага палітычнага тэатру.

P. S.


Сяргей Юрскі — актор-інтэлектуал, рэжысэр, драматург — вядомы і сваёй прынцыповай грамадзянскай пазыцыяй, выступаў і выступае ў падтрымку дэмакратыі, маральнасьці палітычнага і грамадзкага ўпарадкаваньня.

Так, агрэсіўную палітыку Крамля адносна Ўкраіны, якая падзяліла мастацкую эліту Расеі на два лягеры — на тых, хто за і хто супраць. Сяргей Юрскі назваў такую палітыку «жахлівай няветлівасьцю і парушэньнем правілаў прыстойнасьці». Юрскі ў інтэрвію выданьню «Зеленоград» сярод іншага заявіў: «Гэта жахлівая няветлівасьць, гэта жахлівае парушэньне ня толькі правілаў прыстойнасьці, але і таго, што стварае пэўны балянс у сьвеце. Можна дапамагаць, можна весьці перамовы, можна спачуваць, не згаджацца, спрачацца, але нельга ў такой танальнасьці крычаць на ўсю нашу гіганцкую краіну, у якой падобнае знаходзіць водгук. Гэта нейкая нечаканая і жудасная праява нацыянальнага бескультур’я».

У доўгім сьпісе расейскіх творцаў, якія выказалі падтрымку прэзыдэнту Пуціну, я таксама не знайшоў ніводнага прозьвішча з калектыву Тэатру імя Массавету..
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG