Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астаповіч зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт за апаганьваньне «Пагоні»


Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

Кіраўнік Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч зьвярнуўся ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці з просьбай праверыць дзеяньні выканальніка абвязкаў старшыні Бобрскага пасялковага савета Крупскага раёну Ўладзімера Загорскага і пачаць крымінальную справу.

25 сакавіка Ўладзімер Загорскі пры сьведках на цэнтральным пляцы пасёлку Бобр сарваў з мальбэрта мастака Алеся Пушкіна шчыт з выявай герба «Пагоня» і публічна разламаў яго.

Паводле спадара Астаповіча, такія дзеяньні маюць прыкметы парушэньня шэрагу артыкулаў крымінальнага кодэксу: апаганьваньне гісторыка-культурнай каштоўнасьці, злоўжываньне (перавышэньне) ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі.

У заяве ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту Астаповіч адзначае, што герб «Пагоня» зьяўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, якая ўнесена ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі ў адпаведнасьці з пастановай Савету міністраў.

Паводле закону, мясцовыя органы ўлады павінны садзейнічаць захаваньню і аднаўленьню гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, заахвочваць грамадзян да ўдзелу ў ахове спадчыны і папулярызацыі каштоўнасьцяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG