Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Эўразьвяз сёньня ўзмоцняць ціск на Маскву


Барак Абама ў аэрапорце Брусэлю

Барак Абама ў аэрапорце Брусэлю

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама мае сёньня заявіць пра больш жорсткую пазыцыю Захаду ў дачыненьні да расейскай анэксіі Крыму.

Сёньня ў Брусэлі адкрыецца саміт ЗША-Эўразьвяз, дзе амэрыканскі прэзыдэнт выступіць з прамовай пра трансатлянтычныя дачыненьні. Выступ Абамы пачнецца ў 19.45 паводле менскага часу, на нашым сайце будзе весьціся жывая трансьляцыя.

Напярэдадні Абама заявіў, што дзеяньні Расеі ва Ўкраіне — гэта знак слабасьці. Ён сказаў гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Гаазе пасьля саміту ў пытаньнях ядзернай бясьпекі:

«Расея — гэта рэгіянальная сіла, якая пагражае некаторых непасрэдным суседзям не ад сваёй залішняй сілы, а ад слабасьці. Украіна — краіна, у якой Расея ў дзесяцігодзьдзі пасьля распаду Савецкага Саюзу мела велізарны ўплыў. І мы маем значны ўплыў на нашых суседзяў. І нам наагул ня трэба акупаваць іх, каб мець зь імі моцныя дачыненьні супрацоўніцтва. Тое, што Расея адчула сябе вымушанай учыніць ваенную інтэрвэнцыю, пайшоўшы на адкрытае парушэньне міжнароднага права, сьведчыць пра тое, што яе ўплыў зрабіўся меншы, а ня большы».

У супольнай заяве па заканчэньні ядзернага саміту ЗША і Ўкраіна зазначылі, што дзеяньні Расеі ў Крыме «падрываюць асновы архітэктуры глябальнай бясьпекі і пагражаюць міру і бясьпецы ў Эўропе».

Абама папярэдзіў, што ЗША і іх саюзьнікі не адступяць ад увядзеньня далейшых санкцыяў супраць Масквы.

Абама таксама выказаў занепакоенасьць з прычыны ўсё большай канцэнтрацыі расейскіх узброеных сілаў на мяжы з Украінай, але прызнаў за Расеяй права разгортваць войскі на сваёй тэрыторыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG