Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ занепакоены лёсам крымскіх татараў


Прадстаўнікі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе ( АБСЭ) фіксуюць звароты ад нацыянальных меншасьцяў Крыма аб парушэньні іх правоў.

Пра гэта паведаміла прэс-служба Мэджлісу крымска-татарскага народа па выніках сустрэчы народнага дэпутата Ўкраіны Мустафы Джамілева зь Вярхоўным камісарам АБСЭ па справах нацыянальных меншасьцяў Астрыд Торс.

У паведамленьні для прэсы гаворыцца пра тое, што падчас гутаркі Астрыд Торс асабліва цікавілася становішчам крымска-татарскага народа, «які апынуўся разам зь іншымі грамадзянамі Ўкраіны на акупаванай тэрыторыі ў Крыме, магчымымі варыянтамі разьвіцьця сытуацыі і пазыцыяй крымскіх татараў у пытаньнях аднаўленьня іх правоў як карэннага народа Ўкраіны».

У сваю чаргу, адзін зь лідэраў Мэджлісу Мустафа Джамілеў інфармаваў Вярхоўнага камісара аб фактах парушэньня правоў чалавека ў Крыме, якія сталі больш частымі: аб забойствах, выкраданьнях, пагрозах і ўзмацненьні інфармацыйнай блякады з боку расейскіх і крымскіх уладаў.

У сувязі з гэтым Астрыд Торс выказала занепакоенасьць магчымым масавым ад’ездам уцекачоў з Крыма ў іншыя рэгіёны Ўкраіны.

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Ўкраінскія навіны», спэцыяльная маніторынгавая місія Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе апублікуе справаздачу аб сытуацыі ва Ўкраіне да 6 красавіка.

Агенцтва паведамляе, што, нягледзячы на тое, што ў рашэньні АБСЭ напісана аб працы маніторынгавай місіі на тэрыторыі Ўкраіны, назіральнікі не наведаюць Крым. Гэта зьвязана з тым, што ў рашэньні АБСЭ канкрэтна напісана, у якіх гарадах змогуць працаваць назіральнікі, а менавіта: у Хэрсоне, Адэсе, Львове, Івана-Франкоўску, Харкаве, Данецку, Днепрапятроўску, Чарнаўцах, Луганску і Кіеве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG