Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правы сэктар» рыхтаваўся выступіць на беларуска-украінскую мяжу


Сёньня ў Роўна зьехаліся прадстаўнікі «Правага сэктару» з усіх абласьцей Украіны. Актывісты ўспрынялі забойства Сашка Белага як абвешчаную «Праваму сэктару» вайну. Яны заявілі, што прымаюць выклік.

Паплечнікі Аляксандра Музычкі па Правым сэктары Аляксандар Паньцюхоў і Раман Коваль у афіцыйную вэрсію, што Музычка быў забіты ў перастрэлцы зь міліцыяй пры спробе затрыманьня, ня вераць. Паньцюхоў, які прыехаў на месца здарэньня, заяўляе, што адсутнасьць у Сашка Белага зброі, палажэньне цела забітага, зьвязаныя за сьпіной рукі, а таксама рана ў сэрцы ад блізкага стрэлу кажуць пра тое, што мэтай тых, хто нападаў, быў ня арышт, а фізычнае зьнішчэньне Музычкі.

«Ніводнага стрэлу супраць ворагаў, сапраўдных ворагаў, якія захапілі Крым, не было зроблена. Стрэл прагучаў супраць патрыёта Ўкраіны. Ніякіх позваў яму не прыходзіла. Ніякіх выклікаў у міліцыю яму не было. Проста гэта было забойства, якое выканала спэцпадразьдзяленьне «Сокал», — кажа Аляксандар Паньцюхоў.

Каму страшны Музычка

Адкрытае супрацьстаяньне Музычка-Авакаў пачалося з інцыдэнту ў Ровенскай раённай пракуратуры з удзелам Музычкі, відэа якога абляцела сьвет. Менавіта тады міністар рэзка асудзіў дзеяньні Музычкі і абавязаў падначаленых правесьці расьсьледаваньне.

За гэты час грамадзкасьць Ровеншчыны дамаглася ад байцоў Правага сэктару зьняцьця масак і адмовы ад адкрытага нашэньня зброі. Аляксандар Музычка рэзка крытыкаваў бязьдзейнасьць украінскай улады ў крымскім пытаньні. Апошнім часам «Правы сэктар» праводзіў трэніроўкі і рыхтаваўся да мабілізацыі на беларуска-украінскую мяжу, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода з Роўна.

8 сакавіка сьледчыя МУС адкрылі крымінальную вытворчасьць па артыкулах Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць за хуліганства, а таксама за пагрозы або гвалт адносна работніка праваахоўных органаў. 9 сакавіка Музычку паведамілі аб падазрэньні ў зьдзяйсьненьні крымінальных злачынстваў, а 12 сакавіка яго аб’явілі ў вышук.

Бандыт або патрыёт?

Між тым пераважная большасьць жыхароў Роўна пра існаваньне ў сваім горадзе бандыцкіх фармаваньняў да гэтага часу ня верыць. Нават тыя, каго абуралі дэманстратыўныя паводзіны Музычкі і яго публічныя пагрозы міністру, прызнаюцца, што адчувалі сябе ў горадзе спакойна, а паводзіны Музычкі ўспрымалі хто як нявыхаванасьць, хто як харызму. Земляку аддадуць пашану: разьвітвацца зь ім будуць заўтра ў памяшканьні абласнога магнітаправоду.

Лідэр Ровенскага Правага сэктару Раман Коваль паведаміў, што цяпер у кватэрах яго паплечнікаў міліцыя праводзіць ператрусы. Ён заявіў, што яму вядомыя пляны фізычнага зьнішчэньня самога Коваля і кіраўніка Ровенскай УНА Яраслава Гранітнага, і таму яны «не здадуць зброі» .

Кіраўнік «Правага сэктару» Зьміцер Яраш патрабуе адстаўкі міністра Арсена Авакава і адкрыцьця крымінальнай справы супраць камандзіра спэцпадразьдзяленьня «Сокал», які кіраваў апэрацыяй па абясшкоджваньні Сашы Белага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG