Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт кажа: «Мы належым да рускай цывілізацыі». Што гэта значыць — належым, і што ён мае на ўвазе пад «рускай»?

Цывілізацыя


Ясна, што ня Кіеўскую ці там Галіцкую Русь меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка. І нават ня Белую (ці — тым больш, ня Белую, бо хто б тут дамарошчаны загаварыў пра «беларускую цывілізацыю?»). Ясна, што Русь ён меў на ўвазе Маскоўскую, зь яе мас- і іншай культурай і вялікай мовай, а гэта значыць, і ня рускую зусім ён меў на ўвазе, а — расейскую цывілізацыю.

Па-другое, без чаго я не змагу пачаць, гэта ня дзеля паліткарэктнасьці нават, а проста шчырае прызнаньне ў тым, што я асабіста някепска ведаю Расею, мяне сапраўды хвалюе яе прырода дзе-небудзь на Пскоўшчыне, яе драўляныя мястэчкі на Цьвершчыне, яе вялікія гарады Масква і Пецярбург, куды я пры нагодзе ніколі не адмоўлюся прыехаць. Мяне хвалюе расейская культура — ад сярэдзіны 19 да сярэдзіны 20 стагодзьдзя (і я разумею, чаму хвалюе, бо гэта — эўрапейская культура найвышэйшага роўню — літаратура, музыка, жывапіс). Мяне хвалюе тое, што я магу адчуць расейскае інтымнае. І калі мяне гэта ўсё хвалюе, я гэта ніколі не змагу ўспрымаць як варожае. Я буду прыяжджаць, чытаць, слухаць, разглядаць і захапляцца і нават любіць усё гэта, але... Тое самае я магу паўтарыць і пра польскае і пра літоўскае і пра ўкраінскае... Я магу гэта любіць. Але найперш я ведаю і люблю беларускае. Сваю краіну, мову, людзей, культуру і безь ніякіх нацяжак для мяне асабіста — цывілізацыю. Гэта менавіта мая беларуская цывілізацыя. Бо, урэшце, гэта маё адзінае чалавечае жыцьцё. І калі мне кажуць, што я належу да нейкай іншай — расейскай, нямецкай, кітайскай — калі пачынаецца «принуждение к полюблению», ясна, чым гэта канчаецца.

Цяпер — што гэта за расейская цывілізацыя?

Насамрэч гэта ўсяго толькі дрэнная копія цывілізацыі заходняй. Нічога ўласна расейскага сярод вялікае разнастайнасьці тавараў, паслуг, відаў спорту і трэндаў, якімі карыстаецца чалавецтва, няма. Ня верыце? — выключыце кампутар. Калі ж пад расейскай цывілізацыяй разумець птушку Сірын-Гамаюн, пяльмені з водкай і партрэт Сталіна, дык гэта ўсё толькі адносна расейская і ўжо дакладна не цывілізацыя.

Мова


Расейская мова — галоўны інструмэнт дэзарыентацыі ўласнага народу ў часе і прасторы. Ясна, што рабілася гэта ў разьліку на ворагаў, але нельга забываць, што патэнцыйны вораг дрэмле ў кожным, лічы, суайчыньніку. Нават калі ён яшчэ пакуль «не привлекался». Стоп! Навошта тут зваротная часьціца? Яна сьведчыць пра тое, што гэта не кампэтэнтныя органы яго, а сам чалавек сябе да аказнасьці не прыцягваў. Як так можа быць? У расейскай мове можа. І сьведчыць пра тое, што калі ты «попал», дык гэта ты «попал» і больш ніхто ў тваім лёсе ня ўдзельнічаў.

Радок зь біяграфіі: У 1937-м «не арестовывался».

Надоечы сустрэў у фэйсбуку, па-беларуску ўжо: «Хто сядзеў, затрымліваўся, выклікаўся ў РАУС за 19 сьнежня — стаўце лайк!»

Пакуль майстры пяра 19 і 20 стагодзьдзяў выраблялі з расейскае мовы неверагодныя шэдэўры думкі і стылю, масы карысталіся зусім іншай расейскай мовай. Зусім ня мовай Гогаля і Буніна. І зусім ня мова Гогаля і Буніна выступае сёньня з экспансіяй на постсавецкай прасторы. Зусім не яна — другая дзяржаўная ў Рэспубліцы Беларусь. Дзе мы з вамі чамусьці не жывем, а «проживаем» — як праядаем запасы, праседжваем штаны, пралятаем міма. Тое самае — з «пройдемте», якое нам кажа службовая асоба — не кудысьці, а ўздоўж чагосьці. У транспарце, у міліцыі мы чамусьці не сядаем на крэсла, а «присаживаемся», хоць адчуваем, што прысаджваць можна малое дзіця, калі адвучваеш яго ад пампэрсаў.

У расейскай мове процьма інтэрнацыянальнай лексыкі, але ёсьць адзін падступны збой. Калі вам у ангельскай, напрыклад, мове пачулася нешта знаёмае, даю сто адсоткаў, што слова будзе значыць нешта крыху ня тое. Гэта такое вельмі тонкае «западло», каб вы ня толькі не маглі здагадацца, пра што кажа англамоўны суразмоўца, але каб здагадаліся пра нешта іншае і канчаткова заблыталіся. Словам, калі ўсім іншым народам інтэрнацыянальная лексыка дапамагае паразумецца, дык расейскамоўных яна дадаткова дэзарыентуе.

Паўтаруся — усё гэта зроблена для дэзарыентацыі патэнцыйнага праціўніка сярод сваіх.

Героі і ворагі


Расейскім героям належыць рэкорд у гісторыі чалавецтва, які наўрад ці калі-небудзь будзе пабіты. Гаворка ідзе пра колькасьць людзей, уласнаручна забітых адным чалавекам. 15 тысяч чалавек сваімі рукамі забіў афіцэр НКВД Васіль Блахін. І блізка не было такіх паказьнікаў ні да нашае эры, ні ў часы сярэднявечнае інквізыцыі, ні нават у гітлераўскіх катоўнях. Калі гэтым можна ганарыцца, дык афіцэрам сёньняшняга КДБ — пераемніка НКВД — ганарыцца ёсьць кім.

А каб вы ня надта з гэтае нагоды перажывалі, трэба сказаць, што ўсе забітыя Васілём Блахіным былі ворагамі народа.

Тэрыторыя


Беларусу, літоўцу ці нават паляку з украінцам увогуле магчыма мысьліць катэгорыяй «мая краіна — мой сусьвет». Можна расказаць, напрыклад, чым характар ракі Страчы роўна на поўначы адрозьніваецца ад характару ракі Сьцьвігі роўна на поўдні, чаму стоячы над высокім берагам у Горадні, хочацца думаць пра гісторыю, а стоячы над высокім берагам у Гомелі — не, там усё перабівае адчуваньне палёту, чаму Берасьце здаецца меншым, чым ёсьць, а Віцебск — наадварот. Словам, усё зьмяшчаецца ў адным сэрцы.

Расея ў адно сэрца ня зьмесьціцца аніяк. І ня толькі таму, што неверагодна вялікая (у адзін Краснаярскі край «улазіць» восем Беларусяў), і не таму, што цяжка неяк сказаць, чым адрозьніваецца быт дагестанскіх аўчароў ад быту якуцкіх аленяводаў (ён адрозьніваецца проста ўсім), і нават не таму, што ў Расеі хапае рэгіёнаў, дзе «ня любяць рускіх» (уявіце такое ў нас), але самае галоўнае ў іншым. Яна настолькі вялікая, што не паддаецца катэгорыям этыкі і эстэтыкі. А гэта значыць, што яе як бы і няма.


Палітыка


Яе як бы і не было апошнія 20 гадоў. Бо ці можна назваць Расеяй тэракты ці аварыі ці разгон Балотнай плошчы ці алігархаў з карупцыяй — усё тое, што мы пра яе чулі кожны дзень увесь гэты час. Нават Алімпіяда прайшла недзе збоку, у ніяк гістарычна ня рускім горадзе Сочы. Словам, суб’ект яе не прамалёўваўся.

Суб’ект праявіўся на сходзе Савету фэдэрацыі з нагоды анэксіі Крыму. Раптам мы пабачылі зьезд КПСС, а гэта і значыць — «рускі мір» ва ўсёй яго паўнаце і суб’ектнасьці. Запрацавалі крытэрыі этыкі і эстэтыкі — для кагосьці радасныя да сьлёз, для кагосьці горасныя да сьлёз. Але Расея зьявілася, заявіла пра сябе, каб ніхто ў сьвеце не спакушаўся ілюзіяй, што яна назаўсёды зьнікла, і каб усе выразна зразумелі, што з гэтым цяпер давядзецца жыць.

Думкі, выказаныя ў разьдзеле «Блогі», перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG