Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сашко Белы загінуў падчас спэцапэрацыі праваахоўнікаў


Аляксандар Музычка

Аляксандар Музычка

Cябра нацыяналістычнай арганізацыі «Правы сэктар» Аляксандар Музычка, вядомы як Сашко Белы, загінуў падчас спэцапэрацыі па затрыманьні ягонага бандфармаваньня.

Спэцапэрацыя па абясшкоджваньні ўзброенай групоўкі на тэрыторыі Ровенскай вобласьці была праведзена ўначы 25 сакавіка, паведаміў журналістам першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Ўладзімер Еўдакімаў. У ёй бралі ўдзел прадстаўнікі ўправы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і спэцпадразьдзяленьня «Сокал».

«У вёсцы каля Роўна ў кавярні „Тры карасі“ яго выявілі і прынялі рашэньне затрымаць. Падчас апэрацыі затрыманыя трое сяброў з групоўкі Сашы Белага, канфіскаваная зброя. Пачуўшы вокрыкі міліцыі, Белы хацеў уцячы праз вакно і адкрыў агонь на паражэньне па „Сокалу“. Першая куля трапіла супрацоўніку „Сокала“ ў перадплечча. Другім стрэлам Музычка трапіў у пагон гэтаму супрацоўніку. Пасьля гэтага супрацоўнік адкрыў агонь па нагах Музычкі. Іншыя супрацоўнікі стралялі ў паветра. Пасьля яшчэ адзін стрэл трапіў у нагу Музычкі, той спрабаваў адстрэльвацца. Праваахоўнікі на той момант былі за сьпінай Музычкі. Калі яго павалілі на зямлю, ён працягваў страляць і быў паранены. Выкліканыя лекары канстатавалі сьмерць Музычкі. У дзеяньнях злачыннай групоўкі выразна праглядаюцца прыкметы бандытызму. Створана ўзмоцненая апэратыўная група для расьсьледаваньня», — цытуе УНН намесьніка міністра.

Трох затрыманых паплечнікаў Музычкі даставілі ў Кіеў на допыт.

8 сакавіка адносна Музычкі распачалі крымінальную справу за злоснае хуліганства і супрацьдзеяньне законнай дзейнасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 12 сакавіка яго абвясьцілі ў вышук.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG