Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску галадаюць супраць дыскрымінацыі незалежнага прафсаюзу дзевяць чалавек


Міхаіл Кавалькоў
Міхаіл Кавалькоў

У Бабруйску на знак пратэсту супраць дыскрымінацыі сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў галадаюць ужо 9 чалавек. Шасьцёра зь іх на працоўных месцах — ля станкоў.

Кіраўнік заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў галадае ля прахадной. На тэрыторыю прадпрыемства яго не пускаюць. Да акцыі пратэсту далучыліся і двое раней звольненых з заводу актывістаў прафсаюзу. Яны разам з Кавальковым галадаюць ля прахадной.

Як паведаміў Свабодзе Міхаіл Кавалькоў, пасьля публікацыяў пра галадоўку ў незалежнай прэсе адміністрацыя прадпрыемства правяла праверку, ці насамрэч працаўнікі галадаюць на працоўных месцах. Чацьвёра працаўнікоў, якія 25 сакавіка распачалі акцыю пратэсту, пацьвердзілі свой удзел. Паводле прафсаюзнага актывіста, праверку загадалі правесьці зь Міністэрства прамысловасьці.

«Працаўнікоў выклікалі да начальніка цэху юрыст прадпрыемства і начальнік аддзелу аховы працы. Яны высьвятлялі, ці галадаюць працаўнікі. Усе чацьвёра пацьвердзілі свой удзел у акцыі пратэсту. Адзін нават пісьмова патлумачыў, чаму галадае», — кажа Міхаіл Кавалькоў.

Актывіст зазначае, што галадоўка, як і было заяўлена 25 сакавіка, калі яна пачалася, будзе трываць тры дні. Кавалькоў пэсымістычна выказваецца наконт таго, што адміністрацыя пойдзе на саступкі і пагодзіцца на перамовы. «Яна будзе разглядаць такі варыянт як уласную слабасьць, што, маўляў, пад ціскам здаліся. Дыялёгу ніякага ня будзе, пакуль галадоўка. Разам з тым яна ўжо кіраўніцтву прадпрыемства стварыла шмат нязручнасьцяў. Яны пабачылі, што галадае не адзін Кавалькоў, якога лічаць непрыяцелем, а галадаюць людзі ля станкоў. Іх шасьцёра ўжо. Пасьля галадоўкі будуць наступныя крокі пратэсту».

Працаўнікі прадпрыемства, якія ўдзельнічаюць у акцыі пратэсту, пацьвярджаюць, што іх апытвалі наконт галадоўкі. Яны пацьвердзілі, што галадаюць. Пра матывы свайго ўдзелу ў акцыі пратэсту кажуць эмацыйна. Заяўляюць, што ім адступаць няма куды.

«Вось глядзіце, прыносяць сьпісы на ўдзел у суботніку, я ў тым сьпісе — значыць, прызнаецца, што працаўніца заводу. А дапамогу да адпачынку, напрыклад, мне не даюць, бо я нібыта не працаўніца заводу», — абураецца галадоўніца Ірына Коршунава.
Нам не даюць ніякіх даплат, бо мы ня так мысьлім і ня так думаем

Яна адпрацавала на заводзе 23 гады. Мае вэтэранскі статус: «Нам не даюць ніякіх даплат, бо мы ня так мысьлім і ня так думаем. Дык гэта ж дыскрымінацыя. Дыскрымінацыя Свабоднага прафсаюзу, які дазволены Канстытуцыяй і прэзыдэнтам. А нас тут прыціскаюць. Я не разумею, хто дазволіў сваволіць адміністрацыі заводу ў нашым горадзе», — зазначае Ірына Коршунава.

Паводле яе, шмат хто з працаўнікоў заводу падтрымлівае акцыю пратэсту, але ўдзельнічаць не наважваюцца. Баяцца, што звольняць. Стрымліваюць кантракты.

Галадоўнікі не баяцца, што іхныя імёны будуць названыя, і просяць журналістаў гэта зрабіць. На працоўных месцах галадаюць Генадзь Лабачоў, Віктар Осіпаў, Аляксандар Бенасік, Аксана Кернажыцкая, Сяргей Пічугоў ды Ірына Коршунава.

Яны патрабуюць ад адміністрацыі спыніць перасьлед працаўнікоў прадпрыемства за прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюзу Беларускага, пачаць перамовы з суполкай па выпрацоўцы і заключэньні працоўнай дамовы, а таксама скасаваць дыскрымінацыйныя пункты калектыўнай дамовы. Сярод патрабаваньняў значыцца і выкананьне пастановы суду аб допуску старшыні суполкі Кавалькова на тэрыторыю прадпрыемства. Патрабуюць галадоўнікі і выдзеліць памяшканьне для сядзібы суполкі на тэрыторыі заводу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG