Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мама. Сьмерць. Выбары


Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч
У дзень выбараў я страціў маці.

Ня зьвязваў бы ніколі дзьве такія розныя падзеі, але прымусіла само жыцьцё. Дакладней, некаторыя абставіны сыходу з жыцьця маёй маці, Галіны Кірылаўны Грузьдзіловіч.

23 сакавіка апоўдні ў ліфце чыгуначнага шпіталя ў Берасьці, куды паклалі маці пасьля раптоўнага пагаршэньня стану здароўя, мы сутыкнуліся з маладой лекаркай. Белы халат, прыгожыя чаравікі, энэргія ў вачах. «Ужо прагаласавалі?» — бадзёра запытала нас лекарка, але, убачыўшы зьдзіўленьне на нашых тварах, падціснула губы. Пазьней я падумаю, што лекарцы было б да месца нас распытаць, да каго ідзем, як сябе чалавек адчувае, пажадаць здароўя, але яе, відаць, больш цікавілі выбары. Гэтак я вырашу потым.

Выходзім на шостым паверсе, дзе аддзяленьне нэўралёгіі.

Маці было 80 гадоў, але яшчэ нядаўна яна збольшага нармальна сябе адчувала і самастойна рухалася, хоць для надзейнасьці карысталася кійком. За тыдзень да сьмерці яе паклалі ў шпіталь, пасьля таго, як два дні ў хаце не маглі высьветліць, чаму здароўе раптоўна пагоршылася. Зябіць. Цяжка дыхаць. Слабасьць. Некалькі гадоў таму яна ўжо перажыла невялікі інсульт, і таму не выключалася, што гэта паўторны. Але да апошняга лекары казалі — інсульту не было. Тым ня менш паклалі яе ў нэўралгію, пачалі ставіць кропельніцы. Маці на вачах слабела. Калі я ўбачыў яе ў суботу, яна ўжо ледзь пазнавала наведнікаў, нічога ня ела і хутка-хутка дыхала. Але, разьвітваючыся нанач, усьміхнулася і памахала нам рукой.

Апоўдні 23-га маці зноў паставілі кропельніцу. Некалькі бутэлечак і плястыкавых мяшочкаў з празрыстай вадкасьцю віселі на стойцы, з адной бутэлечкі цягнулася трубка да рукі маці. Мы былі побач. Суседкі паведамілі, што ноччу маці было дрэнна і што раніцай лекары яе не аглядалі. Мы занепакоіліся і выклікалі да маці дзяжурнага лекара. Пакуль той не прыйшоў, зайшла размова пра падзеі раніцы. Аказалася, у палаце за гэты час ужо правялі выбары. Пасьля 9-й у палату прыйшлі некалькі чалавек у белых халатах і прапанавалі ўсім аддаць свае галасы за кандыдатаў у дэпутаты ў гарадзкі савет. Галасавалі хворыя за галоўнага лекара гэтага ж шпіталя. «І маці?» — я шчыра зьдзівіўся, бо маці ляжала ніякая. «Яна таксама. Паднялі, падтрымалі, сунулі ў руку асадку, паказалі, дзе паставіць подпіс, куды кінуць паперку — і зноў паклалі на ложак», — распавядалі жанчыны. Было не зразумець, яны абураюцца ці проста дзівяцца.

Праз хвіліну прыйшоў дзяжурны лекар. Аказалася — гэта тая маладая жанчына ў халаціку, якая пыталася ў ліфце, ці мы прагаласавалі. Ветліва ды аптымістычна пачала расказваць пра стан здароўя хворай і пра тое, як яе лечаць. Зьдзівіла колькасьцю паперак у гісторыі хваробы, якую прынесла з сабой. Паводле папер выходзіла, што ў маці быў другі інсульт, пра што раней лекары чамусьці маўчалі. «Зараз яна аднаўляе пашкоджаны ўчастак мозгу з дапамогай лекаў. Сталага нагляду за ёй няма. Лячэньне працягваецца. Паглядзім ціск? Усё нармальна», — маладая лекарка сама была спакойная і натхнёна выпраменьвала гэты спакой на іншых.

Гэта пазьней я згадаю, як нядаўна чытаў інтэрвію з адной беларускай лекаркай, якая цяпер жыве і працуе ў Фінляндыі. Тая згадвала, як у Беларусі яе замучылі паперкамі ды пісанінай, а тут, у Фінляндыі, яна сапраўды лечыць і адказвае за стан здароўя пацыента. Але гэта так, успаміны...

Бутэлькі ў кропельніцы падключалі да трубкі адну за адной, але маці горшала. Дыханьне стала цяжкім і часьцейшым. Мы зноў паклікалі санітарку, тая — дзяжурную. Яна загадала тут жа зрабіць кардыяграму... Зрабілі і раптам забегалі. Прыйшоў яшчэ адзін доктар, з рэанімацыі. Паглядзеў ружовыя папяровыя стужкі і загадаў тэрмінова везьці хворую да іх, на другі паверх. «Тут быў інфаркт», — паведаміў мне доктар, папярэдне спытаўшыся, кім я буду хворай. Маці некалькі разоў расплюшчыла вочы і пасьпела толькі спытаць: «Куды мяне?»

Гэта было а чацьвёртай гадзіне дня. Яшчэ празь дзень з рэанімацыі паведамілі, што мама памерла.

Чаму я кажу: прагаласавала і памерла? Я далёкі ад таго, каб шукаць нейкую віну лекараў. Мяркую, пры яе стане яны нічога не маглі зрабіць, дакладней, зрабілі, што маглі — са сьмерцю не дамовісься. Але вось гэтыя выбары... Пакуль я сядзеў побач з маці, трымаючы яе за руку, у якую лілася з кропельніцы празрыстая вадкасьць, нібыта жыватворная, па радыё ў палаце ўзахлёб распавядалі, як ідуць выбары. У нейкім менскім шпіталі, аптымістычна паведамляла карэспандэнтка, 100% прагаласавалі. Колькі там за дзень памерла хворых, карэспандэнтку, зразумела, не зацікавіла.

«У шпіталях павінна быць стопрацэнтная колькасьць тых, хто прагаласаваў, інакш лекараў караюць», — падзяліўся дваццацігадовым досьведам працы ў мэдычных установах Беларусі стрыечны брат. Ня маю падстаў яму ня верыць. Але навошта ў шпіталі праводзіць выбары? Там дактарам трэба лячыць, а не кантраляваць яўку, хворым — набірацца сілаў, каб супрацьстаяць сьмерці. Арганізаваць гэта ўсё — асноўная задача для сумленнай улады. У нас жа думаюць пра тое, каб разьдзімаць лічбы яўкі, і лекары ў гэтай гонцы за выбарчымі паказчыкамі ўжо прыраўняліся да настаўнікаў. Яўку можна зрабіць стопрацэнтнай — вось як падцягнуць да гэтага паказчыка здароўе?

Выбары прыдуманы чалавецтвам дзеля таго, каб дапамагаць людзям знаходзіць варыянт улады, зь якім жыцьцё стане лепшым. Хоць крышачку, але лепшым. Маці, наколькі ведаю, прынцыпова не хадзіла галасаваць ужо гадоў 10. Калісьці, у савецкія часы, галасавала, як усе, потым у 90-я галасавала сьвядома, а яшчэ пазьней вырашыла, што займацца больш гэтым ня будзе. І трымалася. І вось яе прымусілі прагаласаваць, але выйшла, што адразу пасьля гэтага яна памерла. У гэтым ёсьць нейкі сэнс? Для мяне — ёсьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG