Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горках студэнтаў мясцовай сельгасакадэміі павіншавалі з Днём Волі


Штогод грамадзкія актывісты райцэнтру на 25 сакавіка раздаюць студэнтам, калі тыя ранкам ідуць на заняткі, віншавальныя паштоўкі. Гэтую традыцыю актывісты працягнулі і сёньня.

Паводле аднаго з удзельнікаў акцыі — Андрэя Юркова, студэнты пазытыўна ўспрымалі віншаваньні. Некаторыя, кажа актывіст, адказвалі на віншаваньні па-беларуску.

«Дзякавалі і заяўлялі, што ведаюць пра БНР і пра тое, што менавіта 25 сакавіка Беларускую рэспубліку абвясьцілі незалежнай», — адзначае Андрэй Юркоў. Год ад году, кажа ён, студэнтаў, якія ведаюць пра падзеі, зьвязаныя з адраджэньнем беларускай дзяржаўнасьці, становіцца ўсё болей.

«Калі раней студэнты моўчкі бралі паштоўкі і моўчкі сыходзілі, то цяпер спрабуюць падтрымаць акцыю. Бяруць больш паштовак, каб раздаць сваім сябрам. І гэта радуе», — зазначае Андрэй Юркоў.

Сёньня, паводле актывіста, студэнтам раздалі каля паўтысячы паштовак. У іх згадваецца ня толькі Дзень Волі, але і гадавіна Аршанскай бітвы.
XS
SM
MD
LG