Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея засяродзіла ля мяжы з Украінай больш за 30 тысяч салдат


Мэты канцэнтрацыі вайсковых падразьдзяленьняў невядомыя, але крыніцы агенцтва Reuters не выключаюць новую ваенную агрэсію Расеі.

Паводле ацэнак амэрыканскіх і эўрапейскіх спэцслужбаў, Расея сканцэнтравала ля межаў з Усходняй Украінай вайсковыя і ваенізаваныя фармаваньні агульнай колькасьцю больш за 30 тысяч чалавек.

Пра гэта паведамілі Reuters амэрыканскія і эўрапейскія крыніцы, знаёмыя з афіцыйнымі зьвесткамі.

Гэтыя ацэнкі сьведчаць аб прытоку расійскіх сілавікоў да мяжы з Украінай — менавіта так, паводле крыніц, характарызуюць тое, што адбываецца чыноўнікі па абодва бакі Атлянтыкі.

Лічба ў 30 тысяч азначае значны рост у параўнаньні з 20 тысячамі расейскіх вайскоўцаў, засяроджаных ля мяжы, пра якія казалі амэрыканскія і эўрапейскія СМІ на мінулым тыдні.

Але крыніцы ў амэрыканскіх і эўрапейскіх спэцслужбах адзначаюць, што гэтыя ацэнкі — ня дакладныя. Паводле іх слоў, некаторыя ацэнкі кажуць аб 35 тысячах чалавек, іншыя пра 25 тысяч чалавек.

Тым не менш, крыніцы Reuters сьцьвярджаюць, што ўрадавыя экспэрты ЗША і Эўропы ўпэўненыя, што гаворка ідзе аб няўхільным і прыкметным нарошчваньні агульнай колькасьці расейскіх войскаў ля мяжы з Украінай, хоць некаторыя падразьдзяленьні прыбываюць у гэты рэгіён і пакідаюць яго на аснове ратацыі.

Крыніцы ў амэрыканскіх і эўрапейскіх спэцслужбах сьцьвярджаюць, што ля межаў з Украінай, у прыватнасьці, сканцэнтраваныя пяхотныя і бранетанкавыя падразьдзяленьні, а таксама некаторая паветраная падтрымка.

Тут таксама разьмешчаны падразьдзяленьні спэцслужбаў або ваенізаваных фарміраваньняў, якія складаюцца з расейскіх байцоў ва ўніформе без апазнавальных знакаў, аналягічныя першым расійскім падразьдзяленьням, якія ўвайшлі ў Крым падчас яго нядаўняга вайсковага захопу.

Амэрыканскія чыноўнікі паведамілі, што ў дакладнасьці невядома, якім чынам прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін мае намер выкарыстоўваць падразьдзяленьні, дыслякаваныя ля мяжы з Украінай.

Але патэнцыйнае разьвіцьцё падзей можа быць небясьпечным. «Ніхто не выключае магчымасьці новай вайсковай агрэсіі Расеі», — заявіў адзін амэрыканскі чыноўнік.
XS
SM
MD
LG