Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэцыдывісту» Вінярскаму — 15 сутак арышту, «пачаткоўцу» Блізьнюку — 5


Максім Вінярскі на Дні волі — крайні зьлева

Максім Вінярскі на Дні волі — крайні зьлева

У судзе Заводзкага раёну Менску 26 сакавіка асудзілі затрыманых удзельнікаў акцыі на Дзень Волі. Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі атрымаў 15 сутак арышту, Аляксандар Блізьнюк з Радашкавічаў асуджаны на 5 сутак.

Максім Вінярскі быў затрыманы пасьля акцыі, прымеркаванай да Дня Волі, разам зь Леанідам Кулаковым, Уладам Бародкам, Аленай Лазарчык і Сяргеем Мацкойцем. Усе яны праводзілі да дому сваю сяброўку Юлію Сьцяпанаву, якая жыве на вуліцы Багдановіча. У двор дому заехаў чырвоны мікрааўтобус, усіх «пагрузілі» туды, доўга вазілі па горадзе і прывезьлі чамусьці ў РУУС Заводзкага раёну, хоць затрымалі ў Савецкім раёне. Чатырох затрыманых міліцыянты адпусьцілі ўвечары з пастарунку без пратаколаў, а Вінярскага ноч пратрымалі на Акрэсьціна. Як з затрыманымі абыходзіліся АМАПаўцы ў цывільным, распавядае Леанід Кулакоў:

«Падчас руху з боку міліцыі былі пагрозы на наш адрас: маўляў, такіх, як вы, трэба зьнішчаць, вешаць і гэтак далей. Іншадумцаў цяперашняя ўлада ненавідзіць».

На судовым працэсе супраць Вінярскага сьведчылі начальнік падразьдзяленьня АМАП Тарасаў і шараговец Рэут. Яны казалі, што Максім у двары нібыта выкрыкваў экстрэмісцкія лёзунгі, нецэнзурна лаяўся, распавяла праваабаронца Марыя Касьян:

«Нібыта ў двары мы выкрыквалі фашысцкія лёзунгі, кшталту „Ўкраіна, мы з табой!“ Яшчэ на працэсе Вінярскі прасіў пацьвердзіць і ўдакладніць, але, натуральна, яны не ўдакладнілі. У машыне, калі затрыманых вазілі па горадзе, АМАПаўцы казалі, што ўсіх трэба зьнішчыць, перадушыць, і наагул узгадвалі пра крэматорый па дарозе».

Сьведкам у Максіма Вінярскага выступіў Леанід Кулакоў — хлопцаў затрымлівалі разам:

«Я адразу сказаў, што клянуся здароўем і жыцьцём Лукашэнкі, што буду казаць праўду і толькі праўду. Няхай таксама пацьвердзяць гэта сьведкі з боку абвінавачаньня, што яны кажуць праўду. Я распавёў, што ведаю Вінярскага 5 гадоў і ні разу ня чуў, каб той хоць раз сказаў мацернае слова. А судзьдзя сказала, што, калі я ведаю Вінярскага, значыць, я зацікаўленая асоба, а супрацоўнікі міліцыі — незацікаўленыя асобы. І мае паказаньні не бяруцца ў разьлік».
А судзьдзя сказала, што, калі я ведаю Вінярскага, значыць, я зацікаўленая асоба, а супрацоўнікі міліцыі — незацікаўленыя асобы


Судзьдзя Заводзкага суду Менску Алена Някрасава пастанавіла асудзіць актывіста «Эўрапейскай Беларусі» на 15 сутак арышту. Яму інкрымінаваліся артыкулы 17.1 і 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях.

Тая ж судзьдзя судзіла і другога затрыманага — Аляксандра Блізьнюка з Радашкавічаў. Аляксандар першы раз у жыцьці пайшоў на акцыю, распавяла жонка Блізьнюка Марыя:

«Ён не актывіст. Проста хварэе за сваю краіну, стаіць за праўду, за справядлівасьць. Ён пасьля працы пайшоў на акцыю на Дзень Волі».

Аляксандра затрымалі яшчэ падчас шэсьця побач з домам № 31 па вуліцы Сурганава. Паводле сьведчаньняў АМАПаўцаў, Блізьнюк выкрыкваў экстрэмісцкія лёзунгі і нёс жоўта-блакітны сьцяг. На само судовае паседжаньне ні жонку Аляксандра, ні сяброў не пусьцілі. Яны трапілі толькі на абвяшчэньне рашэньня.

Судзьдзя Алена Някрасава асудзіла Аляксандра Блізьнюка па тых жа самых артыкулах, па якіх і Максіма Вінярскага — 17.1 і 23.4 — і прызначыла пакараньне: 5 сутак арышту.
XS
SM
MD
LG