Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці памяняла Беларусь сваю пазыцыю адносна расейска-ўкраінскага канфлікту?


Аляксандар Лукашэнка ў нядзелю падрабязна выказаўся наконт украінскага крызісу. Ці адмовіўся афіцыйны Менск ад нэўтралітэту ў расейска-ўкраінскім канфлікце? Якія чыньнікі ўплываюць на пазыцыю беларускага кіраўніцтва? Як украінскі крызіс уплывае на адносіны Беларусі з Захадам?

Удзельнікі: дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Ці адмовіўся афіцыйны Менск ад нэўтралітэту ў расейска-ўкраінскім канфлікце?


Валер Карбалевіч: «Дасюль Беларусь імкнулася ў расейска-ўкраінскім канфлікце вытрымліваць лінію нэўтралітэту. Заява міністра замежных спраў Беларусі Макея наконт неабходнасьці захоўваць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ўвогуле выглядала як падтрымка Кіева. Першым крокам у зьмене пазыцыі Менску было рашэньне разьмясьціць на беларускай тэрыторыі расейскія самалёты.

І вось нядзельны выступ Лукашэнкі на выбарчым участку стаў працягам эвалюцыі пазыцыі афіцыйнага Менску. Ключавая фраза: „Мы заўсёды будзем з Расеяй“. Ці азначае гэта, што лінія нэўтралітэту скончылася і Беларусь падтрымала Расею ў гэтым канфлікце?»
Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч: «Не, пакуль пра гэта казаць рана. Бо Лукашэнка выказаўся і за добрыя стасункі з Расеяй, і за захаваньне цэласнасьці Ўкраіны. Фразу пра тое, што Беларусь прызнае дэ-факта ўладу Расеі над Крымам, можна ацэньваць дваяка. Бо гэта дэ-факта прызнае і Ўкраіна. Прынамсі, праз тое, што выводзіць свае вайсковыя часьці з тэрыторыі паўвострава».

Карбалевіч: «Аднак Украіна расцаніла нядзельныя выказваньні Лукашэнкі як антыўкраінскія і адклікала свайго амбасадара зь Менску для кансультацыяў».

Казакевіч: «Так. Але юрыдычнага прызнаньня Беларусьсю анэксіі Крыму Расеяй няма».

Карбалевіч: «Здаецца, не існуе такой юрыдычнай працэдуры, як прызнаньне далучэньня нейкай тэрыторыі да іншай дзяржавы».
Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі: «Беларускім уладам па-ранейшаму хацелася б выглядаць нэўтральнымі ў гэтым пытаньні. Бо гэта адпавядае і нацыянальным інтарэсам Беларусі, і інтарэсам беларускага кіраўніцтва. Фігуральна кажучы, гэта ня наша вайна.

Аднак мы бачым пэўны вымушаны дрэйф беларускага кіраўніцтва ў кірунку падтрымкі крамлёўскай пазыцыі. Лукашэнка прамовіў тэзу, што Крым — дэ-факта частка Расеі. Кіеў гэтую зьмену пазыцыі заўважыў і адпаведна прарэагаваў. Разам з тым адкліканьне Ўкраінай свайго амбасадара ня ёсьць вялікім скандалам. Гэта проста сыгнал Менску, што ня трэба пераходзіць пэўныя межы. Бо кожны з бакоў тут гуляе. І Ўкраіна таксама разумее, што нельга чакаць нейкіх цудаў ад бліжэйшага ваенна-палітычнага хаўрусьніка Расеі.

Увогуле Лукашэнка круціўся як вуж на патэльні. І нават нейкія алягізмы ўжываў. Кшталту, Крым — частка Расеі, але мы за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Такія казуістычныя выверты сьведчаць пра тое, што хочацца і нашым, і вашым.

Бо Лукашэнка выказаў шэраг тэзаў у піку Расеі. Ён выступіў супраць фэдэралізацыі Ўкраіны, хоць гэта — маскоўская пазыцыя. Таксама Лукашэнка адзначыў небясьпеку парушэньня Будапэшцкага мэмарандуму, які гарантаваў сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць краін, якія вывелі ядзерную зброю (Беларусь, Украіна, Казахстан). Бо можа пачацца распаўзаньне ядзернай зброі, маленькія краіны могуць пачаць яе вытворчасьць. То бок Менск хоча пакінуць сабе пэўную свабоду дзеяньняў».

Прычыны дрэйфу Беларусі


Карбалевіч: «Падаецца, што Кіеву больш не спадабалася ў выказваньнях Лукашэнкі ня тое, што Крым дэ-факта належыць Расеі. Галоўнае, Лукашэнка фактычна апраўдаў дзеяньні Расеі — маўляў, Украіна сама вінаватая. Чым тлумачыцца эвалюцыя ў пазыцыі Беларусі адносна канфлікту Расеі і Ўкраіны?»

