Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Пазьняк? Мнагажэнец ён! Мнагажэнец!»


– Я б назваў гэты закон Законам аб выбарах Вячаслава Кебіча прэзыдэнтам Беларусі, – гэтак пракамэнтаваў я карэспандэнту «Свабоды» Віталю Цыганкову Закон аб выбарах прэзыдэнта ў дзень яго прыняцьця, 31 сакавіка 1994 году.

Сапраўды, прэзыдэнцтва рабілася «пад Кебіча». У гэтым былі перакананыя ўсе – і ў першую чаргу сам Кебіч і ягонае бліжэйшае атачэньне. Падобна, ён нават не адчуваў ступень рызыкі – яму ўвялі ў вушы, што перамога гарантаваная. Ну, а як яна можа быць не ў кішэні, калі ўсё – і мясцовыя выканкамы, дзяржаўныя СМІ, і міліцыя, і войска – у гэтай самай кішэні? У тым ліку – пад кантролем і парлямэнцкая большасьць, якая, каб ужо зусім падстрахавацца, вызначыла надзвычай спрыяльны для Кебіча і вельмі неспрыяльны для ягоных апанэнтаў парадак выбараў.

(Калі я кажу «апанэнты» – маю на ўвазе ідэйных апанэнтаў прэм’ера, тых, хто выступаў за дэмакратыю і нацыянальнае Адраджэньне. Лукашэнка да гэтай катэгорыі не адносіўся – і да гэтай тэмы мы ў свой час вернемся).

Па-першае, дзеля вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты трэба было набраць 100 тысяч подпісаў грамадзянаў альбо 70 подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Для Кебіча, якога падтрымлівала больш як 200 парлямэнтарыяў, збор дэпутацкіх подпісаў быў справай некалькіх дзён.

Па-другое, тэрмін збору подпісаў быў абмежаваны – тры тыдні, з 25 красавіка па 15 траўня. Гэта значна ўскладняла вылучэньне для тых, хто мог вылучыцца толькі зборам подпісаў грамадзянаў.

Па-трэцяе, сама выбарчая кампанія пасьля рэгістрацыі кандыдатаў таксама была надзвычай сьціслай – з 2 па 23 чэрвеня, усяго тры тыдні. Пры тым, што электронныя СМІ былі манапалізаваныя ўрадам, прыярытэт меў кіраўнік ўраду. А таксама – і пра гэта часта забываюць – тыя, хто падзяляў ягоную галоўную пазыцыю, якая выяўлялася ў максымальнай інтэграцыяй з Расеяй.

Калі казаць пра Лукашэнку, дык па першых двух умовах ён быў у роўных умовах з Пазьняком, Карпенкам ці Шушкевічам; аднак па трэцяй – ва ўмовах куды больш выгадных, бо дзяржаўныя СМІ (зрэшты, як і ўвесь дзяржаўны апарат) актыўна прапагандавалі ягоную галоўную ідэю, у якой ён сыходзіўся з Кебічам – аб’яднаньне з Расеяй.

Канешне, атачэньне Кебіча разумела, што ў сьпісе для галасаваньня прэм’ер будзе не адзін – ён і не павінен быў быць адзін, занадта гэта ўжо абуральна б выглядала. Ідэальным варыянтам для «дэмакратычных» і «альтэрнатыўных» выбараў была б наяўнасьць паслухмянага спарынг-партнэра, магчыма, двух. У такой якасьці і маглі разглядацца вылучаныя старшыня гарадзенскага калгасу «Прагрэс» Аляксандар Дубко і лідэр партыі камуністаў Васіль Новікаў – пры той умове, што ў выбарчую барацьбу не ўключыліся б дэмакратычныя, антыкамуністычныя кандыдаты. А ў выпадку ўдзелу апошніх – камуніст і аграрнік забіралі ў Кебіча галасы.

Ужо пасьля прыняцьця «прэзыдэнцкіх» разьдзелаў канстытуцыі ў канцы лютага 1994-га асноўныя ўдзельнікі выбарчай кампаніі вызначыліся. Найперш – Кебіч, пад якога, як лічылася, прэзыдэнцтва і рабілася. Адразу пасьля сваёй адстаўкі з пасады сьпікера ў студзені 1994-га Станіслаў Шушкевіч распачаў паездкі па Беларусі, што было ацэнена як пачатак выбарчай кампаніі. Не хавалі прэзыдэнцкіх амбіцыяў Генадзь Карпенка і Аляксандар Лукашэнка. У якасьці кандыдата разглядаўся экспэртамі і новы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, але тут не было пэўнасьці – ніякіх крокаў дзеля вылучэньня ён не рабіў.

Лідэр БНФ Зянон Пазьняк выступаў супраць увядзеньня пасады прэзыдэнта, але яшчэ да прыняцьця Канстытуцыі Фронт вызначыўся з удзелам у выбарчай кампаніі.

«12 сакавіка на пасяджэньні Сойму БНФ разглядалася пытаньне аб разьвіцьці палітычнай сытуацыі і пэрспэктывах выбараў... Як зазначыў З.Пазьняк, БНФ не зьбіраецца ўключацца ў прэзыдэнцкую кампанію да прыняцьця Канстытуцыі і назначэньня выбараў, як гэта робяць, на яго думку. С.Шушкевіч, М.Грыб і А.Лукашэнка, ажыцьцяўляючы шматлікія і шумныя паездкі па рэспубліцы. Аднак як толькі выбары будуць аб’яўленыя, БНФ абавязкова пачне перадвыбарчую кампанію». (Валер Каліноўскі, «Звязда», 15 сакавіка 1994.)

Сказаць, што, адрынаючы ідэю прэзыдэнцтва, БНФ цалкам выключаў свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, нельга – пра магчымасьць увядзеньня прэзыдэнцтва казалі ўвесь час і Пазьняк і ягоны намесьнік Юры Хадыка. У красавіку 1994-га гэта зрабілася рэальнасьцю.

«9 красавіка ў залі менскага Палацу мастацтваў адбылося чарговае пасяджэньне Сойму БНФ «Адраджэньне», аб’яднанае з устаноўчым сходам ініцыятыўнай групы збору подпісаў за вылучэньне Зянона Пазьняка кандыдатам на прэзыдэнта краіны...

Спачатку Сойм БНФ, а потым устаноўчы сход ініцыятыўнай групы аднагалосна вылучылі Зянона Пазьняка на прэтэндэнта ў кандыдаты. Старшынёй і намесьнікам старшыні ініцыятыўнай групы аднадушна выбраныя кандыдаты навук Уладзімер Анцулевіч і Вера Чуйко. Гэтыя імёны ўспрымаліся прысутнымі як зарука будучага посьпеху: менавіта пад кіраўніцтвам У.Анцулевіча і В.Чуйко два гады таму былі пасьпяхова сабраныя 442 тысячы подпісаў за рэфэрэндум аб адстаўцы ВС. ... Сойм засьведчыў «Прынцыпы ўдзелу БНФ у выбарчай кампаніі... і заявіў, што сябры Фронту павінны пазьбягаць выкарыстаньня падчас выбараў нецывілізаваных мэтадаў палітычнай барацьбы: публічных зьнявагаў апанэнтаў і падобнага». («Свабода», 12 красавіка 1994).

На пасаду прэзыдэнта быў вылучаны і Станіслаў Шушкевіч – аб’яднаньнем «Вясна-94», куды ўвайшлі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (старшыня Алег Трусаў), Аб’яднаная дэмакратычная партыя (старшыня Аляксандар Дабравольскі) і Беларуская сялянская партыя (старшыня Яўген Лугін).

«На чарговым пасяджэньні каардынацыйнага камітэту аб’яднаньня дэмакратычных сілаў «Вясна-94» ягоныя шэрагі папоўніліся новым членам – у якасьці «прыватнай асобы» ў «Вясну-94» уступіў Станіслаў Шушкевіч. У гутарцы з удзельнікамі паседжаньня былы сьпікер заўважыў, што даўно падзяляе асноўныя прынцыпы «Вясны-94» (будаўніцтва сувэрэннай дзяржавы зь бязьядзерным статусам, неўваходжаньне ў вайсковыя блёкі; прыярытэт правоў грамадзянаў, замацаваны ва Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека, перад інтарэсамі дзяржавы, нацыянальных і сацыяльных групаў, рэфармаваньне каманднай эканомікі ў сацыяльную рынкавую) і не ўступаў у аб’яднаньне раней выключна з адной прычыны: будучы дзяржаўнай асобай, не лічыў для сябе магчымым быць членам якіх бы то ні было грамадзкіх арганізацый... Пасьля таго, як С.Шушкевіч пакінуў паседжаньне каардынацыйнага камітэту, было прынятае рашэньне зьвярнуцца да ўсіх арганізацыяў, якія ўваходзяць у аб’яднаньне, з прапановай падтрымаць ягоную кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах». («Знамя юности», 1994)

У выніку былі створаныя 19 ініцыятыўных групаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты, у тым ліку:

старшыні Савету міністраў Вячаслава Кебіча (кіраўнік – генэральны дырэктар ВА «Гарызонт» Аляксандар Санчукоўскі, колькасьць – 3920 чалавек),

сустаршыні партыі камуністаў Васіля Новікава (Валер Ухналёў, 3041),

дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча (Алег Трусаў, 1420),

старшыні Сойму БНФ «Адраджэньне» Зянона Пазьняка (Уладзімер Анцулевіч, 2734),

дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Аляксандра Лукашэнкі (Дзьмітры Булахаў, 2472),

старшыні Маладзечанскага гарвыканкаму, старшыні партыі Народнай згоды Генадзя Карпенкі (Аляксей Дудараў, 1677),

старшыні калгасу «Прагрэс» Гарадзенскага раёну, старшыні Савету калгасаў Беларусі Аляксандра Дубко (Сямён Шарэцкі, 2901). Збор подпісаў на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году

Збор подпісаў на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году


Былі зарэгістраваныя і ініцыятыўныя групы іншых асобаў, чые шанцы сабраць подпісы расцэньваліся як вельмі слабыя – напрыклад, старшыні парлямэнцкай камісіі Леаніда Козіка, настаўніка з Салігорску Аляксандра Кальцова, кіраўніка Саюзу прадпрымальнікаў Уладзімера Карагіна ці нават беспрацоўнага Станіслава Ліцкевіча. Усяго – 19 ініцыятыўных групаў.

З 25 красавіка па 15 траўня групы зьбіралі подпісы – сабраць трэба было 100 тысяч.

Сюрпрызам было тое, што за Кебіча вырашылі зьбіраць ня толькі подпісы дэпутатаў Вярхоўнага Савету, але і звычайных грамадзянаў; тым самым прэм'ер павінен быў выглядаць «кандыдатам ад народа».

Адразу пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў прыхільнікі Кебіча ўключылі «адміністрацыйны рэсурс» – віцэ-прэм’еры, супрацоўнікі апарату Саўміну, міністры, намесьнікі міністраў былі разьмеркаваныя па рэгіёнах. Подпісы зьбіралі на прадпрыемствах, у навучальных установах, у вайсковых частках. Як адзначала ў тыя дні незалежная прэса, часта людзям прапаноўвалі выбар: альбо подпіс, альбо – звальненьне па скарачэньню штатаў. Студэнтаў пужалі тым, чаго звычайна баяцца студэнты – сэсіяй.

«На электрамэханічным факультэце ўнівэрсытэту ў Гомлі зборам подпісаў у падтрымку Кебіча займаліся дэкан Ул.Фамічоў і ягоны намесьнік В.Бурчанкоў. 27 красавіка яны пайшлі па групах і бесцырымонна загадалі, каб заўтра ўсе студэнты прынесьлі пашпарты, а хто не прынясе – хай потым не наракаюць. Наступным днём сабралі дакумэнты і запоўнілі падпісныя лісты» («Свабода», 3 траўня 1994).

У прыхільнікаў Дубко адміністрацыйны рэсурс быў куды меншы, можна сказаць, нулявы – затое яны бралі фантазіяй.

«Калгас «Прагрэс» пабудаваў у Горадні двухпавярховы магазын. На 30 красавіка быў скліканы сход навакольных жыхароў – нібыта з мэтаю вывучыць пакупніцкі вопыт. Прычым у аб’яўцы было пазначана, што пры сабе пажадана мець пашпарт. У прызначаны час каля магазына сабраліся 100 чалавек, пераважна пэнсіянэры. Кіраўнік гандлю калгасу «Прагрэс» спадар Блат спачатку цягнуў час, распавядаючы, якая бульба будзе прадавацца, колькі гатункаў каўбасы і гэтак далей, ажно нарэшце раскрыў карты. Ён заклікаў усіх прысутных паставіць подпісы за вылучэньне на прэзыдэнцкую пасаду старшыню калгаса «Прагрэс» сп. Дубко... Люд слухаў без асаблівага энтузіязму, пачаў цікавіцца, ці не камуніст Дубко і ці будуць прадаваць сёньня танную каўбасу. Дакладна аб 11-ай гадзіне адчынілася крама і ўсе памкнуліся ўсярэдзіну, аднак тамака было цалкам пуста. Адна бабулька хацела пашукаць каўбасы на другім паверсе, аднак упала зь лесьвіцы. Мужыкі хадзілі й мацюкаліся, а сп. Блат уносіў у сьпіс ахвотных падтрымаць Дубко. Гэткіх знайшлося крыху больш за 30 чалавек» («Свабода», 3 траўня 1994).

За Дубко подпісы зьбіралі старшыні калгасаў і дырэктары саўгасаў, за Кебіча – тыя ж самыя дырэктары і старшыні, а яшчэ – галоўныя лекары, завучы, камандзіры палкоў, міліцыянты-ўчастковыя і паштальёны.

За Пазьняка – настаўнікі, рабочыя, студэнты, малодшыя і старэйшыя навуковыя супрацоўнікі, а таксама – будучыя намінанты Нобэлеўскай прэміі.

«Стаім у пікеце каля ГУМа, зьбіраем подпісы за вылучэньне Пазьняка Зянона Станіслававіча... Подпісаў за дзень набіраецца каля двухсот. Прыкладна столькі ж шкадуюць, што забыліся ўдома пашпарты.

Падыходзіць сівы высокі дзед-вэтэран, з плянкамі над кішэняю: «Пазьняк? Толькі за Пазьняка! Я вось сам украінец і люблю сваю Ўкраіну! А ён любіць Беларусь! І я яго за гэта паважаю!».

Праходзіць каля нас высокая, з прыгожымі доўгімі-доўгімі нагамі дзяўчына – цокае абцасамі па асфальце. Спаднічка такая кароткая, што, здаецца, яе няма. Мы аднадушна суправаджаем яе позіркамі. «Такой пры любой уладзе добра» – з павагаю жартуе адзін з нас.

Падбягае кабета ў целе з адбеленымі раскіданымі валасамі. Пытаецца, нахабна пасьміхаючыся: «А колькі ў Пазьняка было жонак?» «Ніводнай» – сумленна адказваем мы. «Ведаю я Зэніка, – адказвае яна, – сама ў акадэміі працую. Мнагажэнец ён! Мнагажэнец! І я ўсіх угаворваю. Каб не галасавалі за яго!» – безапэляцыйна выказваецца яна і ляціць, матляючы крысамі расшпіленага плашча.

Падыходзіць нейкі дзядзька з ужо абпаленым пад сонцам маршчыністым тварам. Доўга паглядае на здымак Пазьняка, на ягоную кепку, і ўхвальна кажа: «Добра! Буду падпісвацца! Гэта наш мужык, просты, зь вёскі!».

Падпісваецца кабета, якая, як гаворыць, хадзіла на ўсе сустрэчы з Пазьняком яшчэ ад 1989-га году. «А дзе тут яшчэ за Лукашэнку можна падпісацца?» – пытаецца яна. Мы, разгубленыя, ня ведаем. Надта ж гэта розныя кандыдаты – Лукашэнка і Пазьняк.

Падышоў малады хлопец з адзнакаю Аб’яднанай дэмакратычнай партыі. Папытаўся, як зьбіраюцца подпісы. Сам трымае тэчку з паперамі – за Шушкевіча. Паспрабаваў зьвярнуцца да некаторых нашых падпісантаў, каб паставілі подпіс і яму. На дзіва, усе адмаўляюцца. Аргумэнт адзін – мог, не зрабіў. «Ну вось бачыш» – кажу я яму. Ён згодна ківае галавою: «Сам ведаю». «Ну дык чаго ты?» – ківаю я на ягоную тэчку. «Партыйная дысцыпліна», – адказвае ён. А потым, каб хоць як выказаць і сваё Я супраць гэтай партыйнай дысцыпліны, ставіць свой подпіс і за Пазьняка.

Падыходзіць жанчына і кажа: «За яго было б значна болей людзей, калі б ён так востра ня ставіў нацыянальнага пытаньня». Мне карціць спытаць у яе – хто яна па нацыянальнасьці. Урэшце яна агаворваецца сама – руская. Як яны ўсё ж такі баяцца нашага нацыянальнага адраджэньня». (Алесь Бяляцкі, «Як мы зьбіралі подпісы». «Свабода», № 19, 17 траўня 1994.)

Для кантролю над дзеяньнямі ўлады прадстаўнікі дэмакратычных партый і грамадзкіх арганізацый стварылі Грамадзкую кантрольную камісію (ГКК), ўзначаліў яе старшыня БЗВ Мікола Статкевіч. Мне даручылі ўзначаліць так званую Групу рэагаваньня па фактах парушэньняў, якая павінна была арганізаваць сыстэму кантролю за правядзеньнем выбарчай кампаніі, уключна з выкарыстаньнем кандыдатамі сродкаў масавай інфармацыі. Цягам апошніх гадоў мне даводзілася весьці перамовы з кіраўніцтвам Дзяржтэлерадыё пра выдзяленьне эфірнага часу для дэпутатаў апазыцыі, і я ведаў прыёмы іх казуістыкі. Ну і, канешне, дэпутацкі статус меў значэньне – паводле закону, чыноўнікі былі абавязаныя рэагаваць на запыты дэпутата Вярхоўнага Савету. Мы адразу ж зафіксавалі парушэньні: дзяржаўныя тэлебачаньне і радыё не давалі слова нікому з патэнцыйных кандыдатаў, аднак інфармацыя пра Вячаслава Кебіча гучала штодня. Кіраўніцтва дзяржтэлерадыё апраўдалася, што, маўляў, выбары тут ні пры чым – насельніцтву проста даецца інфармацыя пра дзейнасьць кіраўніка ўраду ва ўсёй яе разнастайнасьці і паўнаце.

Мы паставілі мэту закрыць назіральнікамі ўсе больш як 7 тысяч выбарчых участкаў – і разумелі, што пры падтрымцы дэмакратычных партыяў, асноўны цяжар кладзецца на БНФ.

Ініцыятыўную групу Лукашэнкі мы ў разьлік ня бралі.

Як і за Пазьняка, подпісы за Карпенку і за Шушкевіча зьбіралі, пераважна, на вуліцах. На вуліцах зьбіралі подпісы і за Лукашэнку, але гэта – асобная тэма.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG