Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выязны суд разглядае ў турме скаргу Мікалая Аўтуховіча


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

26 сакавіка ў Гарадзенскай турме № 1 пачаўся разгляд скаргі палітвязьня Мікалая Аўтуховіча на спагнаньні, якія ён лічыць беспадстаўнымі.

Выязное пасяджэньне суду мае працягнуцца заўтра. Інтарэсы Аўтуховіча прадстаўляе адвакат Тацяна Чыгак.

Да абеду суд выслухоўваў пазыцыю самога Мікалая Аўтуховіча. У другой палове дня апытвалі восем сьведак. Яны мяркуюць, што спагнаньні Аўтуховічу былі апраўданымі. Адміністрацыя турмы двойчы дала яму вымову і адзін раз зьмясьціла ў штрафны ізалятар. Заўтра на выязным пасяджэньні будуць апытваць наступных сьведак.

На волі праблемамі Мікалая Аўтуховіча, у тым ліку са здароўем, займаецца гарадзенскі прадпрымальнік Вадзім Цярлецкі. Сёньня ён атрымаў ліст ад палітвязьня.

Мікалай Аўтуховіч піша, што мае праблемы з суставамі і баіцца, і што да моманту вызваленьня «рукі ня змогуць несьці нават лёгкую кайстру».

Вадзім кажа, што ягоны бацька перадаў Аўтуховічу лек ад суставаў. Звычайна Мікалай не наракае, але калі сам папрасіў лек, значыць сытуацыя з рукамі сапраўды цяжкая, мяркуе Вадзім Цярлецкі.

Тэрмін зьняволеньня Мікалая Аўтуховіча сканчаецца 8 красавіка.

У 2009 годзе Мікалая Аўтуховіча паўторна зьняволілі, гэтым разам на пяць гадоў і два месяцы. Падставай сталі пяць паляўнічых патронаў: артыкул 295 частка 3 Крымінальнага кодэксу — «незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».
XS
SM
MD
LG