Класкоўскі: «Па-першае, Беларусь — найбліжэйшы хаўрусьнік Расеі. Лукашэнка ўзгадаў сумесны праект: саюзная дзяржава. Моцная ваенная повязь паміж дзяржавамі. Гэта змушае Беларусь ісьці ў фарватэры расейскай палітыкі.
Лукашэнка разумее, што калі ён не падтрымае Маскву, то яму перакрываюць эканамічны кран

Па-другое, апошнімі гадамі моцна ўзрасла эканамічная залежнасьць Беларусі ад Расеі. Лукашэнка разумее, што калі ён не падтрымае Маскву, то яму перакрываюць эканамічны кран, у выніку чаго валіцца беларускі рубель, ставіцца пад пагрозу ягоная прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. Карацей, тут павадок вельмі кароткі».

Казакевіч: «Гэты дрэйф беларускіх уладаў вымушаны. Бо існуе ціск з боку Расеі, існуе вялікая залежнасьць. Але Лукашэнка спрабуе выказвацца такім тонам, што вінаватыя і Расея, і Ўкраіна, і Захад».

Як украінскі крызіс уплывае на адносіны Беларусі з Захадам?


Карбалевіч: «У зьвязку з расейска-ўкраінскім канфліктам Лукашэнка даволі жорстка і зьняважліва выказаўся наконт Захаду, так ён даўно не выказваўся. Прычым падалося, што галоўны папрок у бок Захаду палягаў у ягонай слабасьці. У зьвязку з больш жорсткай пазыцыяй па пытаньні палітзьняволеных ці азначае гэта, што заходні вэктар замежнай палітыкі Беларусі фактычна закрываецца?»

Казакевіч: «Мне пакуль так не падаецца. Таму што гэтыя элемэнты нэўтральнасьці ў цяперашнім канфлікце тлумачацца жаданьнем захаваць добрыя стасункі ня толькі з Украінай, але і з Захадам.
Глядзіце, Лукашэнка абвінавачвае Захад ня ў тым, што той вядзе агрэсіўную палітыку, умешваецца ва ўнутраныя справы Ўкраіны — а ў тым, што той слабы

Не ацэньваю гэтыя заявы Лукашэнкі супраць Захаду як вельмі жорсткія. Глядзіце, Лукашэнка абвінавачвае Захад ня ў тым, што той вядзе агрэсіўную палітыку, умешваецца ва ўнутраныя справы Ўкраіны — а ў тым, што той слабы, парушае дамоўленасьці, яму нельга верыць. Гэта застаецца ў межах традыцыйнай для Беларусі антызаходняй рыторыкі.

Больш за тое, у межах гэтага крызісу фактар стасункаў з Захадам становіцца для Беларусі больш важным. Бо калі РФ пачне моцны ціск, то Менску патрэбна мець пэўную апору на Захадзе. Хоць такая гульня можа быць небясьпечнай, бо выкліча рэзкую рэакцыю Расеі».

Класкоўскі: «Падаецца, што Лукашэнка выкарыстоўвае нагоду, каб адыграцца за свае асабістыя крыўды на Захад. Калісьці ён груба казаў, што эўрапейскія палітыкі „безь яец“. І цяпер ён з асалодай казаў, што заходнія палітыкі нічога ня вартыя. Можа, і ганарыцца, што беларускі „чорны сьпіс“ на візавыя абмежаваньні значна большы, чым расейскі. Тут Лукашэнка быў шчыры, бо ён чалавек мэнтальна чужы Захаду.

Разам з тым ён не адкідае магчымасьць пэўнага паляпшэньня дачыненьняў з Захадам, але на сваіх умовах. Магчыма, цяпер для гэтага зьявіліся дадатковыя шанцы. Бо з заходняга гледзішча Лукашэнка — не найгоршы хлопец на эўрапейскім кантынэнце. Таму ня выключаны варыянт, калі Захад адсуне ўбок пытаньне палітвязьняў дзеля прагматычнага супрацоўніцтва, зважаючы на геапалітычны чыньнік. Бо ў пэрыяд канфрантацыі між Захадам і Расеяй ЭЗ і ЗША прыглушаюць рыторыку пра правы чалавека.

Вызначальным чыньнікам будзе ступень і працягласьць канфрантацыі Расеі з Захадам. Калі нас чакае другое выданьне „халоднай вайны“, то Беларусь нікуды ня дзенецца з гэтага акопу. Бо і эканамічна, і палітычна, і мэнтальна Лукашэнка прывязаны да Расеі».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG