Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Wall Street Journal: НАТО занепадае


Сэсія НАТО ў Брусэлі. Архіўнае фота.

Сэсія НАТО ў Брусэлі. Архіўнае фота.

Пасьля заканчэньня «халоднай вайны» выдаткі на абарону ў краінах-чальцах НАТО, за нешматлікімі выняткамі, падалі — піша Wall Street Journal у рэдакцыйным матэрыяле. У Расеі ж вайсковы бюджэт за апошняе дзесяцігодзьдзе павялічыўся на 79%.

Ці анэксія Крыму Расеяй зьменіць мысьленьне НАТО адносна выдаткаў на абарону? Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў згаданага артыкулу ў Wall Street Journal, які носіць загаловак «Вайсковы заняпад НАТО»:

«Уладзімір Пуцін і яго амэрыканскія апалягеты у пашырэньні НАТО пасьля заканчэньня «халоднай вайны» бачаць прычыну тэрытарыяльных заваёваў Расеі, але гэты аргумэнт ігнаруе той факт, што альянс у 2008 годзе адмовіў Грузіі і Украіне пачаць нават працэс уступленьня. Якраз ад гэтых дзьвюх краінаў Расея адарвала сабе тэрыторыю, і пытаньне цяпер у тым, ці гэты экспансіянізм Расеі стане поўхай, якая вырве заходніх лідэраў зь іхнай самаабароннай дрымоты.

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн забіў трывогу на мінулым тыдні падчас візыту ў Вашынгтон. «Я бачу Крым як фрагмэнт большага палотнішча» расейскай стратэгіі, сказаў ён аўдыторыі ў Інстытуце Брукінгса . Анэксія Крыму Масквой, дадаў ён, зьяўляецца «трывожным званком», за якім «мусіць пайсьці павелічэньне эўрапейскіх інвэстыцый у абарону». Ён мог бы сюды ўключыць і ЗША.

Сукупны ВУП 28 краін-чальцоў НАТО дасягае 30 трыльёнаў даляраў. Тым ня менш, за рэдкімі выключэньнямі (у першую чаргу — Польшча), выдаткі НАТО на абарону скарачаліся з канца «халоднай вайны». Табліца пад гэтым тэкстам паказвае выдаткі на абарону ў 2013 годзе для некаторых ключавых краінаў НАТО як долю іхнага ВУП. Толькі чатыры краіны — ЗША, Вялікабрытанія, Грэцыя і Эстонія — выдаткавалі ня менш за 2% ВУП на абарону.

З выдаткамі 1,9% Францыя летась не дасягнула паказальніка 2%, які зьяўляецца тэхнічным патрабаваньнем для сяброўства. Данія спадара Расмусэна выдаткавала 1,4% свайго ВУП на абарону, Нямеччына Ангелы Мэркель — 1,3% , Італія — 1,2% , а Гішпанія — 0,9% . Гэта тое, што краіна выдаткоўвае, калі думае, што галоўнай пагрозай для яе бясьпекі зьяўляецца Бэльгія.

І тэндэнцыя захоўваецца, паколькі большасьць чальцоў НАТО абмежавала выдаткі на абарону ў 2013 годзе. Найбольш радыкальныя скарачэньні выдаткаў на абарону летась адбыліся ў Канадзе (7,6%), Славеніі (8,7%), Італіі (10,3%), Вугоршчыне (11,9%) і Гішпаніі (11,9%).

ЗША скараціла агульныя выдаткі, паводле ацэнак, на 2%. Выглядае, што ня так і шмат, але амэрыканскі выдаткі ў 2013 годзе склалі 72% ад усіх выдаткаў на абарону НАТО. Паводле апошняга праекту бюджэту прэзыдэнта Абамы , выдаткі ЗША на абарону ўпадуць з 4,6% ВУП у 2011 годзе да 3,5 % у фінансавым 2015 годзе і 2,9% у 2017 годзе, калі Абама мяркуе пакінуць свайму пераемніку краіну мацнейшую, чым ён атрымаў у спадчыну. Але калі цяперашняй тэндэнцыя ўтрымаецца, дык краіна будзе слабейшай. (...)

Эўрапейскія дзяржавы ў апошнія гады расфарміравалі цэлыя дывізіі і сыстэмы ўзбраеньняў. У брытанскім ваенным флёце няма ні аднаго адпаведнага патрабаваньням авіяносца. Нідэрлянды ў 2012 годзе распусьцілі сваю бранятанкавую дывізію, а Францыя і Вялікабрытанія цяпер у змозе выслаць у поле ўсяго па 200 баявых танкаў. Францыя скараціла свае заказы на баявыя самалёты да шасьці ў год з 11. Гэта нават ня лінія Мажыно.

Большасьць чальцоў альянсу таксама небясьпечна дэмабілізавала свае сілы: Нямеччына летась аб’явіла аб плянах скарачэньня сваіх войскаў да 180 тысяч са стану 545 тысяч пад канец «халоднай вайны». Француская армія паменшала да 213 тысяч з 548 тысяч у 1990 годзе. У Вялікабрытаніі цяпер 174 тысячы вайскоўцаў у параўнаньні з 308 тысячамі ў 1990 годзе. (...)

Апраўдваючы скарачэньні вайсковага бюджэту Нямеччыны, тагачасны міністар абароны Томас дэ Мэзьер прадказаў ў траўні 2013, што «хутчэй за ўсё, бундэсвэр ў будучыні будуць выкарыстоўваць у раёнах крызысаў і канфліктаў па ўсім сьвеце, чым для абароны краіны». Такое мысьленьне грэе Пуціну сэрца — і можа павялічыць ягоны тэрытарыяльны апэтыт".

Выдаткі на абарону (як адсотак ВУП) у некаторых краінах НАТО ў 2013 і Расеі:

Вялікабрытанія 2,4
Гішпанія 0,9
Грэцыя 2,3
Данія 1,5
Італія 1,2
Літва 0,8
Нямеччына 1,3
Польшча 1,8
Францыя 1,9
Эстонія 2
ЗША 4,4
Расея 4,5 (2012
)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG