Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёшка Фішэр: Пуцін вяртае Эўропу ў ХІХ стагодзьдзе


Мірнае ўладкаваньне жыцьця Эўропы ў рамках інтэграцыйнага праекту Эўразьвязу пасьля шасьці дзясяткаў гадоў «безнадзейна састарэла».

Так лічыць Ёшка Фішэр, колішні міністар замежных справаў і віцэ-канцлер Нямеччыны (1998-2005), які прадстаўляе сваё бачаньне адносінаў Эўропы з Расеяй пасьля анэксіі Крыму ў артыкуле, апублікаваным на сайце Project Syndicate.

«Занадта доўга Захад меў ілюзіі адносна Расеі Ўладзімера Пуціна — ілюзіі, якія цяпер разьбіліся ў друз на Крымскім паўвостраве. Захад мог (і павінен) быў ведаць лепш: пачынаючы са свайго першага тэрміну на пасадзе прэзыдэнта, Пуцін паставіў сабе стратэгічную мэту аднавіць статус Расеі як сусьветнай звышдзяржавы.

Дзеля дасягненьня гэтай мэты Пуцін выкарыстоўваў экспарт расейскіх энэрганосьбітаў, каб паступова вяртаць тэрыторыі, страчаныя пасьля развалу Савецкага Саюзу. Украіна была ў цэнтры гэтай стратэгіі, бо безь яе адроджаная Расея была недасягальнай мэтай. Таму захоп Крыму стаў першай мэтай; наступнымі будуць Усходняя Ўкраіна і працяглая дэстабілізацыя краіны ў цэлым.

На нашых вачах разбураецца постсавецкая міжнародная сыстэма ва Ўсходняй Эўропе, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Паняцьці міжнароднага парадку з ХІХ стагодзьдзя, заснаваныя на прынцыпах гульні з нулявой сумай і на сфэрах інтарэсаў, пагражаюць выцесьніць сучасныя нормы нацыянальнага самавызначэньня, непарушнасьці межаў, вяршэнства закону і асноўных прынцыпаў дэмакратыі.

У выніку гэты палітычны зрух будзе мець вялікі ўплыў на Эўропу і яе адносіны з Расеяй, бо гэта ён вызначыць, ці будуць эўрапейцы жыць паводле правілаў ХХІ стагодзьдзя. Тыя, хто верыць, што Захад можа адаптавацца да паводзінаў Расеі, як прапануюць заходнія апалягеты Пуціна, рызыкуюць павялічыць далейшую стратэгічную эскаляцыю, таму што мяккі падыход толькі прыдасьць сьмеласьці Крамлю.

Насамрэч, пагаджаюцца з гэтым эўрапейскія лідэры ці не, Эўразьвяз цяпер знаходзіцца ў лабавым канфлікце з Расеяй з-за сваёй палітыкі пашырэньня пасьля заканчэньня «халоднай вайны». Якраз таму, што адраджэньне Расеі як сусьветнай звышдзяржавы патрабуе ня проста рэінтэграцыі страчаных савецкіх тэрыторый, але і наўпроставага доступу да Эўропы і кіроўнай ролі, асабліва ва Ўсходняй Эўропе. (...)

Адказам Захаду будзе новая палітыка стрымліваньня, якая ў асноўным прыме форму эканамічных і дыпляматычных захадаў. Эўропа зьнізіць сваю энэргетычную залежнасьць ад Расеі, перагледзіць свае стратэгічныя прыярытэты ды згорне інвэстыцыі і двухбаковае супрацоўніцтва.

У кароткатэрміновай пэрспэктыве ў Пуціна, як здаецца, ёсьць больш рычагоў, чым у Эўразьвязу, але слабасьць ягонай пазыцыі ў хуткім часе стане відавочнай. Расея цалкам залежыць, эканамічна і палітычна, ад экспарту тавараў і энэрганосьбітаў, якія ідуць у асноўным у Эўропу. Зьніжэньне эўрапейскага попыту і цаны на нафту, якая далей ня зможа падтрымліваць балянс расейскага бюджэту, стрыножыць Крэмль вельмі хутка. (...)

Мірны праект Эўразьвязу — які стаў пачатковым стымулам для эўрапейскай інтэграцыі — магчыма, працаваў вельмі добра, але пасьля больш чым шасьці дзесяцігодзьдзяў посьпеху ён выглядае безнадзейна састарэлым. Пуцін паставіў яго на праверку ў рэальных умовах. Пытаньне аб міры ў Эўропе прагучала зноў, і адказ на яго павінен быць дадзены моцным і аб’яднаным Эўразьвязам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG