Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Януковіч, дзе твая армія?


Януковіч і Лукашэнка ў Менску 25 кастрычніка 2013 году

Януковіч і Лукашэнка ў Менску 25 кастрычніка 2013 году

«Я яго асуджаю як сябра», заявіў беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка пра зрынутага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў інтэрвію праграме «Шустер Live» ўкраінскага першага нацыянальнага тэлеканалу.

Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, на просьбу журналіста Савіка Шустэра беларускі кіраўнік выказаў сваю пазыцыю па Ўкраіне «у шчырым і адкрытым ключы».

У часе інтэрвію закраналася тэма адказнасьці прэзыдэнта за лёс краіны і яе народа. «Што да Януковіча. Ну які ён для мяне прэзыдэнт. Вось апошні яго выступ: таварышы, спадарства, я жывы, здаровы, я галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі. Адразу пытаньне: дзе твая армія?», сказаў Лукашэнка і працягваў: «Прэзыдэнт павінен быць са сваім народам, як бы ні было цяжка. Нават калі ў цябе заўтра будуць страляць і цябе заб’юць — твой лёс такі. Ты, значыць, павінен прынесьці сябе ў ахвяру. А як жа? У рэзыдэнцыі сядзець, упівацца сваёй уладай, а калі цяжка — зьбегчы? Не, я гэтага не прызнаю».

Кіраўнік Беларусі таксама даў тлумачэньні свайму крытычнаму тону: «Ведаеце, не хачу, каб усе падумалі, што Лукашэнка такі перавёртыш, учора сябраваў зь Януковічам, а сёньня так кажа. Я яго асуджаю як сябра. Прэзыдэнты не павінны так сябе паводзіць. Калі няма з кім ваяваць, бяры стрэльбу, ідзі адзін. Заб’юць... Усе мы там будзем рана ці позна. Але ні тваім сябрам, ні тваім сваякам, ні тваім сынам за цябе сорамна потым ня будзе».

За некалькі апошніх гадоў у Аляксандра Лукашэнкі не было нагоды, каб падобным чынам асудзіць і прысарамаціць іншага свайго сябра Курманбека Бакіева, які зьбег з краіны ў часе масавых забурэньняў. Экс-прэзыдэнт Бакіеў з сям’ёй атрымаў у Беларусі прытулак і, праўдападобна, грамадзянства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG