Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Няма выбару


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

У нядзелю ўпершыню Аляксандар Лукашэнка выступіў з разгорнутым камэнтаром адносна ўкраінскага крызісу. З гэтага камэнтару вынікае сур’ёзная эвалюцыя пазыцыі Беларусі ў дачыненьні да канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай.

Дасюль афіцыйны Менск імкнуўся ў гэтым супрацьстаяньні вытрымліваць лінію нэўтралітэту. Заява міністра замежных спраў Беларусі Макея наконт неабходнасьці захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ўвогуле выглядала як падтрымка Кіева.

У адказах Лукашэнкі на пытаньні журналістаў таксама ёсьць тэзісы, якія можна трактаваць як ускосную падтрымку Ўкраіны. Ён сказаў, што парушэньне прынцыпу тэрытарыяльнай цэласнасьці паўднёвага суседа — гэта дрэнна. Бо адным з наступстваў пераходу Крыму ў склад Расеі можа стаць гонка ядзерных узбраеньняў. Кіраўнік Беларусі выказаўся супраць фэдэралізацыі Ўкраіны, што зусім не супадае з пазыцыяй Крамля.

Аднак у цэлым можна казаць, што лінія на нэўтралітэт Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце адкінута. Лукашэнка фактычна падтрымаў Расею. Тут важна ня тое, што ён прызнаў Крым дэ-факта часткай РФ. Галоўнае ў тым, што кіраўнік Беларусі апраўдаў Маскву. Ягонае тлумачэньне дзеяньняў РФ у Крыме фактычна супала з расейскай трактоўкай гэтых падзеяў. Маўляў, Украіна сама вінаватая, яна «падставілася». Прагучаў тэзіс пра сувязь цяперашняга кіраўніцтва Ўкраіны з «бандэраўцамі», а гэта ж перапеў расейскай тэлепрапаганды. Менавіта так гэтую новую пазыцыю Беларусі расцаніў афіцыйны Кіеў, які адклікаў украінскага амбасадара зь Менску.

Чым жа тлумачыцца эвалюцыя ў пазыцыі Беларусі адносна канфлікту Расеі і Ўкраіны?

Па-першае, калі беларускае кіраўніцтва паўстала перад дылемай, перад праблемай вызначэньня сваёй пазыцыі ў канфлікце між суседзямі, зь якімі краіну зьвязваюць сяброўскія і цесныя эканамічныя дачыненьні, то хутка высьветлілася, што выбару якраз і няма. Залежнасьць Беларусі ад Расеі такая вялікая, што захоўваць нэўтралітэт проста няма магчымасьці. Як ні выкручваўся, як ні супраціўляўся Лукашэнка разьмяшчэньню на беларускай тэрыторыі расейскіх самалётаў, але ж давялося, бо выкруцілі рукі. Фактычна адсутнасьць выбару прызнаў і сам кіраўнік Беларусі: «З-за гістарычнага мінулага, таго, што мы адзін народ, ствараем адзіны праект, мы будзем з Расеяй. Трэба спыніць гэтыя спэкуляцыі. Калі паўстане пытаньне, мы заўсёды будзем з Расеяй». Лопаецца міт пра Лукашэнку як гаранта незалежнасьці.
Залежнасьць Беларусі ад Расеі такая вялікая, што захоўваць нэўтралітэт проста няма магчымасьці

Па-другое, Лукашэнка ня можа ігнараваць грамадзкія настроі ў Беларусі. Значная частка беларусаў глядзяць на канфлікт Расеі і Ўкраіны вачыма расейскіх тэлеканалаў, падтрымліваюць пазыцыю Масквы.

Па-трэцяе, слабая рэакцыя Захаду на аншлюс Крыму. Заходнія санкцыі ў дачыненьні да Расеі сталі амаль копіяй санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. У выніку ўплыў ЗША і ЭЗ на постсавецкую прастору будзе істотна аслаблены. Прычым ня толькі ў геапалітычным, але і ў ідэалягічным, каштоўнасным пляне. Квінтэсэнцыяй гэтых новых настрояў стала фраза Лукашэнкі на выбарчым участку ў нядзелю: «Захад — гэта такая прафанацыя, гэта ні на што ня здольныя людзі. Колькі было пылу, я ўжо, шчыра кажучы, баяцца пачаў, хоць бы да вайны не дайшло. Ну і што? 20 чалавек ня пусьцяць у Эўропу!»

І тут Лукашэнка не ў адзіноце. Лідэры постсавецкіх дзяржаў вытрымалі паўзу, паглядзелі на адказ Захаду і рацыянальна вырашылі паставіць на пераможцу, падтрымаць моцнага. Бо з моцным сябраваць выгадней. Спачатку Казахстан, потым Армэнія публічна падтрымалі анэксію Крыму Расеяй. Цалкам варта было чакаць, што тое самае зробіць і Лукашэнка. Так у нядзелю і сталася.

Па-чацьвёртае, такі выбар лёгка зразумелы з ідэалягічных прычын. Паколькі пачынаецца нейкі новы варыянт «халоднай вайны» паміж Расеяй і Захадам, то для Лукашэнкі з пэўнага гледзішча гэта нават добра. Бо цяпер ня трэба гуляць у дэмакратыю, зважаць на тое, што скажа Захад пра правы чалавека. Цяпер саму ідэю дэмакратыі можна абвясьціць падступным інструмэнтам ЗША і ЭЗ дзеля падпарадкаваньня народаў постсавецкіх дзяржаў. Больш жорсткая пазыцыя Лукашэнкі адносна палітвязьняў, якая прагучала ў гэтым нядзельным выступе, таму пацьверджаньне.

Зьняважлівае выказваньне Лукашэнкі наконт Захаду (так ён даўно не гаварыў) дазваляе зрабіць выснову, што, здаецца, на пэўны час заходні кірунак беларускай зьнешняй палітыкі перастаў мець колькі-небудзь самастойнае значэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG