Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.



1962 год беларуская рэдакцыя Радыё Свабода сустрэла з новым кіраўніком. Месца галоўнага рэдактара замест Уладзімера Дудзіцкага заняў Уладзімер Цьвірка — адзін са славутай «дванаццаткі» — маладых хлапцоў, якія ў 1948 годзе выехалі зь лягероў Ды-Пі ў Нямеччыне ў брытанскія шахты і адыгралі важную ролю ў паваеннай беларускай эміграцыі.
Галіна Руднік і Ўладзімер Цьвірка

Галіна Руднік і Ўладзімер Цьвірка

У 1962 годзе савецкія ўлады пачалі штораз больш сур’ёзна зьвяртаць увагу на дзейнасьць Радыё Свабода. У гэтым годзе ў савецкім друку распачалася шырокая кампанія дыскрэдытацыі радыё, якая будзе працягвацца дзесяцігодзьдзі. Урэшце, ад гэтага году Менскае Радыё распачало адмысловыя рэгулярныя прапагандысцкія праграмы на кароткіх хвалях «для суайчыньнікаў за мяжою».

Сёньня ў нас у зноў у гасьцях вэтэран нашага радыё Ян Запруднік, які больш за тры дзесяцігодзьдзі выступаў на нашых хвалях як Арсень Загорны. Сёньня мы пачнем абмяркоўваць новую тэму — мова беларускай Свабоды. Ян Запруднік прыгадвае пра моўную палітыку беларускай сэкцыі Радыё Вызваленьня — Радыё Свабода ў 50-я-60-я гады:


«Я пачаў працаваць у верасьні 1954 году. На пачатку нашае працы пытаньня мовы не было. Разумелася само-сабою, што мы прыехалі, гаварылі па-беларуску. Старэйшыя нашыя калегі ў Мюнхене такія, як Жук-Грышкевіч, Барбара Вержбаловіч, Гіцкі... Гэта былі людзі, чыя мова сфармавалася на Бацькаўшчыне, і мы былі прадаўжальнікамі гэтае традыцыі. Гэтай мовы, гэтага вымаўленьня. Кончыўшы гімназію, праслухаўшы лекцыі Станкевіча, Адамовіча, Ворсы й іншых настаўнікаў, у нас мова была натуральнай. І вялікага пытаньня, якой мовай гаварыць — „савецкай“ ці „несавецкай“, не было. Само-сабой разумелася, што мы гаворым натуральнай сваёй мовай. Тым ня менш, з часам праблема гэтая паўстала. Устала яна ў выніку таго, што Адамовіч, які ў Нью-Ёрку быў маім моўным дараднікам, бо нармальна ён у беларускай рэдакцыі ніколі не працаваў. Ён працаваў у Радыё Свабода ў рэдакцыі газэты „Наше общее дело“, там жа ён рэдагаваў і расейскія скрыпты, таксама як і беларускія скрыпты. Адамовіч быў моўным пурыстам, можна так сказаць. І некаторыя ягоныя моўныя папраўкі нават мне, а я ставіўся да Адамовіча з пашанаю, з рэспэктам, здаваліся зарадыкальнымі ў тым сэнсе, што для вуха слухача ў Беларусі яны маглі бы быць не зусім прыймальныя. Можа часам і не зусім зразумелыя ў выніку русыфікацыйных працэсаў, якія адбываліся ў Беларусі».

Аўтэнтычны эфір 1961 году — фрагмэнт літаратурна-музычнай перадачы, прысьвечанай беларускай мове ў літаратурных творах:


***
Год 1962 у сьвеце

Палітыка

Кубінскі крызыс: Савецкі Саюз разьмяшчае на Кубе ядзерную зброю, сьвет некалькі дзён стаіць на парозе ядзернай вайны. — Папа Ян ХХІІІ адкрывае Другі ватыканскі сабор. — Абвяшчаюць незалежнасьць Альжыр, Бурундзі, Ямайка, Заходняе Самоа, Уганда і Трынідад і Табага. — Чэ Гевара наведвае Маскву.

Навука і тэхналёгія

Ажыцьцяўляецца першая трансатлянтычная тэлетрансьляцыя. — Кампанія Unimation вырабляе першага прамысловага робата. — Запускаецца першы камэрцыйны тэлекамунікацыйны спадарожнік Telstar.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная амэрыканскаму пісьменьніку Джону Стэйнбэку. Выходзяць раманы «Палёт над зязюліным гняздом» Кена Кізі, «Завадны апэльсін» Энтані Бэрджэса, «Бледнае полымя» Уладзіміра Набокава, «Бязмоўная вясна» Рэчэл Карсан.

Папулярная культура і музыка

36-гадовая Мэрылін Манро памірае ад перадозы наркотыкаў. — Прэмію Оскар за найлепшы фільм атрымвае «Вэстсайдзкая гісторыя». — Утвараецца гурт The Rolling Stones. — Рынга Стар займае месца за бубнамі ў гурце The Beatles, Beatles запісваюць свой першы сынгл зь песьнямі Love Me Do і P.S. I Love You. Песьні году — Little Eva-The Loco-Motion і Henri Mancini — Moon River.

***

Пра беларускую мову на Свабодзе мы пагаворым крыху пазьней, а зараз Ян Запруднік — Арсень Загорны прыгадае пра самую памятную падзею 1962 году, якую яму давялося асьвятляць: Прэзыдэнт ЗША Дж. Ф. Кенэдзі падпісвае загад аб марской блякадзе Кубы, 24.10.1962

Прэзыдэнт ЗША Дж. Ф. Кенэдзі падпісвае загад аб марской блякадзе Кубы, 24.10.1962

«Кубінскі крызыс насьпяваў. Ён насьпяваў доўга. І ясна, адно з маіх галоўных заданьняў было пісаць штотыднёвыя рэпартажы з палітычнага міжнароднага жыцьця. Амэрыканска-савецкія дачыненьні, тая напружанасьць, якая трывала на працягу гадоў халоднай вайны, яна безумоўна стаяла ў цэнтры ўвагі нашых палітычных камэнтароў, асабліва гэтая ядзерная канфрантацыя. Канфрантацыя зь ядзернай зброяй. І калі сталася ведамым, што савецкія ваенныя базы на Кубе могуць папоўніцца ядзернай зброяй, напружаньне было старшное. І амэрыканскае тэлебачаньне, я памятаю, перадавала фатаграфіі ўжывую, паказвалі савецкія караблі, якія везьлі на Кубу зброю. Трэба было арыентавацца ў развароце гэтае дынамічнае сытуацыі. І рэпартаж зь Нью-Ёрку бясспрэчна мусіў быць на гэтую самую галоўную напружаную тэму савецка-амэрыканскай канфрантацыі. Як пазначана ў маёй запісной кніжцы, 25 кастрычніка 1962 году было два рэпартажы, якія пайшлі зь Нью-Ёрку ў Мюнхен. Я думаю, што ў Мюнхене, напэўна, працавалі таксама па-за рэгулярнымі гадзінамі. Гэты мамэнт перажываўся вельмі-вельмі глыбока. Пасьля ўжо, задняй датай, асэнсоўвалася гэтая канфрантацыя, якая ўжо выглядала нават страшней, чымся ў той мамэнт, калі мы глядзелі яе па тэлебачаньні. Але мамэнт быў вельмі-вельмі напружаны. Намі гэта ўспрымалася зь вялікім напружаньнем таму, што мы адчуваліся ў абавязку вытлумачыць слухачу: што гэта значыць. Якая існасьць гэтай канфрантацыі. Да чаго гэта можа давесьці».

З аўтэнтычнага эфіру 1962 году — фрагмэнт фэльетону дзядзькі Васіля — Антона Адамовіча:


***
1962 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Пятрусю Броўку прысвоенае званьне народнага паэта Беларусі, Міхасю Лынькову — народнага пісьменьніка.
• У Гомлі запушчаная першая лінія тралейбуса.
• Полацак сьвяткуе 1100-тую гадавіну.
• Заснаваныя Беларускае таварыства аховы прыроды і Саюз кінэматаграфістаў Беларусі.
• У выніку ўзбуйненьня замест 123 раёнаў утвараецца 77.
• У пасёлку Сосны пачынае працу першы ў Беларусі атамны рэактар.

Менскі эфір 1962 году. Пятрусь Броўка чытае свае вершы, на якія яго натхніла наведаньне Амэрыкі:


***

Тэма нашай сёньняшняй перадачы — беларуская мова на Радыё Свабода. Моўныя праблемы, зь якімі даводзілася сутыкацца ў працэсе працы, прыгадвае Ян Запруднік:

«Я ў 1963 годзе пісаў Цьвірку, які быў галоўным рэдактарам беларускай праграмы, напісаў даўгі ліст, у якім таксама закранаў пытаньне мовы. З гэтага ліста я хацеў бы пачытаць дакладна. Я пісаў гэта ў верасьні 1962 году ў Нью-Ёрку: Антон Адамовіч

Антон Адамовіч

„У справе мовы дык ты мусіш памятаць, што я тут часта карыстаю з Адамовічавай дапамогі. Яна мне патрэбная вельмі часта. І было б неразумна адмаўляцца ад нагоды карыстацца зь яе. Палажэньне ў мяне часамі бывае такое, што проста не выпадае правіць Адамовічавых паправак, хоць часамі гэта раблю. Што да „мудрагеленьня“ наагул, дык зусім вымавіцца ад яго, баюся, будзе нельга, бо моўныя разыходжаньні, асабліва ў тэрміналёгіі — рэч нармальная, і не заўсёды іх узгодніш“.

І я Цьвірку кажу, я ж не магу ўвесь час параўноўваць, якім тэрмінам вы карыстаецеся ў Мюнхене, і якім тэрмінам трэба мне карыстацца, каб быць пасьлядоўным зь Мюнхенам тут у Нью-Ёрку. Але, наагул, стаўленьне да мовы ў нас было набожнае. Мы да мовы падыходзілі, як да чагосьці сьвятога, дбаючы пра ейную чысьціню».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Фрагмэнт урачыстай акадэміі ў Беларускім Інстытуце Навукі і Мастацтва, прысьвечанай 80-годзьдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Выступаюць Антон Адамовіч і Станіслаў Станкевіч:
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG