Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў і Масква пагаварылі. На нэўтральнай тэрыторыі


Андрэй Дзешчыца
Андрэй Дзешчыца

Украінскі і расейскі бакі ўпершыню абмеркавалі сытуацыю ў Крыме. Кіраўнікі МЗС дзьвюх краінаў сустрэліся на саміце ядзернай бясьпекі, які пачаўся ў панядзелак у Гаазе.

Нягледзячы на вузкую тэматыку саміту, ўкраінскае пытаньне зьяўляецца адным з ключавых — уплывовыя людзі сьвету абмяркоўваюць расейскую інтэрвэнцыю ў Крым і наступную рэакцыю на гэта міжнароднай супольнасьці.

Ўкраінскую дэлегацыю на саміце ўзначальвае выканаўца абавязкаў міністра замежных спраў Андрэй Дзешчыца. Прэм’ер Арсень Яцанюк напярэдадні адмяніў паездку ў Гаагу, матывуючы гэта неабходнасьцю праводзіць перамовы зь Міжнародным валютным фондам.

Падчас размовы з журналістамі Андрэй Дзешчыца адзначыў, што прыбыў на саміт, каб растлумачыць сытуацыю, якая склалася ва Ўкраіне. Ён адзначыў, што Кіеў працягвае падтрымліваць дыпляматычны шлях вырашэньня расейска—ўкраінскага канфлікту, але Масква пазьбягае прамых кантактаў, а яе намеры непразрыстыя:

«Мы прасілі расейскі бок аб сустрэчы на працягу апошніх трох тыдняў — столькі, колькі працуе новы ўкраінскі ўрад. Лічу, што паколькі мы зь міністрам замежных спраў Расеі абодва знаходзімся тут, шанец на сустрэчу вельмі вялікі», — адзначыў Дзешчыца.

Пасьля стала вядома, што сустрэча ўсё ж такі адбылася, хоць польскі міністар Радаслаў Сікорскі распавядаў, нібыта Сяргей Лаўроў пакінуў залю пасяджэньняў падчас выступу ўкраінскага калегі. Сустрэча працягвалася вока на вока. Па словах Лаўрова, размова адбылася «па просьбе ўкраінскага боку».

«Мы перакананыя, што трэба пачынаць маштабную, пры ўдзеле ўсіх рэгіёнаў Украіны, канстытуцыйную рэформу. Навязаць гэта ўкраінскім дзеячам мы ня можам. Але гэта — наша ацэнка сытуацыі там. Бяз гэтага складана пераадолець глыбокі ўнутраны ўкраінскі крызіс», — заявіў расейскі міністар у Гаазе.

«Нічога новага, старая рыторыка», — напісаў у сваім «Твітэры» па выніках сустрэчы Андрэй Дзешчыца. Парушэньняў з боку Расеі Лаўроў не прызнаў. Заявіў, што падзеі ў Крыме абумоўленыя «неабходнасьцю абараніць расейцаў, якія там жывуць». Падчас свайго выступу на саміце Лаўроў наогул ня згадваў Ўкраіну: засяродзіўся выключна на пытаньнях ядзернай бясьпекі.


Дзеяньні Расеі — пагроза бясьпекі ў рэгіёне — Пан Гі Мун


Тэматыкі саміту на пасяджэньні прытрымліваўся і генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун. Разам з тым ён нагадаў, што Ўкраіна ў свой час паказала прыклад ядзернага раззбраеньня — у абмен на гарантыі бясьпекі.

«У выпадку Ўкраіны, гарантыі бясьпекі былі неабходнай умовай для яе далучэньня да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі. Але апошнія падзеі сур’ёзна падарвалі гарантыі, якія Ўкраіна атрымала ў рамках Будапэшцкага мэмарандума 1994 году», — адзначыў генэральны сакратар ААН.

Наступствы парушэньня Расеяй сваіх міжнародных абавязацельстваў ставяць пад пытаньне бясьпеку ўсяго рэгіёну, дадаў Пан Гі Мун.

Абама пагаварыў пра Ўкраіну зь лідэрам Кітая


Менавіта зь Нідэрляндаў пачаў сваё эўрапейскае турнэ прэзыдэнт ЗША Барак Абама. У Амстэрдаме, куды Абама заехаў перад пачаткам саміту ў Гаазе, ён падкрэсьліў, што Вашынгтон верны падтрымцы Ўкраіны ў сытуацыі, якая склалася.

«Эўропа і Амэрыка адзіныя ў падтрымцы ўраду і народа Ўкраіны, мы адзіныя ў тым, каб прымаць меры па Расеі за яе дзеяньні», — падкрэсьліў Абама.

Напярэдадні саміту аглядальнікі тлумачылі: сустрэча такога ўзроўню дазволіць міжнароднай супольнасьці скаардынаваць далейшую рэакцыю на дзеяньні Расеі. Ці не найбольшая цікавасьць — да сустрэчы Абамы зь яго кітайскім калегам Сі Цзіньпінем. Яе падрабязнасьці невядомыя, але прэзыдэнт ЗША пацьвердзіў, што ўкраінскае пытаньне бакі закраналі.

Дасюль Пэкін устрымліваецца ад падрабязных камэнтароў на тэму расейскай інтэрвэнцыі ў Крым. У прыватнасьці, у адрозьненьне ад іншых краінаў—удзельніц пасяджэньняў Рады бясьпекі ААН па Ўкраіне, прадстаўнік Кітая заўсёды абмяжоўваўся некалькімі рэплікамі, якія, аднак, палягалі ў прызнаньні прынцыпу тэрытарыяльнай цэласнасьці і падтрымцы дыпляматычнага шляху вырашэньня канфлікту.

Тым часам брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмэран ў Гаазе заявіў, што саміт «Групы васьмі», які плянаваўся на чэрвень у Сочы, не адбудзецца. Раней канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла: дзеяньні Расеі ва Ўкраіне азначаюць, што так званай «Групы васьмі» больш не існуе, гэта значыць, Расея — асобна і асобна — «Група сямі». Кіраўнік украінскага МЗС Андрэй Дзешчыца ў Гаазе пажартаваў з гэтай нагоды: калі месца вакантнае, Украіна гатовая яго заняць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG