Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

Сьвет увайшоў у новае дзесяцігодзьдзе, беларускія праграмы Радыё Свабода гучалі ў эфіры ўжо восьмы год, аднак жалезная заслона і савецкія глушыльныя сыстэмы надалей рабілі амаль немагчымым кантакт радыё са слухачамі. Нягледзячы на тое, што ў праграмах рэгулярна падаваліся адрасы, на якія можна было пісаць лісты — гэта звычайна былі адрасы прыватных асобаў у розных эўрапейскіх гарадох — на 1960 год ніякая карэспандэнцыя з бацькаўшчыны ў беларускую рэдакцыю не даходзіла.

Супрацоўнікам радыё даводзілася працаваць амаль што ўсьляпую, бяз пэўнасьці, што іх чуюць і слухаюць, бязь яснага ўяўленьня пра жаданьні і запатрабаваньні слухачоў. Як жа даведваліся журналісты Свабоды пра рэакцыю на свае праграмы? Вось што прыгадвае ўжо вядомая вам з ранейшых перадачаў нашай сэрыі Галіна Руднік, якая адпрацавала на радыё 41 год...


«У нас быў аддзел, па —расейску называўся „по исследованию аудитории“. Яны што рабілі? Яны стараліся, як прыязджала якая-небудзь дэлегацыя савецкая на Захад, наладзіць з імі кантакт і распытаць. Ясна, гэта было вельмі цяжка, бо ўсе гэтыя людзі хадзілі з „нянькамі“, было амаль што немагчыма кантактаваць. Галіна Руднік, Уладзімер Цьвірка

Галіна Руднік, Уладзімер Цьвірка

Але, усё ж часам удавалася. Мы таксама гэта рабілі. Ці ведаеце Вы гэты выпадак? Я цяпер толькі баюся памыліцца, столькі гадоў прайшло. Гэта быў альбо Рым, альбо Гэльсынкі. У Гэльсынкі быў Міжнародны кангрэс моладзі, а ў Рыме Алімпіяда. Я, Цьвірка, Марговіч таксама паехалі туды. Там была група беларусаў і мы неяк дабіліся да іх, сустрэліся нават за шклянкаю піва, разгаварыліся. Адзін з іх — быў Бураўкін, я маю копію з гэтага. Бураўкін у нейкім часапісе беларускім напісаў вельмі цікавы артыкул пра гэту сустрэчу, недзе ў мяне гэта ёсьць. Ён там пісаў, што калі мы сустрэліся (яны ўсе гаварылі па-беларуску вельмі дрэнна, а мы — добра, бо мы ўсе скончылі Гімназію імя Янкі Купалы ў Нямеччыне) і ён піша, што вось мы пазнаёміліся зь дзяўчынаю, а гэта была я, і з маладым чалавекам, якія гаварылі на цудоўнай беларускай мове і пасьля, калі яны пайшлі, я асабіста задумаўся — што ж гэта такое, я зь Беларусі і ледзь-ледзь гавару, а яны на чужыне жывуць. Я так зразумела, што гэта быў нейкі паваротны пункт у ягоным жыцьці — гэтая сустрэча.

Цяжка было вельмі інфармацыю даставаць, неахвотна гаварылі. Часта адказвалі: „Ніхто ня слухае, дзе там“. Але на самай справе слухалі. Пасьля лісты ўжо пачалі прыходзіць. З таго часу, калі нас пачалі адкрыта лаяць у савецкай прэсе, можна было думаць, што слухаюць пэўна».

***
Год 1960

Палітыка

Амэрыканскі шпіёнскі самалёт U-2 зьбіты над тэрыторыяй СССР, з гэтай прычыны Хручшоў зрывае Парыскую канфэрэнцыю. — Ізраільскія спэцслужбы затрымваюць у Аргентыне нацыстоўскага злачынцу Адольфа Эйхмана. — Распачынаецца ідэалягічны канфлікт паміж СССР і Кітаем. — Абвяшчаюць незалежнасьць Самалі, Гана, Нігерыя, Мадагаскар, Заір і краіны Францускай Заходняй Афрыкі. — У паўдзённы Віетнам высылаюцца 900 амэрыканскіх вайсковых дараднікаў. — Джон Кенэды зь невялікай перавагай перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах Рычарда Ніксана. — Колькасьць насельніцтва Зямлі дасягае лічбы 3 мільярды

Навука

Злучаныя Штаты запускаюць першы спадарожнік мэтэаралягічнага назіраньня «Тырас» і першы камунікацыйны спадарожнік «Рэха-1». — У ЗША афіцыйна дазваляецца продаж кантрацэптыўных таблетак. — Збудаваны першы лязэр

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная францускаму паэту Сэн-Жану Пэрсу. Выходзяць раманы Гарпэр Лі «Забіць перасьмешніка», «Бяжы, трус, бяжы» Джона Апдайка. — Паміраюць Альбэр Камю і Барыс Пастэрнак

Папулярная музыка

Песьні году — Chubby Checker - The Twist, Elvis Presley - It’s Now Or Never

***

Пра тое, што ўдавалася даведацца пра ўвагу ў Беларусі да перадачаў беларускай рэдакцыі Радыё Свабода распавядае Ян Запруднік...
«Людзі езьдзілі ў Польшчу — з Польшчы прыяжджалі ў Беларусь, зь Беларусі ў Польшчу — і такім парадкам у нас крышачку было больш пэўнасьці, што нас чуюць, нас цэняць, нас слухаюць, і гэта было вельмі важна для маральнага адчуваньня. Нам важна было ведаць асноўнае — што нас чуюць і што нам вераць. Як ведама, радыёперадачы глушыліся, і мы не былі пэўныя наагул, ці нас нехта чуе — мы гаварылі ўсё роўна як у ноч.

Савецкая прапаганда пацьвярджала, што нас ня толькі чуюць, але і слухаюць, і з рэакцыі савецкай прапаганды можна было меркаваць, што рэакцыя слухачоў на нашыя перадачы пазытыўная. Але калі прыходзіла вестка ад чалавека, які прыехаў з Польшчы і там сустракаўся са сваякамі ці знаёмымі зь Беларусі, якія яму казалі, што слухаюць перадачы — гэта ўжо было зусім іншага парадку падмацаваньне нашай перакананасьці, што мы на правільным шляху...»

Эфір 1960 году. «Марш партызанаў» у выкананьні манрэальскага хору «Жалейка» пад кіраўніцтвам Чопчыца:


***
1960 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Скасаваная Маладэчанская вобласьць.
• Выйшаў першы нумар часапісу «Нёман».
• Пачала трансьляцыю Віцебская абласная студыя тэлевізіі.
• У Менску ў новым будынку пачаў працу музэй Янкі Купалы.
• Заснаваны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва.
• На Беларускім Аўтазаводзе ў Жодзіне выпушчаны першы 40-тонны самазвал, а на Менскім заводзе вылічальных машынаў — першая ЭВМ «Менск-1»

А зараз паслухаем кароткае музычнае прывітаньне ад менскага радыё з далёкага 1960 году...


***

Як мы пачулі з успамінаў нашых былых супрацоўнікаў, былі неаспрэчныя сьведчаньні таго, што перадачы Радыё Вызваленьня, а пазьней Радыё Свабода — ня толькі чуліся, але і ўважліва слухаліся ў Беларусі. З гэтай нагоды мы яшчэ раз просім адгукнуцца найстарэйшых слухачоў беларускай Свабоды — асабліва тых, хто слухаў наша радыё ў далёкія 50-60-я гады. Калі ласка, скантактуйцеся з намі, раскажэце пра свой досьвед слуханьня радыё ў тыя далёкія гады — зь якімі пачуцьцямі, уражаньнямі, рызыкай гэта было зьвязана. Якія перадачы, чые галасы вы можаце сёньня прыгадаць. Нагадаю наш адрас: Паштовая скрынка 111, Менск 220005.
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG