Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З прыходам расейскіх законаў крымскія татары чакаюць абвінавачаньняў у «экстрэмізьме»


Крымскія татары хаваюць забітага суродзіча

Крымскія татары хаваюць забітага суродзіча

Пасьля расейскай анэксіі Крыму крымскататарская меншасьць можа апынуцца ў новай юрыдычнай сытуацыі.

Наш карэспандэнт Робэрт Коўлсан расказвае пра занепакоенасьць як палітычных актывістаў, так і звычайных крымчанаў-мусульманаў, што іх раптам могуць назваць «экстрэмістамі».

Расейскамоўныя мас-мэдыі распачалі жорсткую атаку супраць крымскататарскага бізнэсоўца Ленура Ісьлямава, уладальніка незалежнага тэлеканалу АТР у сталіцы Крыму Сімферопалі.

Так, прыкладам, сайт ridus.ru абвінаваціў Ісьлямава ў дэстабілізацыі «сацыяльна-палітычнай і міжэтнічнай сытуацыі ў Крыме» і ачарненьні савецкай арміі за фінансаваньне ў 2013 годзе фільму пра дэпартацыю крымскіх татараў у 1944 годзе.

У тым самым артыкуле АТР параўноўваецца зь незалежным расейскім тэлеканалам «Дождь», які быў пазбаўлены кабэльнага і спадарожнікавага эфіру за правядзеньне апытаньня наконт блякады Ленінграду падчас ІІ сусьветнай вайны.

У іншых расейскамоўных мэдыях Ісьлямаў быў названы «нацыянал-здраднікам», «экстрэмістам» і прадстаўніком «Аль-Каіды».

Гэта сцэнар, які расейскія татары – і наагул мусульмане – ужо добра ведаюць, кажа Айдар Муждабаеў, крымскататарскі журналіст і блогер, які жыве ў Маскве:

«Гэта правераны сцэнар у дачыненьні да людзей, якім можна "прышыць" прыналежнасьць да ісламу. У Татарстане таксама бывалі выпадкі, калі людзей абвяшчалі прыхільнікамі экстрэмісцкіх арганізацыяў. Пры ўсталяваньні больш цьвёрдай улады ў Крыме будуць выстаўляцца такія самыя абвінавачаньні: калі ты татарын, то цалкам ня выключана, што які-небудзь экстрэміст».

Муждабаеў дадае, што Ісьлямаў выбраны ахвярай з-за пасьпяховасьці і незалежнасьці тэлеканалу АТР:

«Ленур вельмі шмат зрабіў, асабліва ў апошнія гады, для разьвіцьця татарскай мовы, культуры. Ён стварыў гэты канал – найбольш агляданы канал у Крыме, прычым ня толькі сярод татараў, а і сярод расейцаў».

На думку аналітыкаў і татарскіх актывістаў, цкаваньне Ісьлямава – гэта частка шырэйшай кампаніі.

Дачыненьні паміж крымскімі татарамі і этнічнымі расейцамі застаюцца напружаныя ад таго часу, калі ў канцы 1980-х татары пачалі вяртацца ў Крым. Крымскія татары ў абсалютнай бальшыні байкатавалі спрэчны рэфэрэндум 16 сакавіка аб прыналежнасьці Крыму.

Нягледзячы на заляцаньні з боку крымскіх уладаў – улучна з абяцаньнямі, што крымскім татарам будуць аддадзеныя 20% пасадаў у заканадаўчай і выканаўчай уладзе паўвострава, што крымскататарская мова стане адной з афіцыйных моваў Крыму і што будзе прынятая новая праграма рэпатрыяцыі – татары захоўваюць скепсіс і асьцярожнасьць.

У цяперашнім урадзе Крыму няма ніводнага крымскага татарына. Віцэ-прэм'ер Рустам Тэміргаліеў – казанскі татарын з Татарстану, ягоны бацька – лідэр прамаскоўскага аб'яднаньня паволскіх татараў «Ідэль».

Крымскататарскі курултай – палітычная рада – зьбярэцца 29 сакавіка, каб абмеркаваць становішча татараў у Крыме і вырашыць, ці варта ім хадайнічаць аб атрыманьні расейскага грамадзянства.
XS
SM
MD
LG