Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект рэзалюцыі Генасамблеі ААН абвяшчае рэфэрэндум у Крыме несапраўдным


Украіна распаўсюдзіла праект рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН, якая абвяшчае несапраўдным нядаўні рэфэрэндум у Крыме аб далучэньні паўвострава да Расеі.

Афіцыйны Кіеў спадзяецца, што распрацаваны Ўкраінай дакумэнт падтрымае большасьць краін-сябраў ААН.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паводле свайго зьместу дакумэнт падобны да праекту рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, заблякаванай Масквой раней у сакавіку.

Дыпляматы ААН паведамілі, што ў новым тэксьце, распаўсюджаным Украінай сярод 193 сябраў ААН, гаворыцца, што рэфэрэндум «ня можа служыць падставай для любой зьмены статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым ці горада Севастопаль».
У выпадку ўхвалы Генэральнай Асамблеяй рэзалюцыя ня будзе мець абавязковы характар. Але калі Ўкраіне ўдасца заручыцца падтрымкай пераканаўчай большасьці сябраў ААН, то, на думку заходніх дыпляматаў, рэзалюцыя можа стаць выразным палітычным сыгналам, што пазыцыя Расеі па Крыме не карыстаецца шырокай падтрымкай у сьвеце.

Плянуецца, што Генэральная Асамблея абмяркуе крызыс ва Ўкраіне ў чацьвер, калі праект, верагодна, будзе вынесены на галасаваньне. Сэнс рэзалюцыі, паводле дыпляматаў ААН, заключаецца ў далейшай ізаляцыі Масквы ў сытуацыі, калі ЗША і Эўропа папярэджваюць аб магчымасьці ўвядзеньня жорсткіх эканамічных санкцый супраць Расеі.
XS
SM
MD
LG