Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое віцебскіх апазыцыянэраў «на сутках»


Барыс Хамайда, архіўнае фота

Барыс Хамайда, архіўнае фота

Судзьдзя Першамайскага райсуду Натальля Карабліна асудзіла сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава на 7 сутак за несанкцыянаваны пікет. У ІЧУ трапілі і яшчэ два актывісты — Барыс Хамайда і Аляксандар Салаўян.

Яна Дзяржаўцава затрымалі 25 сакавіка на вуліцы Кірава ў Віцебску і пад вартай даставілі ў Першамайскі РАУС. Там на яго склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне — за заклікі да байкоту выбараў. Ён зьдзейсьніў гэтую акцыю 22 сакавіка разам з Аленай Каваленкай: удваіх яны выйшлі да СШ № 46 з плякатам «Байкот выбарчаму фарсу». А потым Ян Дзяржаўцаў дэманстратыўна парваў запрашэньні на выбары, бо лічыць, што ў Беларусі няма свабоднага волевыяўленьня грамадзян. Сябра КХП БНФ Сяргей Каваленка, муж Алены Каваленкі, зьняў акцыю на відэа і выклаў у інтэрнэт.

24 сакавіка Яну Дзяржаўцаву прынесьлі позву ў міліцыю, аднак апазыцыянэр кажа, што яе не атрымаў. Назаўтра супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да яго дахаты, але таксама не засьпелі. Урэшце актывіста затрымалі проста на вуліцы, але зь невядомых прычынаў вырашылі судзіць толькі ранкам 26 сакавіка. Мінулую ноч Ян Дзяржаўцаў мусіў правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Туды ж яго адвезьлі і пасьля суду, на астатні тэрмін арышту.

Судзьдзя Натальля Карабліна не задаволіла просьбу актывіста запрасіць на працэс адваката і перакладчыка і пастанавіла пакараць Дзяржаўцава арыштам як арганізатара несанкцыянаванай акцыі, з улікам таго, што адміністрацыйнае парушэньне ім зьдзейсьнена цягам гэтага году паўторна.

Праваабаронца Павал Левінаў паскардзіўся на дзеяньні судзьдзі ў гарадзкую пракуратуру. Паводле праваабаронцы, яго прыняў старшы памочнік пракурора Мікалай Лазарэнка. Павал Левінаў паскардзіўся на тое, што судзьдзя Карабліна парушыла правы падсуднага, а таксама патрабаваньні адміністрацыйнага заканадаўства: з улікам таго, што Ян Дзяржаўцаў не адмаўляў факту правядзеньня пікету, ён ня мусіў атрымаць такое сур’ёзнае пакараньне — арышт на 7 сутак.

Яшчэ двое віцебскіх актывістаў — Барыс Хамайда і Аляксандар Салаўян — ня маюць сем’яў, таму інфармацыя пра іх затрыманьне 24 сакавіка дайшла да сяброў і знаёмых не адразу.

Судзьдзя Алена Цыганкова асудзіла абодвух актывістаў на трое сутак за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Барыса Хамайду і Аляксандра Салаўяна затрымалі напярэдадні Дня Волі ў гарадзкім пасёлку Руба пад Віцебскам. У кагосьці зь іх быў бел-чырвона-белы сьцяг. Патлумачыць свае пляны адносна яго выкарыстаньня актывісты адмовіліся.
XS
SM
MD
LG