Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Затрыманы за Дзень Волі: Ніколі яшчэ за каўнер не выцягвалі з пастарунку


Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў, якога ўчора затрымалі разам з 8 іншымі ўдзельнікамі шэсьця ў гонар Дня Волі, распавёў Радыё Свабода, як яго затрымлівалі.

«Пасьля заканчэньня мітынгу мы пайшлі праводзіць дадому Юлю Сьцяпанаву, якая жыве ў адным з дамоў на вуліцы Багдановіча. Мы разам з Максімам Вінярскім і іншымі нашымі актывістамі стаялі ў двары, нікога не чапалі, не шумелі, размаўлялі амаль шэптам. Раптам пад’ехаў чырвоны мініаўтобус, зь якога выйшлі людзі ў цывільным. Кажуць нам: „Прайдзіце ў машыну“. Мы пытаемся: „Куды? Навошта? У чым справа?“ Яны: „Прайдзіце, і вам усё раскажуць“. Мы мусілі сесьці ў мінібус.

Нас вазілі па ўсім горадзе, кругамі, блыталі сьляды, каб не было пагоні. У выніку прывезьлі ў Заводзскі РАУС, дзе нас абшукалі, перапісалі пашпартныя зьвесткі і пасадзілі ў актавай залі. Хвілін празь дзесяць забралі Максіма Вінярскага і Аляксандра Блізьнюка, якога затрымалі асобна ад нас, у мэтро. Празь нейкі час нам вярнулі пашпарты і сталі адпускаць. Я сказаў, што хачу застацца разам з Максімам і Аляксандрам. У мяне запыталі: „Ты што, у турму хочаш?“ Я сказаў: „Так, хачу ў турму“. У канцы размовы мяне за каўнер выкінулі з РУУС. Раней мяне толькі зацягвалі такім чынам у пастарункі, але не выкідалі».

Максім Вінярскі назваў Леаніда Кулакова сваім сьведкам. Таму Леанід Кулакоў у памяшканьні суду Заводзкага раёну чакае пачатку працэсу.

Максіму Вінярскаму інкрымінуюць артыкул 17.1 КаАП — «хуліганства». Яму пагражае да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
XS
SM
MD
LG