Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чарнігаве расейскаму банку нагадалі пра Крым


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ва ўкраінскім Чарнігаве невядомыя разьбілі дзьверы й вокны мясцовага аддзяленьня Ашчаднага банку Расеі. А ўздоўж аўтамабільнай трасы Гомель — Чарнігаў — Кіеў мясцовая самаабарона капае траншэі і ўзводзіць абарончыя збудаваньні: нападу чакаюць зь беларускага боку.

Напад на чарнігаўскае аддзяленьне «Ашчадбанку Расеі» здарыўся на праспэкце Міру ў ноч на 25 сакавіка. Невядомыя выбілі цаглінай шкляныя дзьверы. Кіраўнік 1-га аддзяленьня банку ў Чарнігаве Ўладзімер Гук патлумачыў мясцоваму інфармацыйнаму парталу «Высокі вал», што расейскі «Ашчадбанк» — толькі заснавальнік банку, а ўсе ягоныя супрацоўнікі — гэта звычайныя грамадзяне Ўкраіны. Банк спраўна выконвае ўсё свае абавязаньні перад кліентамі.

Інфармацыйны ж партал выказаў іншае меркаваньне: падобна, што такім чынам чарнігаўцы вырашылі адпомсьціць «Ашчадбанку Расеі» за «нацыянальнае прыніжэньне ў Крыме».

Заснавальнік і галоўны рэдактар «Высокага валу» Алег Галаваценка працягвае:

«Як я разумею, гэта так. Я, вядома, ня сьледчы, але ўсе разумеюць, што гэтая эмоцыя магла выліцца на шыльду, на якой напісана „Ашчадбанк Расеі“. Ніхто ж ужо ня скажа, хто там быў. Проста ўва ўсіх грамадзянаў Ўкраіны, якія глядзяць на той гоп-стоп, які Расея робіць у Крыме, вядома ж, эмоцыі скіраваныя на адэкватныя дзеяньні ў адказ».

Суразмоўца кажа, што цяпер жыхары Чарнігава, як і большасьць украінцаў, прагнуць хоць неяк дапамагчы дзяржаве:

«Людзі, якія ня трапілі ці іх не бяруць у ваенкамаце, думаюць пра народнае ратніцтва, дапамагаюць вайскоўцам на лётнішчах і гэтак далей — хто як можа, хто як бачыць свой у гэтым удзел».

У мэдыях зьявілася інфармацыя пра ўзьвядзеньне абарончых збудаваньняў уздоўж аўтамабільнай трасы Гомель — Чарнігаў — Кіеў.

Непадалёк ад беларуска-ўкраінскага памежнага пераходу Новая Гута — Новыя Ярылавічы, у бок Чарнігава, выкапаныя траншэі, абсталяваныя з дошак і мяхоў зь пяском агнявыя кропкі.

Кіраўнік інфармацыйнага праекту «Паўночны вэктар» Аляксандар Ясянчук апавядае:
Мы цалкам можам дапусьціць: Беларусь на патрабаваньне Расеі, свайго хаўрусьніка, прапусьціць праз сваю тэрыторыю расейскія войскі

«Калі паглядзець на мапу, то найбольш просты і дасяжны шлях на Кіеў для патэнцыйнага агрэсара — траса Гомель — Рэпкі — Чарнігаў — Кіеў. Аналізуючы геапалітычную сытуацыю ў зьвязку з Расеяй ды Беларусьсю і маючы на ўвазе, што гэта саюзныя дзяржавы паміж сабою, мы цалкам можам дапусьціць: Беларусь на патрабаваньне Расеі, свайго хаўрусьніка, прапусьціць праз сваю тэрыторыю расейскія войскі. Яны праедуць праз тэрыторыю Гомельскай вобласьці і паедуць напрасткі па гэтай трасе на Кіеў. Таму мы й разглядаем такую пагрозу і з боку Беларусі таксама».

Украінец кажа, што абарончыя ўмацаваньні рабіла найперш самаабарона Рэпкінскага раёну — суседняга з Гомельшчынай:

«Уважаючы на ўсё гэта, мы й стварылі нядаўна Рэпкінскі тэрытарыяльны аддзел самаабароны. Ён да ўмацаваньняў дакладна мае дачыненьне. Магчыма, нейкія захады рабілі й нашыя памежнікі. Але самаабарона паставіла сабе задачу: памежны Рэпкінскі раён з гэтага боку будзем умацоўваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG